ivyenews.by

У памяць аб знакамітым земляку. У бібліятэцы-філіяле аграгарадка Геранёны адкрылася новая выстава кніг, прысвечаная Яўгену Кудраўцаву

О людях...

У бібліятэцы-філіяле аграгарадка Геранёны адкрылася новая выстава кніг, прысвечаная Яўгену Аляксандравічу Кудраўцаву (1947-2021), творчы псеўданім якога Кастусь Травень. З 2008 года - у Саюзе беларускіх пісьменнікаў.
Нарадзіўся ў вёсцы Суботнікі Іўеўскага раёна. У той час яго бацька тут працаваў дырэктарам маслазавода. Затым узначаліў калгас імя Кутузава, у які ўваходзілі вёскі Лаўкенікі, Шаркуці, Гута, Дабраполь, Высоцкія, Падваранцы і мноства хутароў. Сям'я Кудраўцавых стала жыць у в. Шаркуці.

У першы клас Яўген пайшоў у школу, якая размяшчалася ў палацы Умястоўскіх у Жамаслаўлі. Затым Кудраўцавы пераехалі ў Геранёны, таму што бацька ўзначаліў калгас "Вольнае жыццё". І Яўген працягваў вучобу ў Геранёнскай сямігадовай школе.
У 1970 годзе ён скончыў Мінскі педагагічны інстытут імя А. М. Горкага. Працаваў настаўнікам, у народным кантролі, на будаўніцтве, у камунгасе, на кінастудыі "Беларусьфільм". Можа таму добра ведаў жыццё і адлюстроўваў яго ў сваіх кнігах. Апавяданні "Перазагрузка", "Альфа і Амега", "Выбракоўка" пра цяжкую працу дальнабойшчыкаў і пра тых, хто "кідае" іх. Апавяданне "Пад зорным небам Айчыны" - аб лыжным паходзе да бацькоў за 100 км, і як гэты паход змяніў погляды юнака на жыццё.


Палітычнае эсэ "Імперскі сіндром", кніга апавяданняў "Маўчы і будзь хітрым", "Брыгадны генерал", аповесці "Дзень, калі загінуў Апалон", "Гульня белымі фігурамі" - друкаваліся ў "Нашай ніве", у ЛІМе, у многіх газетах і альманахах. К. Травень - уладальнік "Залатога пяра" за 2006 год у часопісе "Гоман".
Цікавіўся філасофіяй, антрапалогіяй, псіхалогіяй, сацыялогіяй і гісторыяй.
Бацька пісьменніка Аляксандр Пятровіч Кудраўцаў (1923-1997) пасля выхаду на пенсію напісаў успаміны аб жыцці. Яго сын, Яўген Аляксандравіч, апрацаваў мемуары і пераклаў на беларускую мову. Кніга называецца "Успаміны аб жыцці ў XX стагоддзі". Раю прачытаць гэтую кнігу ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Іўеўшчыны. На старонках 74-135 раздзелы: “Іўе”, “Татальная мабілізацыя на ўмацаванне калгасаў”, “Калгас імя Кутузава”, “Першая калгасная пасяўная”, “Брыгадны гаспадарчы разлік Венскеля”, “Вясна 1955 года”, “Калгас "Вольнае жыццё". У кнізе цікавыя здымкі ад 1942 да 1972 года.
Кнігі Кастуся Травеня ёсць у Геранёнскай і раённай бібліятэках.

А. Смалянічэнка.

Читайте ещё:



Оставить комментарий