ivyenews.by

Песня радасці праз тысячы год

Главное

Фэстываль каляднай песні “Gloria in excelsis Deo” адбыўся ў мінулую нядзелю, 22 студзеня, у Іўі. Гэта мерапрыемства з ліку тых, што сабіраюць агромістую колькасць і гледачоў,  і  ўдзельнікаў. Больш за трыста дзяцей і моладзі выйшлі сёлета на сцэну Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу, каб заспяваць – сольна, дуэтам, трыо, квартэтам, ансамблем, хорам - кранальныя песні, пастаралкі пра адну з самых значных і радасных падзей хрысціянскага свету – аб Нараджэнні Хрыста.

Трэба зазначыць, што тая нядзеля была адметнай не толькі прыгожым канцэртам у рамках ужо XIV па ліку каляднага фэстывалю, на які, дарэчы, прыходзяць іўяўчане і іншых канфесій, але для каталіцкіх вернікаў у першую чаргу прыездам высокага святара Рымска-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі – мітрапаліта  Тадэвуша Кандрусевіча, які правёў ранішнюю імшу ў касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла.

У сваім пастарскім слове мітрапаліт нагадаў парафіянам, што ва ўсім свеце праходзіць Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў. Ён падкрэсліў, што неабходна адмовіцца ад старога мыслення, што хрысціяне, якія не з’яўляюцца католікамі, гэта нашы сапернікі. “Мы павінны быць паплечнікамі, асабліва перад выклікамі секулярнага часу і ва ўмовах пагрозы тэрарызму, які ахапіў свет, і асабліва Еўропу», — дадаў мітрапаліт.

Так зразумела ідэя сяброўства паміж прадстаўнікамі розных канфесій, што не можа не хваляваць яе ўвасабленне ў жыццё людзей добрай волі ва ўсім свеце. І вельмі прыемна, што добрасуседства і шчырую павагу да іншых традыцый, трывалыя, як пастулаты, на працягу вякоў дэманструюць жыхары Іўеўшчыны. Дарэчы, гэта падчас звароту да ўдзельнікаў фэстывалю адзначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Іванавіч Булак. Глава рэгіёна і намеснік старшыні Таццяна Віктараўна Хінская, мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, святары з суседніх парафій, прадстаўнікі Генеральнага консульства Польшчы ў Беларусі, прысутнічалі сярод пачэсных гасцей прыгожага музычнага свята.

 

Трэба зазначыць, што фэстываль каляднай песні ў Іўі, які не мае аналагаў у нашай краіне, з кожным годам набірае ўсё большы размах і папулярнасць. Пашыраецца кола яго ўдзельнікаў, па-за конкурснай праграмы выступаюць калектывы з іншых парафій. Так у гэты раз, акрамя дзецей і моладзі з 14 парафій Іўеўскага дэканату, на сцэну раённай установы культуры  выходзілі дзеці і моладзь з парафій Лідскага і Гродзенскага раёнаў, прыехалі паспяваць калядкі ў наш горад і парафіяне з г.п. Івянец Мінскай вобласці.

Калі гледачы, а іх было столькі, што ў зале не ўсім хапіла месца, атрымлівалі асалоду і самыя лепшыя ўражанні ад прыгожых і таленавітых выступленняў артыстаў, то журы пры падвядзенні вынікаў прыйшлося нялёгка. Яны самі былі ў захапленні ад падрыхтоўкі і прафесіяналізму канкурсантаў. Вельмі няпроста ім было вызначыць лепшых сярод лепшых. Бо кожны ўдзельнік імкнуўся шчыра і самааддана данесці да слухача тую радасць, якую адчулі пастушкі больш за два тысячагоддзі назад, калі даведаліся ад анёлаў пра Божае Нараджэнне.

Усе артысты гэтага творчага, напоўненага духоўным святлом, шчырай цеплынёй і чалавечнасцю конкурсу вельмі адказна рыхтаваліся да яго. І асабліва тыя, хто ўдзельнічае ў ім не першы год і ведае, якая тут сур’ёзная канкурэнцыя ва ўсіх узроставых катэгорыях. Самому малодшаму артысту, дарэчы, які выступаў на фэстывалі, усяго чатыры з паловай гады.

 

Пасля доўгіх абмеркаванняў усё ж журы назвала імёны пераможцаў XIV фэстывалю каляднай песні “Gloria in excelsis Deo” ў шматлікіх намінацыях (салісты, дуэты, трыо, квартэты, ансамблі і хоры) і розных узроставых групах.

А Гран-пры фестывалю атрымаў ансамбль парафіі з г. Іўе “Oremus”, і, як вядома сталым прыхільнікам конкурсу, гэта не першая, і, думаецца, не апошняя іх перамога.

Але, як заўжды, падарункі атрымалі ўсе яго ўдзельнікі: і салодкія, і сардэчныя.  Так правільна - дарыць радасць, і правільна - прымаць яе. Так правільна  - рабіць дабро, і правільна - быць за яго ўдзячным.

Па завяршэнні фэстывалю мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў пробашчу ксяндзу Яну Гавецкаму, Іўеўскай парафіі і мясцовым уладам за арганізацыю прыгожага, напоўненага духоўнасцю і святлом Божай любові свята і пажадаў усім прысутным благаслаўлення Нованароджанага Хрыста ў 2017 годзе.

Т. Болатава.

С. Зянкевіч (фота).

 

 

Читайте ещё:



Оставить комментарий