Язык:

У гэтай вёскі лёс такі: дзе Гаўя, там і Рыбакі. Новае краязнаўчае даследванне Алега Ігліцкага

О малой родине

У гэтай вёскі лёс такі: дзе Гаўя, там і Рыбакі

Калі з'явілася задумка напісаць пра вёску Рыбакі, я ведаў, што вялікіх пошукаў не спатрэбіцца. Дастаткова было сустрэцца з жыхаром Жамыслаўля, ураджэнцам Рыбакоў Леанідам Іванавічам Трубіцкім, 01.01.1951 г.н., чалавекам апантаным гісторыяй, мясцовым краязнаўцам. Наша сустрэча адбылася. У хаце Леаніда Іванавіча шмат кніг, гістарычнай літаратуры, выразак цікавых матэрыялаў з газет.

Захапленне гісторыяй у Лёні з'явілася яшчэ ў школьныя гады, а далейшае, паглыбленае вывучэнне навукі ў ВНУ магло б стаць асновай яго будучай прафесіі. Аб гэтым калісьці гаварыў хлопчыку, вучню Суботніцкай сярэдняй школы, яго любімы настаўнік гісторыі Сцяпан Ігнатавіч Мураўёў, ветэран вайны. Ён так зацікавіў свайго вучня прадметам, што той заслухоўваўся кожным словам настаўніка на ўроку. Меў добрую памяць і амаль не адкрываў падручнік дома. Працы на ўроку яму было дастаткова, каб атрымоўваць адзнакі "выдатна".

Сям'я Трубіцкіх была шматдзетнай. На далейшую вучобу сыну не хапала сродкаў. І Лёня пасля заканчэння школы пайшоў працаваць грузчыкам у саўгас "Суботнікі". Да службы ў арміі закончыў курсы ДАСААФ у Ашмянах, атрымаў спецыяльнасці электрамеханіка і шафёра. Службу ў Савецкай Арміі праходзіў шафёрам у войсках супрацьпаветранай абароны Бакінскай ваеннай акругі. Пасля двух гадоў службы быў накіраваны на паўгода на ўборку ўраджаю ў Валгаградскую, а потым у Курганскую вобласці Расіі.

У канцы лістапада 1972 г. вярнуўся ў родныя Рыбакі і пайшоў працаваць у Ліпнішкаўскую сельгастэхніку. Вазіў рабочых, потым - сельгаспрадукцыю, развозіў па калгасах мінеральныя ўгнаенні, торф, вапну.

З 25 мая 1981 г. па 2008 г. працаваў у саўгасе "Жамыслаўль" вадзіцелем. А з 2008 г., да выхаду на пенсію 1 студзеня 2011 г., працаваў будаўніком саўгаса "Жамыслаўль". Узнагароджаны граматамі за шматгадовую добрасумленную працу.

Леанід Іванавіч задаволены сваім лёсам. У пары з жонкай Данутай Іосіфаўнай яны пражылі 38 гадоў, вырасцілі і выхавалі траіх дзяцей.

 Краязнавец Леанід Трубіцкі  і гісторык Андрэй Ваўчок у Рыбаках. 2021 г.

Старэйшая дачка Святлана закончыла хіміка-тэхналагічны каледж у Гродна і працуе загадчыкам малочнатаварнай фермы ў Жамыслаўлі. Дачка Лена мае вышэйшую адукацыю, па прафесіі эканаміст, працуе ў транспартна-лагістычнай кампаніі ў Мінску. Сын Сяргей па прафесіі электрык, працуе на вагона-рамонтным заводзе ў Мінску.

У Леаніда Іванавіча і Дануты Іосіфаўны чатыры ўнукі і адна ўнучка.

Разам з Леанідам Іванавічам мы адправімся ў цікавае віртуальнае падарожжа па вёсцы Рыбакі, ён будзе нашым экскурсаводам.

