ivyenews.by

На конкурс “ІК” “Мы помнім”. Апавяданне "Правы лес"

Главное

Мой тата, калі я, яшчэ малалетка, прасіў расказаць, як было ў вайну, адказваў:
- А што гаварыць? Мы набрыдзь перамаглі, сваю зямельку ад яе ачысцілі… Вось і ўсё.
- Ты быў паранены. Дзе, як гэта было? - не задавольваўся я пачутым.
- Было, як і бывае на вайне… - уздыхаў і суровеў тата.

Мне ішоў шосты год. Набліжалася дата дзесятай гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У канцы чэрвеня ля нашай, з бярвёнаў-круглякоў, пабудаванай яшчэ маім прадзедам, хаткі спынілася брычка. З яе сышлі двое.

- Сеня!.. Сеня!.. - паклікала тату мама. Ён, пакуль стаяла паўдзённая жара, прылягаў на гадзінку якую на ложак. - А хто гэта да нас прыехаў? Аднаго знаю. Старшыня Жданук. А хто ж другі?
- А Марысячка! Дык гэта ж Шупеня!.. - адазваўся тата, зіркнуўшы ў вакно, і, вельмі расхваляваўшыся, кінуўся да дзвярэй. А нечаканы госць, бачу, ужо заходзіць у хату. Тата і ён горача абдымаюцца. З вачэй у абоіх коцяцца слёзы.
- Сенька, ты мой выратавальнік, ты нас ад немінучай смерці ўсцярог…
"Во, - думаю, - шанц: пра тату пачуць не ад яго - усё роўна нічога не раскажа, а ад ягонага камандзіра!" І я натапырваю вушы, не спускаю воч з Шупені. Далей да мяне далятае:
- Мы на новае месца ў валізках, мяхах неслі дакументацыю злучэння… Не магчыма нават уявіць, што было б, дастанься яна ворагу…

Наведаў майго тату Сцяпан Пятровіч і напярэдадні дзесяцігоддя Вялікай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне савецкага народа. І я зноў пачуў:
- Сенька! Я ніколі не забуду: ты мой, ты ўсяго нашага партызанскага злучэння выратавальнік… Ты з кулямётам Дзегцярова скакаў, як заяц, імгненна мяняючы пазіцыі. А яшчэ і пару гранат шпурлянуў і ўсё ж дабіў засаду…"

На дварэ была сярэдзіна ліпеня 1975 года. На 9 Мая па ўсёй вялікай краіне адгрымелі ваенныя парады і святочныя салюты Вялікай Перамозе. А 3 ліпеня наша Беларусь славіла вызваліцеляў рэспублікі ад карычневай чумы. У мяне былі канікулы. Да верасня патрэбна было перачытаць процьму вучэбнай, навуковай, мастацкай літаратуры.
- Марыся, Антося ад кніг не адрывай. Самі ўсё паробім. Ён жа ў такой высокай школе вучыцца! Туды не кожнага бяруць. Няхай чытае, каб апошнім не быў, - падслухаў я незнарок татаву "табу" маме. Было гэта напачатку новага тыдня. А надышла пятніца, тату, прыкмячаю, карціць нешта сказаць мне. Раблю выгляд, што мне ўжо хопіць, начытаўся. І чую:
- Антоська! Сонік у лясніцтве дроў купіў. Сабе і нам. На заўтра і паслязаўтра трактар выпісаў у калгасе, хочам прывезці іх. Ты зможаш нам памагчы?
- З задавальненнем, - кажу.
- Але дровы аж на тым баку Нёмана. Будзем паромам пераязджаць, - удакладняе тата.
- Цудоўна! - адказваю. - Пабуду заадно і там, дзе калісьці рыбачыў…
І мне раптам ўспомнілася…

Я, васьмікласнік ужо, сяжу на беразе любай ракі з вудай. Прыбег сюды яшчэ шаранька, адмераўшы нагамі чатыры кіламетры дарогі. А пакуль рыбка на прыманку не клюнула, у галаве тусую і тусую словы, каб свае пачуцці, захапленне ўсім тым, што тут, у мясціне, называемай людзьмі Перакопам, вачыма мілую, душою адчуваю, ды зарыфмаваць. У блакноціку бясконца крэслю, строфы перапісваю наноў. Нарэшце ад радасці ледзь не не ўскрыкваю: "Ёсць!.." І не толькі ў думках, але і ўголас зноў і зноў паўтараю: "Бераг Нёмана ўзнёсся высока над сярэбраным люстрам ракі, у якім паміж лісцяў асокі - я і высі бязмежнай блакіт. І, здаецца, што неба другое разам з Нёмнам плыве ўдалячынь… Вербы шэпчуцца па-над вадою пра далёкія чубкі ялін… Заміраю, стаіўшы дыханне, прагна слухаю музыку хваль, спее ў промнях агністага рання зорка ночы, нібыта міндаль… Раптам песняю звонкай дзявочай калыхнуўся над Нёмнам спакой - аднакласніца берагам крочыць, сонца ў вёдры злавіўшы з вадой…"

Ехаць да парома трактарам будзем не болей паўгадзіны, пераправа займе мінут дзесяць, а там да штабеляў кругляка - рукой падаць", - падлічваю час язды і кіламетраж дарогі. "Не болей як гадзіна. І вёрст дзесяць", - адзначаю сабе.

