ivyenews.by

Першы нацыянальны скарб.У Бакштаўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе праходзіў тыдзень беларускай мовы і літаратуры

Образование

Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму — на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць — калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны — гэта родная мова.

Змітрок Бядуля

21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы! З гэтай нагоды з 21 па 26 лютага ў Бакштаўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе праходзіў тыдзень беларускай мовы і літаратуры.

Тыдзень пачаўся з акцыі «Пад небам беларускага слова», якая паказала любоў падлеткаў да роднай мовы, іх захапленне прыгажосцю і мілагучнасцю беларускага слова. Працягвалася гутарка пра мову на адзінай тэматычнай інфармацыйнай гадзіне “Смак роднай мовы”. “Купалаўскі дыктант” аб’яднаў не толькі настаўнікаў, але і ўсіх работнікаў установы адукацыі, якія змаглі адчуць смак роднай мовы, паспрабаваць свае сілы ў валоданні нормамі беларускага правапісу, напісаўшы тэкст “У купалаўскім парку”.

 

У 2022 годзе спаўняецца 140 год з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. З гэтай нагоды песнярам беларускага слова было прысвечана шэраг мерапрыемстваў. У рамках тыдня беларускай мовы і літаратур 16 лютага навучэнцы 6-11 класаў здзейснілі экскурсію ў філіял “Яхімоўшчына” Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Гэта адзінае “гняздо” пісьменніка, якое не разбурылі ні час, ні людзі. Навучэнцы даведаліся пра працу Янкі Купалы на бровары і пачатак яго творчасці, пра сувязь паэта з газетай “Наша ніва”. Школьнікі нібы акунуліся ў тагачасную атмасферу, калі прайшліся па будынку, у адным з пакояў якога жыў малады паэт і дзе зараз размяшчаецца экспазіцыя філіяла музея.

"Каб кожны Коласа пачуў" пад такім дэвізам прайшоў другі дзень тыдня беларускай мовы і літаратуры. 22 лютага васьмікласнікі прынялі ўдзел у гульні “Хто хоча стаць дзесяцібальнікам?”, прысвечанай адной з зорак першай велічыні на небасхіле беларускай літаратуры Якубу Коласу. У ходзе мерапрыемства навучэнцы змаглі паглыбіць свае веды пра беларускага песняра і яго творчасць. Затым навучэнцы пазнаёміліся з выставай у бібліятэцы “Волаты нацыянальнай літаратуры”, прысвечанай 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Ужо больш за стагоддзе людзі захапляюцца чысцінёй, мілагучнасцю і непаўторнасцю паэзіі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Таму 25 лютага ва ўстанове адукацыі прайшоў конкурс чытальнікаў твораў беларускіх песняроў ”Без іх імёнаў я Беларусь не ўяўляю“. Усе прысутныя ўпэўніліся, што час не мае ўлады над творчасцю Янкі Купалы і Якуба Коласа.

 “Не проста ў словы я гуляю – на роднай мове размаўляю” – пад такім дэвізам прайшоў Літаратурны КВЗ, удзельнікамі якога сталі вучні 6, 8 і 9 класаў. Школьнікаў чакалі конкурсы “Літара заблудзілася”, “Скарагаворкі”, “Перакладчык”, “Складзіце з літар новыя словы”, “Прыказкі”, “Загадкі-жарты”, “Наадварот”, “Разгадайце метаграмы”. Дзеці, раздзяліўшыся на дзве каманды, дэманстравалі свае веды па беларускай мове і літаратуры, у конкурсах праяўлялі кемлівасць, памяць і лагічнае мысленне. З цікавасцю і захапленнем 23 лютага навучэнцы 6, 7, 8, 9 класаў прынялі ўдзел у конкурсе крыжаванак, рэбусаў “Скарбонка мудрасці”.

А вось навучэнцы пачатковых класаў далучаліся да духоўных скарбаў народа праз удзел у конкурсе “Знаўцы роднай мовы” (2 клас), у гульні "Востраў “ГУЛЬНЯСЛОЎ” (3-4 класы), практыкуме “Размаўляем па-беларуску” (1 клас). Дзеці адгадвалі беларускія народныя казкі, загадкі, успаміналі прыказкі і прымаўкі, чыталі вершы на роднай мове, гулялі ў беларускія народныя гульні, ўспаміналі беларускія прыказкі і прымаўкі, разважалі над пытаннем "Чаму неабходна ведаць сваю родную мову і ставіцца да яе з павагай?"

Каваленка А.М.,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры.

Читайте ещё:



Оставить комментарий