Лепшае, што здараецца з намі ў жыцці, - гэта нараджэнне дзяцей. Менавіта толькі дзякуючы дзіцяці мы можам спазнаць сапраўднае пачуццё чалавечага шчасця.
Сучасныя жанчыны імкнуцца рэалізаваць сябе не толькі ў прафесійнай сферы, шлюбе, сямейным жыцці, але і ў галоўным сваім прызначэнні - быць мамай.
Стала выдатнай традыцыяй у маі, месяцы Марыі - жанцыны свету, якая дала і дае прыклад жыцця для кожнай жанчыны, у касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла праводзіць імшу за маленькіх, нядаўна народжаных дзетак. Ініцыятарам і арганізатарам такой незвычайнай сустрэчы ўжо сем год запар стаў ксёндз Ян Гавецкі.
16 мая, у панядзелак, з'ехаліся да касцёла ў сваіх калясках-"экіпажах" самыя маленькія парафіяне са сваімі мамамі і татамі, старэйшымі брацікамі і сястрычкамі, бабулямі і дзядулямі. У касцёле было святочна і ўрачыста, весела і шумна.
Пад час святой імшы ўсе дзякавалі Богу-творцу за дар мацярынства, дар любові і шчасця, маліліся за здароўе і добры лёс для сваіх дзетак, прасілі ласкі і апекі Маці Божай на кожны дзень нашага жыцця. Усе дзеці атрымалі благаславенне ад ксяндзоў і медальёны на каляску. Сапраўдным сюрпрызам сталі падарункі, падрыхтаваныя для ўсіх маленькіх парафіян. І яшчэ адзін хвалюючы момант - агульная фатаграфія ўдзельнікаў імшы.
Незабыўныя ўражанні ад такой урачыстай сустрэчы надоўга застануцца ў памяці. Хочацца выказаць словы шчырай падзякі за праяўленую ўвагу і перажытыя шчаслівыя хвіліны ксяндзу Яну, пробашчу парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі, ксяндзу Віталію, ксяндзу Алегу і іншым. А яшчэ хочацца спадзявацца, што такая прыгожая традыцыя - імша за маленькіх дзетак - будзе мець працяг.
З удзячнасцю і павагай
ад усіх удзельнікаў імшы,
Л. БАКУН.