Вы калі-небудзь задавалі сабе пытанне, якое было б наша жыццё без навуковых дасягненняў? Як змянілася б гісторыя Беларусі без такіх уплывовых персон, як Ігнат Дамейка, Іван Чэрскі, Соф'я Кавалеўская? Цяжка сказаць, але ясна адно - усё было б інакш. Гэтыя выхадцы Беларусі ўнеслі вялікі ўклад у развіццё беларускай культуры, ды чалавечага роду ў цэлым. Яны змянілі наша ўспрыманне свету ў значнай ступені.
Наша краіна атрымала сваё развіццё яшчэ з далёкіх часоў. Усім вядомы нашы землякі: Еўфрасіння Полацкая (па яе загаду быў зроблены крыж, сама складала песні і дапамагала нямоглым), Францыск Скарына (у 1517 годзе ўпершыню выдаў Біблію на старабеларускай мове для "людзей паспалітых да добрага навучэння"), Яўстафій Тышкевіч (стваральнік Віленскай археалагічнай камісіі і Музея старажытнасцяў у Вільні). Няма сумненняў, на беларускіх землях жылі цікавыя асобы, якія вядомы ў шырокіх колах. Безумоўна, яны паклалі пачатак станаўлення беларускай пісьменнасці, культуры і навукі. Менавіта яны падпіхнулі сваіх папярэднікаў на стварэнне чагосьці новага.
Перанясёмся ў наш час. Наша краіна развіваецца ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі. Пераканацца ў гэтым не складае аніякіх намаганняў. Дасягненні беларускіх навукоўцаў у розных абласцях фундаментальнай і практычнай навукі прызнаны сусветнай супольнасцю. За адносна невялікі прамежак часу ў краіне атрымалася стварыць дзеяздольную нацыянальную інавацыйную сістэму.
Вялікім дасягненнем можна лічыць запуск 22 ліпеня 2012 года беларускага спадарожніка дыстанцыйнага зандавання Зямлі, распрацоўка лазераў новых пакаленняў (сфера ўжыванне даволі шырокая - ад медыцыны да прамысловасці; яны з'яўляюцца больш бяспечнымі, чым традыцыйныя), распрацоўка прылад для аптычнай дыягностыкі ракавых пухлін і шмат чаго іншага.
Навука стварае цуды амаль кожны дзень. Гаворачы пра апошнія дасягненні навукоўцаў патрэбна сказаць: тое, што раней было неймаверным, зараз з'яўляецца часткай нашага жыцця. Навука ўплывае на кожнага з нас кожны дзень з моманту, калі мы прачынаемся і да позняй ночы.
Немагчыма не ўспомніць пра родную Іўеўшчыну! Хоць наш горад і невялікі, але падарожнічаючы па гісторыі нашай радзімы, можна даведацца пра цікавых людзей, якія ўнеслі значны ўклад у гісторыю беларускай навукі.
Эдуард Іосіфавіч Баршчэўскі - беларускі дыпламат, працаваў у Міністэрстве замежных спраў СССР. Міхаіл Вікенцьевіч Васілючак - беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук. Георгій Міхайлавіч Грыбаў - кандыдат філасофскіх навук. Станіслаў Грынюк - польскі навуковец у галіне агульнай і сасудзістай хірургіі, доктар медыцынскіх навук. Мікалай Іванавіч Пазняк - беларускі навуковец у галіне афтальмалогіі, доктар медыцынскіх навук. Гэты спіс можна працягваць яшчэ доўга…
Мы павінны ганарыцца нашымі землякамі. Магчыма, без іх наша жыццё не было б той палепшанай версіяй, якая ёсць цяпер.
Мы часта ставім сабе пытанне: геніямі нараджаюцца ці становяцца? Мяркуючы па шматлікіх прыкладах, можна выказаць здагадку, што прыроджаны талент з'яўляецца ключавым элементам поспеху. Але шлях да поспеху часцей за ўсё цярністы.
К. САЛЕЙ,
гімназія №1 г. Іўе.