ivyenews.by

Сустрэча з чытачамі для нас — свята!

Главное

Вядома, сёння ў людзей ёсць вельмі шмат магчымасцей для таго, каб валодаць жадаемай інфармацыяй. Акрамя друкаваных выданняў, тэле- і радыёканалаў, актыўна працуюць інтэрнэт-газеты. Таму канкурэнцыя ў медыйнай сферы яшчэ якая! За кожнага свайго патэнцыяльнага чытача ці падпісчыка трэба яшчэ і пазмагацца. У першую чаргу, якасцю сваёй дзейнасці. Па-другое, мы, як і любая кампанія, можам рэкламаваць свой прадукт. У дадзеным выпадку - газету.

Аднак, як бы там ні было, кожны Дзень падпісчыка для нас - супрацоўнікаў рэдакцыі - гэта свята. Мы вельмі рады сустрэцца са сваімі чытачамі, вельмі ўдзячны ўсім, хто выпісвае "раёнку", хто прыходзіць, каб сустрэцца і пагутарыць з журналістамі, падказаць цікавую тэму, ды і проста расказаць аб сваім жыцці-быцці.

Вельмі прыемна, калі падчас такіх мерапрыемстваў падыходзяць людзі і проста, шчыра, па-чалавечы дзякуюць за нашу працу. Гавораць, што газету чакаюць з вялікім нецярпеннем, чытаюць яе ад першай да апошняй старонкі, ведаюць па першых сказах, па стылі, хто аўтар публікацыі. Такіх удзячных чытачоў нямала давялося сустрэць у паштовым аддзяленні аграгарадка Геранёны, дзе праводзіўся Дзень падпісчыка. Сябрамі нашага выдання мы па праву можам лічыць Т. Гурскую, Л. Кульніс, Г. Дудойць, Л. Сазонаву, а яшчэ В. Часнаковіча. Да гэтага чытача мы прыехалі нават дадому. Работнікі паштовага аддзялення нам паведамілі, што такога зацікаўленага чытача наўрад ці можна знайсці. І яны не памыліліся. Віктар Баляслававіч быў незвычайна рады бачыць тых, каго ён ведаў толькі па газетных радках. "Іўеўскі край" ён выпісвае больш 30 гадоў і заўсёды  з вялікім нецярпеннем чакае выхаду ў свет кожнага нумару. Гаворыць, што вельмі падабаюцца яму матэрыялы гістарычнага кшталту. І ўвогуле, усе тэмы, якія журналісты "раёнкі" асвятляюць, прыходзяцца яму даспадобы. Паколькі мужчына з-за хваробы не можа прысутнічаць на якіхсьці мерапрыемствах, то газета з'яўляецца яму своеасаблівым правадніком у свет.

 

Шмат добрых і цёплых слоў у гэты дзень мы пачулі ў адрас жыхаркі аграгарадка Геранёны Алены Іванаўны Смалянічэнка, якая, можна сказаць, даўно з'яўляецца пазаштатным аўтарам "Іўеўскага краю". Шмат матэрыялаў яна прысвяціла гісторыі геранёнскага краю, людзям, якія працуюць і жывуць на гэтай зямлі, падзеям, якія тут адбываюцца.

Безумоўна, без якаснай работы паштавікоў цяжка ўявіць канечны прадукт нашай працы. А ў геранёнскім аддзяленні паштовай сувязі, якое ўзначальвае Валянціна Янаўна Пашуль, мы сустрэлі сапраўдных нашых аднадумцаў: паштальёнаў Галіну Браніславаўну Русакевіч, Таццяну Францаўну Більдзь, Галіну Станіславаўну Валчок. Жанчыны не толькі дастаўляюць газету да чытача, а займаюцца правядзеннем падпіскі. Працягласць даставачнага ўчастка складае  57 км. У месяц падпісчыкі атрымліваюць 5800 газет, 800 часопісаў.

Самых актыўных падпісчыкаў рэдакцыя газеты заахвоціла невялікімі падарункамі. У сваю чаргу, прадстаўнік раённага вузла паштовай сувязі Людміла Вячаславаўна Хількевіч уручала прызы тым, хто ў гэты дзень выпісаў больш двух рэспубліканскіх выданняў.

Такое ж мерапрыемства - Дзень падпісчыка - прайшло днём пазней у паштовым аддзяленні г. Іўе. Як бывае звычайна, мы сустрэлі тут сваіх добра знаёмых сяброў, а таксама тых, хто ўпершыню вырашыў выпісаць наша выданне. Спадзяёмся, што сяброўства з газетай у іх працягнецца не толькі на тры месяцы, а і надалей.

А для тых, хто ў летніх клопатах забыўся пра падпіску на раённую газету, нагадваем, што аформіць яе яшчэ ёсць магчымасць да канца гэтага тыдня.

І. БУТУРЛЯ.

С. ЗЯНКЕВІЧ (фота).

Читайте ещё:



Оставить комментарий