Памёр пясняр… а песня будзе жыць.
Я. Купала
У рамках пілотнага праекта вучні 10 класа Геранёнскай СШ наведалі філіял музея Я. Купалы ў в. Вязынка. Менавіта тут, у колішнім маёнтку Замбжыцкіх, у вёсцы Вязынка нарадзіўся народны пясняр Беларусі Я. Купала. На тэрыторыі запаведніка захаваліся рэшткі былога маёнтка Замбжыцкіх: хатка, дзе жылі дваравыя (прыбіральнікі двара), свіран, стары сад, валуны, з высечанымі на іх радкамі з твораў Я. Купалы.
Кожны экспазіцыйны комплекс суправаджаецца радкамі твораў паэта.
Вучні з захапленнем слухалі аповед пра сям’ю Луцэвічаў, іх радаслоўную, побыт, традыцыі, якіх прытрымлівалася сям’я.
Асаблівую цікавасць у вучняў выклікаў інтэр’ер пакоя: печ, люлька, у якой гушкалі маленькага Яся, драўляныя хадункі, высокі ложак…
А яшчэ нам пашчасціла наведаць выставу карцін “Мой родны кут” мастака-педагога, члена Міжнароднай гільдзіі жывапісцаў, члена Еўрапейскай мастацкай садружнасці Данілава Віктара Мікалаевіча.
На памяць аб сустрэчы Віктар Мікалаевіч падараваў буклет з працамі, прадстаўленымі на выставе.
Папоўненыя веды аб жыцці і творчасці Я Купалы, атмасферу цеплыні, подых даўніны прывезлі з радзімы песняра вучні Геранёнскай СШ.
І.Барысевіч ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Гераненскай СШ