У Юрацішкаўскім аддзеле культурна-масавай і асветніцкай работы адбылося цікавае мерапрыемства, арганізаванае па ініцыятыве Марыі Мікалаеўны Васюкевіч і Іўеўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Аб сваіх захапленнях, сваёй працы расказалі былыя настаўнікі Юрацішкаўскай СШ Галіна Паўлаўна Дуніч і Антаніна Іванаўна Гурына. Столькі прыгажосці ў адным месцы не кожны дзень і спаткаеш…
Цікавыя музычныя нумары падрыхтавалі работнікі культуры з Юрацішак. Музычнае суправаджэнне мерапрыемства забяспечыў Мікалай Іванавіч Бакуновіч.
Спецыяльна да наведвальнікаў клуба была падрыхтавана выстава творчасці былых настаўнікаў. Таксама адбылася сустрэча з малалетнім вязнем Людмілай Карлаўнай Абрамовіч.
Вышывала долю беларуса
Многія з нас хацелі б пачуць галасы сваіх продкаў, пазнаць, аб чым думалі нашы дзяды і прадзеды. Гэта магчыма ажыццявіць пры дапамозе тканых і вышытых вырабаў, якія захаваліся да нашага часу. Калі ўважліва прыглядзецца да гэтых узороў, то можна ўбачыць у іх мары, надзеі, добрыя пажаданні родным і блізкім, пачуцці шчасця і смутку і многае іншае. Менавіта ўзор рушніка дазваляў беларусам выдзяляцца сярод іншых народаў.
Галіна Паўлаўна Дуніч расказвала аб тым, што матулін рушнік - гэта прыгожая дарога ў свет для юнака ці дзяўчыны. Яна прывезла з Турава ад свацці 18 рушнікоў, з гэтага і пачалося захапленне вышыўкай. З цеплынёй гаварыла аб тым, што ў кожным вытканым сантыметры тканіны, у кожным узоры захоўваецца глыбокі сэнс. Вось гэты арнамент аберагаў беларусаў ад зла, а гэты быў зваротам да Бога аб міласці і абароне, - і кожны з іх расказваў пра чалавека, яго выткаўшага.
На працягу шэрагу гадоў вучні пад кіраўніцтвам Г.П. Дуніч даследавалі ўзоры, пісалі ў час цікавыя работы, вывучалі сімвалы і арнаменты. Калектыўна зрабілі калекцыю такіх арнаментаў - у рамачцы, пад шклом. Гэтыя экспанаты не раз былі на розных выставах. Дапамагла вышыць значную іх частку сяброўка Антаніна Гурына.
"Вось гэта не кветачка, - паказвала Галіна Паўлаўна арнамент. - Гэта душа чалавека. Вось - крылы матылька... Вышывалі душу беларуса, аберагалі чалавечую душу ад розных напасцей.
Напрыклад, сімвал закаханых - галубкі. Калі галубкі глядзяць адзін на аднаго - каханне толькі пачынаецца. Калі кветачка паміж птушак - каханне ў росквіце. Калі галубкі глядзяць ў розныя бакі - роспач паміж каханымі.
Вось дабрабыт селяніна паказаны завітушкамі-рагулінамі. Калі ў хаце ёсць быкі, кароўка, коні -будзе дабрабыт.
Сімвал маці, як і берагіні, - часцей за ўсё сустракаецца на нашых рушніках. Хацелі вышывальшчыцы паказаць сваю любоў і спагаду да бацькоў, да радзімы, да роднага краю”.
У кожнай - сэнс і душа
Цікава Галіна Паўлаўна расказала і пра сваю калекцыю лялек.
Даследчая праца пра беларускія лялькі напісана ёю разам з вучнямі. Быў калісьці і лялечны тэатр у школе. А ў 60-гады прыйшлі на змену фабрычныя лялькі, страцілася цікавасць да самаробных. Але магічны сэнс захаваўся ў ручных ляльках, у фальклорных працах мастакоў.
Такім мастаком, без сумненняў, і з'яўляецца Галіна Паўлаўна Дуніч.
У кожным вырабе яе рук можна знайсці той нейкі магічны сэнс, які быў вякі назад. Гэтыя лялькі значна прыгажэй за сучасныя Барбі.