І вось ужо ў кузаў прычэпа бярвенні нібыта самі ўлятаюць. Я падымаю за камель, брат за верх, тата падштурхвае за сярэдзіну. І паціхеньку-памаленьку наш транспарт напаўняецца з верхам. Неўзабаве ён "лягае" на зваротны шлях. Я сяджу на дровах высока і бачу далёка. Пільнуюся толькі, каб нізка звісаючымі галінамі прыдарожных дрэў мяне незнарок не змяло на дарогу.
Другі дзень дастаўкі дамоў дроў нам быў ужо проста дзіцячым ранішнікам. Працавалі без лішніх слоў. У асноўным дваіх з братам. Тату шкадавалі. У вайну ён быў паранены. І яму ўсё-такі ўжо паўсотні пяць, а мы - у самай што ні ёсць маладой, рызыкоўнай сіле!
І вось ужо пагрузілі ўсё, што было наша. Складку бярвёнаў надзейна замацавалі, я - зноў наверсе. Едзем, едзем... І раптам трактар з'язджае на шырокую абочыну, спыняецца, замаўкае матор. Тата і брат пакідаюць кабіну, ідуць да мяне.
- Злазь спачатку на прычапное. За ланцуг трымайся. А тут ужо саскочыш на землю, -інструкціруе мяне тата. Я ўсё так і зрабіў. Ён прадоўжыў: - Я надумаўся паказаць вам правы лес.
- Які-які? - перапытваю. Тата тлумачыць:
- Правы! Гэта значыць: праведны, боскі…
Заінтрыгаваныя ідзём за татам. Ён нарэшце спыняецца і прыгадвае мне:
- Малым ты не раз прасіў, каб расказаў, як у вайну было. Дык вось, менавіта тут, дзе зараз стаім, нас шалёным агнём сустрэла засада.
- Нас - гэта каго? - пытае Сонік.
- Шупеню, начальніка штаба і двух ягоных памочнікаў. І мяне - іхняга ахоўніка.
- А якога ражна вы тут апынуліся? - дазваляе сабе так выказацца брат. Ён на шэсць гадоў старэйшы за мяне.
- Разведка данесла, што акупанты збіраюць сілы ў кулак, каб разбіць наша партызанскае злучэнне. Таму брыгадам, атрадам камандаваннем было загадана тэрмінова перабазіравацца ў запасны лагер. Мы пераносілі дакументацыю. Дзве валізкі і мех валаклі.
- Сцяпан Пятровіч Шупеня, калі прыязджаў да цябе ў сярэдзіне пяцідзесятых, казаў, што ты, як заяц, скакаў, мяняючы пазіцыі…
- Ён і штабісты нават падняць галоў не маглі - з таго вунь альхоўніка па месцы, дзе яны заляглі, смалілі бесперапынна. Я - па засадзе кароткімі чэргамі біў. Падаўляў надзейна агнявыя ачагі. А патронаў у дыску кулямёта з кожным выстралам заставалася ўсё менш і менш. Вырашаю прымяніць гранаты. І з прыдатнага месца са стойкі з калена, колькі сілы меў, фугануў у бандзюганаў адну, другую… І пасля скалыхнуўшых, здавалася, увесь лес, выбухаў, усталявалася цішыня. Пераканаўшыся, што небяспека мінавала, я даў знак падымацца. З гэтага месца рванулі мы, як ласі. Прыпыніліся, крыху адсапсціся, за метраў пяцьсот. Сцяпан Пятровіч абняў мяне, пацалаваў і ўрачыста прамовіў: "Аб'яўляю падзяку!" А яшчэ дадаў: "Сенька, ты наш выратоўца… ". Прыемна, радасна было. Па ўсёй логіцы вайны мы павінны былі загінуць, а засталіся жыць. Я ў думках дзякаваў лёсу, і - лесу таксама. І ён нас ратаваў. Засланяў ад варожых куль, прадастаўляў выгадныя пазіцыі. Вось і назваў я яго тады правым…
- А паранены не тут быў? - пытае у таты Сонік.
- Не. Вясной сорак чацвёртага. Прарывалі тады блакаду…

Вярталіся мы да "лесавоза" моўчкі. Я зноў усчарапкаўся на бярвёны. "Ездзіць мне высока і бачыць далёка - не інакш, як на добры жыццёвы лёс - з'іранізаваў у думках з сябе. - Ды сёння, у адрозненні ад учора, перад маімі вачыма будуць праплываць не толькі родныя і мілыя сэрцу краявіды, але і - той ярасны бой таты з засадай, які ён выйграў у адзіночку адвагай і ўменнем, кемлівасцю ў свае ўсяго дваццаць тры гады. І з гэтага дня мне заўсёды будзе помніцца правы - праведны, босскі - ягоны лес…"

Тата пайшоў з жыцця раптоўна ўвесну, пражыўшы ўсяго семдзесят два гады. Але не верыцца, што ён памёр. Яго проста няма побач. Ён зараз пэўна што ў правым лесе. Камандзір партызанскага злучэння "Шчучынскае" яго абнімае, прыгаворваючы: "Сенька, ты мой, ты наш выратоўца", і слёзы ў вачах у абоіх…

Антон ПІЛІПЧЫК.

Читайте ещё:



Оставить комментарий