ivyenews.by

З роднай мовай на "ты". У Суботніцкай СШ прайшоў тыдзень беларускай мовы

Образование

З 19 па 23 верасня ў Суботніцкай СШ прайшоў тыдзень роднай мовы  “Як ты дорага мне, родная мова!”.

Распачаўся тыдзень з лінейкі, на якой быў абвешчаны план і правілы ўдзелу. Вучні наведалі выставу кніг “Сэрцам роднага слова краніся”, прысвечаную творчасці пісьменнікаў-юбіляраў, а таксама пазнаёміліся з літаратурнымі навінкамі.

Паглыбіць свае веды аб майстрах беларускага слова школьнікі змаглі падчас літаратурнай гасцёўні “Янка Купала і Якуб Колас”, “Чытаем Максіма Танка разам”, віртуальнай экскурсіі “Дарогі да творчасці”. Вялікая ўвага надавалася не толькі пазнанню роднай мовы і літаратары, але і культуры Беларусі, яе маляўнічым краявідам.  Для вучняў быў арганізаваны прагляд  беларускіх мультфільмаў, батлейкі, музычныя перапынкі “Дыскатэка па-беларуску”, выстава-конкурс дзіцячай творчасці “Пад небам сінім”.

Багаты тыдзень быў на конкурсы, якія раскрываюць і развіваюць творчыя задаткі  школьнікаў: конкурс творчых пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю”, конкурс чытальнікаў “Чытаем вершы пра родную мову”.

Прызнацца ў любові сваёй роднай мове вучні змаглі праз прэзентацыю пажаданняў  “Пажаданні роднай мове”. На рознакаляровых далоньках школьнікі пажадалі дабрыні,  дабрабыту, шчаслівага лёсу, працвітання, пашырэння ва ўжыванні.

У рамках акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску” праведзена апытанне “Дзве цукеркі, або Далучыся да народнай мудрасці”,  якое выявіла веданне школьнікамі прыказак  і прымавак. Той, хто здолеў закончыць прапанаваную прыказку, атрымаў салодкі пачастунак ад Васілька і Васілінкі.

Сваю актыўнасць навучэнцы праявілі ў анлайн-чэленджах “Льецца мова” і “Мова краіны маёй”, старанна папрацавалі пры стварэнні інтэрактыўных воблакаў слоў “Маё любімае слова па-беларуску”. Квэст-гульня “Фальклор, фальклор – душа народа” стала цікавым, займальным момантам тыдня. Дзеці з задавальненнем шукалі падсказкі, выконвалі прапанаваныя заданні.

Ярка, запамінальна, смачна прайшоў гастранамічны  фэст  “Беларуская кухня”, падчас якога школьнікі з задавальненнем прэзентавалі падрыхтаваныя дома справы, частавалі ўсіх жадаючых.

Веды, цікаўнасць і добры настрой забяспечылі поспех праведзеных мерапрыемстваў. Вынікі падведзены, узнагароды знайшлі сваіх пераможцаў. Актыўны ўдзел вучняў ва ўсіх мерапрыемствах тыдня стаў самай лепшай падзякай арганізатарам.

Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры.

Читайте ещё:



Оставить комментарий