ivyenews.by

“Магічныя" травы Ганны Пуйдак

О людях...

У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага  раённага цэнтра культуры і народнай творчасці адбылося чарговае пасяджэнне клуба “Вытокі”, на якое была запрошана майстар сектара рамёстваў і традыцыйнай культуры аг. Геранёны Іўеўскага раёна Ганна Іванаўна Пуйдак. Зацікаўленыя ўдзельніцы, жадаючы пазнаёміцца з чымсьці новым, спяшаліся на сустрэчу з самабытнай мастачкай Іўеўшчыны.

На ўвесь летні перыяд ва ўстанове працуе аўтарская выстава Ганны Іванаўны пад назвай “Магічныя травы”. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва прадстаўлена ў дзвух накірунках: вышыўцы ў тэхніцы крыжа і фларыстыка ў плоскасці.  Галоўная задумка экспазіцыі – гэта паказ прыгажосці і росквіту лета, хараства прыроды.

Ганна Іванаўна свой творчы шлях пачала з ранняга дзяцінства. Галоўным наватарам ідэй і натхняльнікам для яе была мама, а першым інструментам у працы стала іголка.“Мама сядзела за кроснамі, а я вышывала” – згадвала Ганна Іванаўна. 

Цяжка пералічыць, колькі сарочак, сурвэтак ды ручнікоў упрыгожаны рукамі майстрыхі. І па цяперашні час, як іголка з ніткай, неразрыўна з паўсядзённым жыццём спадарожнічае з жанчынай творчасць, ствараючы непаўторныя вобразы ў розных напрамках дэкаратыўна-мастацкай дзейнасці.

Вельмі плённым для Ганны Іванаўны быў час захапленнем роспісам па шклу. Пад уплывам еўрапейскай моды на тэрыторыі Беларусіў 50-я гады мінулага стагоддзя ўсюды быў распаўсюджаны народны роспіс па шклу. Найбольш папулярнымі матывамі служылі букеты кветак, ідыялістычныя сцэнкі з выявамі людзей і жывёл, закаханых пар, радзей – біблейскіх сюжэтаў. На гатовы роспіс накладалася каляровая фольга, дзякуючы чаму, паверхня зіхацела і перадавала празрыстасць шкла.

— Час роспісу для мяне прыйшоўся на 60-я гады. Таму спрыяла хваля запатрабаванасці ў нашай мясцовасці. Аднавяскоўцы набывалі і ўпрыгожвалі хатні інтэр’ер такімі карцінамі. Асабліва ўрачыста выглядаў роспіс акладаў у праваслаўных іконах, калі яны віселі групай, пакрытыя набожнікамі,  – працягвае свой аповяд Ганна Іванаўна, – і мне хацелася маляваць такія аклады на сваіх каталіцкіх. Пачытаць, як гэта зрабіць і павучыцца не было ў каго. Купіла пяро, асадку, туш, “Ленинградские” фарбы, і праз памылкі дабівалася задавальняльнага выніку сама. І ў гэтай справе садзейнічала і дапамагала мне мама. 

Ганна Іванаўна на практычным занятку з удзельнікамі клуба “Вытокі”дала майстар-клас роспісу па шклу, падзяліўшыся асноўнымі сакрэтамі майстэрства. З хатняй калекцыі мастачка прадставіла гледачам некалькі работ з выявамі кветак, варыянты акладаў на іконах.

Шмат пытанняў атрымала Ганна Іванаўна пра фларыстыку – разнастайнасць дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з прыродных матэрыялаў. Гэта вельмі старажытны род заняткаў. Ён патрабуе навыкаў назірання за навакольным светам, ведаў па зборы і захаванню зёлак, асноў колеразнаўства і кампазіцыі.

— У мяне шматгадовы вопыт, дзе і калі знайсці той ці іншы патрэбны колер на лісці або кветках. Падкажу, што зёлкі можна нарыхтоўваць у любую пару года, а вялікая колькасць казурак ляжыць на ўзбочынах дарог, якія гінуць, трапляючы на шкло сустрэчных машын.Правільна засушаныя матылькі і казуркі гарманічна дапаўняюць і ажыўляюць кветкавыя нацюрморты. Граматна зложаныя кампазіцыі захоўваюць свой колер да 6 гадоў! Насычанасць будзе павольна затухаць, калі работы аддаліць ад прамых сонечных прамянёў, – працягвае гаворку аўтар.

У жыцці здараецца так, што людзі, атрымаўшы мастацкую адукацыю, не маюць прафесійнага росту. У выпадку з нашай гераіняй усё наадварот. Не маючы мастацкай адукацыі, але пастаянна займаючыся самаадукацыяй, жанчына сама сябе падняла на высокі прафесійны ўзровень. На пытанне, чым з’яўляецца для яе мастацтва: хоббі ці работай, адказ быў упэўнены і кароткі: “Хоббі для мяне рыбалка, а заняткі творчасцю – неабходнасць майго існавання!”

— Я паважаю розныя накірункі дзейнасці, але ў мастацтве выбіраю тое, што магу сама засвоць і зрабіць! – на развітанне сваім гасцям адказала Ганна Іванаўна. 

Зоя СТАРАСЦІНА,

загадчык сектара  рамёстваў і традыцыйнай культуры аг.Геранёны Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.

Читайте ещё:



Оставить комментарий