У пошуках нязведанай гісторыі

Расказвае Леанід Трубіцкі:

- Гісторыя вёскі Рыбакі вельмі цесна звязаная з сярэдневяковым паселішчам, якое размяшчалася блізка каля Рыбакоў, па левы бераг ракі Гаўя. Яно было пабудавана на вяршыні высокага, паросшага лесам плоскага плато насупраць Мокрага луга, што называецца Поплаў. Цягнецца на 300 метраў уздоўж старыцы Гаўі аж да ўрочышча Карыціна. Паселішча даследаваў у 1983 г. гісторык і археолаг, ураджэнец Іўеўшчыны Зянон Пазняк. Выяўлена таўшчыня культурнага слою селішча на гары ад 20 см да 90 см у нізе на схіле. Знойдзены рэшткі побыту жыхароў: паліваная і непаліваная кераміка, гаршковая, талеркавая і каробчатая кафля, вырабы з жалеза - усё выключна 15-16 стагоддзяў. З мэтай вывучэння наведваў гэты археалагічны помнік і наш зямляк, доктар гістарычных навук Леанід Побаль.

Побач з селішчам, на поплаве, з тых далёкіх часоў захавалася возера Сіняе Вока круглай формы, дыяметрам да 30 метраў. У гады маладосці, вярнуўшыся з арміі ў 1975 годзе, я вырашыў памераць глыбіню возера. Зімой прасёк у лёдзе палонку і апусціў да дна хваёвую жэрдку. Уразіла глыбіня возера - 13,5 метра! Вада ў ім чыстая, мае сіняе адценне, на дне - цвёрды жвір, а вакол возера - балота.

Найбольш верагодна, што варожая ўзброеная пяхота ці конніца маглі падысці да паселішча з боку ракі Гаўя. Таму жыхары паселішча зрабілі на Гаўі каменную дамбу. Узровень вады ў рацэ падымаўся і затапляў поплаў, што перашкаджала ворагам падступіцца да паселішча. Яшчэ можна знайсці ў вадзе камяні ад дамбы, якія захаваліся да нашага часу. А большасць іх забралі раней у саўгас "Суботнікі" для будоўлі.

На паўднёвым канцы селішча захавалася вялікая, глыбокая, авальнай формы яма памерам 10 на 12 метраў. У дзяцінстве мы, рыбакоўскія школьнікі, цікавіліся паселішчам і праводзілі ў яме раскопкі, знайшлі шмат попелу.

Блізка ад паселішча былі два палі ў лесе: адно да 40 га, каля лясной дарогі, другое - воддаль, у бок Дабраўлянаў, плошчай да 50 га. У гады майго юнацтва гэтыя палі апрацоўваліся. Цяпер тут расце лес. Старыя людзі з Рыбакоў, якія ішлі сюды ў лес ці на поле па траву, падышоўшы да дарогі, хрысціліся і застаўлялі хрысціцца дзяцей. Рабілі гэта, магчыма, у памяць аб нейкай падзеі, звязанай з паселішчам. А можа, каб засцерагчыся ад бяды, бо ў лесе было шмат змеяў.

А якое дачыненне мелі да сярэдневяковага паселішча Рыбакі? Мая бабуля Броня, 1881 г.н., расказвала, як старажылы вёскі перадавалі з пакалення ў пакаленне гісторыю аб тым, як недалёка ад паселішча, па правы бок Гаўі, стаялі дзве хаты, у якіх жылі сем'і двух рыбакоў. Яны абслугоўвалі князя і яго дружыну воінаў і лавілі ім у Гаўі рыбу. Адна хата стаяла на высокім беразе, другая - каля сенажаці. Побач былі выкапаныя дзве невялікія ямы, туды запускалі ў ваду злоўленую рыбу, каб потым своечасова даставіць на стол князю.

З гэтых двух хатак і пачалася гісторыя вёскі Рыбакі, якая паступова расла, будавалася. Месца для жыцця падабалася ўсім, бо было яно ціхае, лясное, ягаднае, грыбное, рыбнае. Жывучы каля Гаўі, толькі лянівыя, напэўна, не станавіліся рыбакамі.

