ivyenews.by

Мой сцяг - зямлі маёй краса і слава…

Главное

Напярэдадні Дня Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, якое адзначаецца штогод у другую нядзелю мая, у бібліятэцы Іўеўскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя прайшло мерапрыемства "Беларусь - наша Радзіма".

Спачатку навучэнцы ліцэя паглядзелі відэапрэзентацыю "Гербы і сцягі Беларусі", азнаёміліся з вялікай тэматычнай выставай літаратуры. Затым бібліятэкар  Таццяна Шаўчук нагадала навучэнцам гісторыю гэтых атрыбутаў дзяржаўнай сімволікі.

Калі з'явіўся першы сцяг, невядома. Але самы старажытны сцяг, які захаваўся да нашых дзён, налічвае 5 000 гадоў. Ён складаецца з дрэўка, да якога ў самым версе (каб было відаць усім, у тым ліку падчас баёў) прыладжана металічная пласціна з выявамі львоў, бостваў і іншых сімвалаў. Тканіну для сцяга першымі прымянілі, хутчэй за ўсё, кітайцы, яны выкарысталі шоўк. Калі з'явіліся караблі, здольныя на дальнія плаванні, на іх сталі таксама падымаць сцягі - каб іх можна было распазнаць на вялікай адлегласці. У Еўропе сцягі сталі ў вялікай колькасці з'яўляцца ў XII стагоддзі, але рыцарам, гільдзіям, воінскім часцям і іншым дазвалялася іх выкарыстоўваць толькі ў пэўных абставінах.

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь прадстаўляе сабою прамавугольнае палотнішча чырвонага і зялёнага колераў з вертыкальна размешчаным беларускім арнаментам чырвонага колеру на белым полі. Чырвонаму колеру славяне заўсёды надавалі асаблівае значэнне, гэта колер сцягоў Чырвонай Арміі і беларускіх партызан. Зялёны сімвалізуе старажытнае племя дрыгавічоў,  колер лясоў і палёў, вясны, надзеі і адраджэння. Белы - святло паўдзённага сонца, сімвал духоўнай чысціні беларусаў, іх гасціннасці. У аснове арнамента - знойдзены ў архівах узор "Узыходзячае сонца", вытканы яшчэ ў 1917 годзе беларускай сялянкай Матронай Маркевіч. Галоўны элемент - ромб у цэнтры - старажытны сімвал узыходзячага сонца, яго яшчэ называюць "ключом ад шчасця". Фігуры справа і злева ад ромба - сімвал дабрабыту і багацця, дзве крыжападобна пераплеценыя лініі з чатырма кропкамі паміж імі абазначаюць засеянае поле. Злучаныя парамі ромбы зверху і знізу ад арнамента - сімвал прадаўжэння жыцця, паміж імі і цэнтральнай фігурай ідуць лініі з чатырох прамавугольнікаў з рысачкамі - пажаданне, каб усё, аб чым просіць чалавек, спраўдзілася.

Слова "герб" у перакладзе з нямецкай мовы абазначае "спадчына", гэта сімвалічная выява, якая адлюстроўвае гістарычныя традыцыі дзяржавы і народа. Папярэднікамі гербаў можна лічыць татэмы першабытных плямёнаў. Гербы, блізкія па форме да сучасных, з'явіліся ў Сярэднявеччы, першым лічыцца шчыт з шасцю залатымі львамі на блакітным полі, які атрымаў ў XII стагоддзі Жафруа Анжуйскі. Распаўсюджвацца гербы пачалі ў сувязі з тым, што з'явіліся шлемы, якія закрывалі твары воінаў. Менавіта на гэтыя шлемы яркімі фарбамі, каб было відаць здалёк, хто гэты воін, наносілася выява герба.

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабою зялёны контур нашай краіны, накладзены на залатыя прамяні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Контур - гэта сімвал тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны, якой не патрэбна чужая зямля, але сваю пры неабходнасці яна зберажэ і абароніць. Прамяні - гэта сонца, якое ўзыходзіць над зямлёй - блакітнай і зялёнай, якой яе ўбачылі з касмічнай арбіты сыны беларускай зямлі Пятро Клімук і Уладзімір Кавалёнак. Пяціканцовая чырвоная зорка ўверсе сімвалізуе гуманізм і адначасова абарону сваёй Радзімы, да якой гатовы кожны беларус. Вянок са спелых жытнёвых каласоў - сімвал славы,  перамогі, а таксама знак памяці і непарыўнай сувязі сучаснікаў з продкамі, жыта - сімвал самога жыцця, урадлівай зямлі, ласкавага сонца і чалавечай працы. Справа вянок пераплецены кветкамі канюшыны, што здаўна была лепшым кормам для жывёлы і сімвалізавала дабрабыт беларуса, злева - кветкамі лёну, які з'яўляецца знакам дабра і дастатку. Каласы абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой знізу размешчаны надпіс золатам "Рэспублiка Беларусь".

 

І. БУТУРЛЯ.

Читайте ещё:



Оставить комментарий