Вось - берагіня. Яе не паказвалі суседзям, чужым людзям, хавалі ў куфэрку.
А вось гэтую ляльку дзяўчына, выходзячы замуж, брала з сабой ў сям'ю мужа.
Вось лялька-вядучка - лялька на адной руцэ. Гэта - і маці, і хросная, гэта - агульны сімвал мудрасці.
Ляльку-неразлучніцу рабілі сяброўцы, якая выходзіла замуж, жадалі ёй гэтым падарункам трывалага шлюбу.
Вось лялька - жніўніца. Рабілі яе ў час жніва: каб не растраціць багацце - такім было пажаданне гэтага абярэгу.
Якія толькі назвы ў беларускіх лялечак! Вось Параскева-пятніца, лялька-куватка, лялька-зязюля, лялька-пяціручка - гэта ці не сімвал многіх сямейных жанчын?!
Лялька Багач - гэта ўжо мужчынскага роду, больш рэдкая з'ява, сімвалізаваў багач багацце і дабрабыт у сям'і. Заўсёды стаялі такія лялькі каля ікон. І ўсіх іншых лялек не пералічыць. Іх рабілі на ўсе выпадкі жыцця.
Дзякуючы прыгожай ляльцы, сапраўдную майстрыху можна было смела браць замуж.
- Цяпер чалавек адарваўся ад сваіх каранёў. Вярнуцца да вытокаў нам і дапамагаюць беларускія лялькі, - гаворыць Г. Дуніч.
У апошні час пачала Галіна Паўлаўна займацца гузікамі, дапамаглі сяброўкі набыць рэквізіт, дачка з Італіі прыслала. І атрымаліся прыгожыя пано. З вялікім сэнсам - як і іконы яе вырабу, як і лялькі.
Усе лялькі рабіліся Галінай Паўлаўнай у большасці выпадкаў гадоў 20 назад, не было тады ў інтэрнэце малюнкаў, кніг у гэтым напрамку. Бралі ідэі ў друку, часопісах, расказвалі пра свае лялькі старэйшыя людзі. Цяпер людзі дзеляцца прыгажосцю. Але тое, што прыдумвалі на працягу 20 гадоў, стала яшчэ больш каштоўным.
Вельмі прыгожыя іконы з выкарыстаннем бісерапляцення таксама зроблены рукамі Г.П. Дуніч.
Іконы ей дапамаглі, калі цяжка захварэла. Сілы знаходзіла, дзякуючы сяброўкам, сям'і, мужу. Калі хварэла - малілася. У творчасці забывалася пра боль.
Упэўнена, чалавек павінны ачысціць цела і душу. Калі вышываеш ікону - ачышчаешся, просіш жыцця, здароўя.
Хтосьці сказаў: веліч чалавека ў тым, што ён схіліў калені перад Богам. І таму атрымліваліся ў майстра вось такія цудоўныя іконы.
Многіх памочнікаў мела Галіна Паўлаўна ў лялечнай справе і іншых відах творчасці. Дачка Караліна, якая цяпер у Амерыцы, дапамагала. Пэўна расказвала аб сваім захапленні амерыканцам. Вучаніца Галіны Паўлаўны Насця паказвала лялькі на канферэнцыі, калі вучылася. Рабіла свае падобныя. Святлана Лямза таксама была таленавітай дапаможцай.
У "Настаўніцкай газеце" быў цікавы матэрыял пра юрацішкаўскія лялькі. Ёсць яны, падараваныя майстрам, у Іўеўскім музеі нацыянальных культур і яшчэ шмат дзе.
Аб сваіх ляльках мастак не аднойчы расказвала людзям, здымалі тэлевізійную перадачу, калекцыю паказвалі на выставах, рабілі майстар-класы.
Галіна Паўлаўна ўзнагароджана многімі дыпломамі абласнога і рэспубліканскага значэння, у тым ліку пасведчаннем аб узнагароджанні трэцяй прэміяй спецыяльнага фонда Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.
"Крыніца розуму і таленту", - так сказала аб майстры Марыя Мікалаеўна Васюкевіч.
І з гэтым нельга не пагадзіцца...
Уладзімір ПОБАЛЬ.
Фота Станіслава ЗЯНКЕВІЧА.