Гаўя ў прамым сэнсе ў даўніну кішэла рыбай, бо калісьці на Нёмане не было плацінаў, і рыба з Балтыйскага мора бесперашкодна заходзіла па Нёмане ва ўсе яго прытокі. У Гаўю заходзілі шчупакі, галаўні, ляшчы, акуні, плоткі, мянтузы, ялцы, келбы марскія (вусачы), келбы малыя (пескары), язюкі. Водзіцца і рэдкі від белай рыбы харыус. Яна адносіцца да драпежных відаў, бо паядае не толькі чарвякоў, але і дробную рыбу, ракаў, уюноў, нават мышэй. Нерастуе харыус у канцы красавіка на жвіры, або на пяску каля каменняў. Былі выпадкі, калі мясцовыя рыбакі лавілі харыусаў да 2,5 кг. Гаўю аблюбавалі чырвоныя віды рыб: фарэль звычайная, фарэль ручэйная, кумжа пятністая. Фарэль таксама драпежная рыба і нерастуе ў лістападзе і снежні на камяністым дне. Фарэль трапляла ў бучы, на вуды і спінінгі ад 3 да 8 кг. Такія рэдкія віды рыб заўсёды вадзіліся ў Гаўі, бо вада тут крынічная, халодная, чыстая.

Рыбаловы з Рыбакоў былі майстрамі лоўлі вудамі, перамётамі (шнурамі), гасціма (астрагою), бучамі з лазы, таптухамі, брэднямі. Сетак не мелі. Цяпер амаль усе з пералічаных сродкаў лоўлі лічацца браканьерскімі, забароненыя законам. Але найбольшы ўрон рыбным запасам нанесла выкарыстанне вадкага аміяку як угнаення на палях сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у 1970-я гады. З-за вялікай шкоды навакольнаму асяроддзю вадкі аміяк быў забаронены як угнаенне. Але вярнуць ранейшыя запасы рыбы Гаўі ўжо, напэўна, немагчыма.

Колькі яшчэ нязведаных намі старонак гісторыі Рыбакоў, нібы цячэннем Гаўі, знесла ў далячынь! Але памяталі доўгі час рыбакоўцы, як у 1812 годзе ішлі войскі Напалеона на Расію праз Беларусь. Расійская армія з баямі адступала на ўсход. Кавалерыйскі батальён ішоў гасцінцам па беразе Гаўі з Суботнікаў на Трабы і зрабіў прывал у Рыбаках, затрымаўся на тыдзень. Байцы разбілі лагер у вялікім садзе жыхара Янчарскага. Дужыя, запрэжаныя ў пары коні прыцягнулі вялікія вазы, пакрытыя тэнтамі, і пушкі. Батарэя артылерыі была пастаўлена на ўскрайку лесу з аглядам на поле і дарогу, адкуль мог з'явіцца праціўнік. Салдаты ў садзе развялі кастры і варылі ежу. Афіцэры начавалі ў вялікай палатцы, а салдаты - на вазах і гумнах мясцовых жыхароў.

Рускі батальён, магчыма, з боем адступіў на Трабы. Бо на тым месцы, дзе стаяла руская батарэя, жыхары Рыбакоў знаходзілі пустыя чыгунныя ядры ад пушак. Чатыры ядры знайшлі ў 1964 г. рыбакоўскія школьнікі: я, Вацлаў Рамановіч і Стась Васілеўскі на тым месцы, дзе калісьці стаяла батарэя рускай артылерыі. Адно ядро мы перадалі настаўніку С.І.Мураўёву ў школьны музей.

Афіцыйна Рыбакі з'яўляюцца ў больш позніх дакументах сярэдзіны ХVIII ст. як фальварак у Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства. У ХІХ-пачатку ХХ ст. - вёска ў Суботніцкай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. У 1861 г. было 49 рэвізскіх душ у складзе маёнтка Жэмласлаў, уласнасць Умястоўскіх. Да адмены прыгоннага права рыбакоўцы тры дні працавалі на сябе, тры дні на пана за карыстанне зямлёй, сенажаццю, пашамі. У нядзелю сяляне адпачывалі і маліліся ў Суботніцкім касцёле.

Працяг будзе.

А. Ігліцкі.

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.