Завяршыўся Тыдзень беларускай мовы і літаратуры.
Настаўнікамі-моваведамі запланавана і праведзена шмат цікавых мерапрыемстваў, падчас якіх гучалачароўнае і непаўторнае беларускае слова. Гэта “Купалаўскі дыктант” для вучняў 5-8-ых класаў, пазнавальны калейдаскоп “Падарожжа з Несцеркам у Краіну роднай мовы” для вучняў 3-4-ых класаў, віктарына “Скарбы роднага краю” для вучняў 9-ых класаў. Старшакласнікі наведалі літаратурную гасцёўню “Мудрэц. Дарадчык. Паэт”, прысвечаную 85-годдзю з Дня нараджэння М.Стральцова. Школьны музей прыняў вучняў 8-ых класаў на квэст “Дарогамі Іўеўскага краю”. Увазе навучэнцаў была прадстаўлена тэматычная рубрыка “Роднаму слову гучаць вечна!”, інфармацыйны бюлетэнь “Пісьменнікі-юбіляры”, кніжная выстава “Беларуская кніга – дзецям”.
А самым запамінальным стала святкаванне Дня роднай мовы. Раніца святочнага дня пачалася з віншавальнай хвілінкі “Свята роднай мовы”.У фае школы гучала цудоўная беларуская музыка, а вучняў і настаўнікаў гасцінна сустракалі дзяўчынкі ў нацыянальным адзенні, чыталі вершы, дарылі сувенірныя паштоўкі.Дзень роднай мовы асаблівы для кожнага чалавека. А.Разанаў пісаў, што “кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор – мова”.
Вельмі прыемная атмасфера адчувалася на працягу ўсяго прадметнага тыдня. Праведзеныя мерапрыемствы былі цікавымі і займальнымі. Ад шчырых усмешак, цёплых і лагодных слоў на роднай мове ў школе было ўтульна і па-сапраўднаму святочна.
Давайце разам захаваем родную беларускую мову!
Разалія Сулейманаўна Сафарэвіч,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Іўеўскай сярэдняй школы.