Язык:

Незабыўныя ў жыцці Шаркуці. Новае даследванне Алега Ігліцкага (частка 3)

О малой родине

Як памяць
аб загінуўшых -
Банэдзіха

У ліпені 1944 года, у час правядзення ваеннай наступальнай аперацыі "Баграціён", частка разбітых нямецкіх войскаў вырвалася з акружэння пад Мінскам. Яны прабіраліся лясамі з мінскага "катла" праз Трабы, Сурвілішкі, Жамыслаўль на Суботнікі і Геранёны да заходняй мяжы.
Адна з такіх калон адступала лясной дарогай пехатой, на конях вярхом і матацыклах. Паміж вёскамі Жамайтукі і Раманы, а дакладней, каля Бялымшчыны, іх чакалі ў лясной засадзе белыя партызаны Арміі Краёвай. Іх было мала, усе мясцовыя. Сіл у іх не было, каб разбіць калону. Таму яны абстралялі толькі нямецкую легкавую машыну. Машына з афіцэрамі ў салоне была знішчаная.
Акаўцы збеглі ў лес, а раз'юшаныя немцы вырашылі адпомсціць мірнаму насельніцтву. Рухаючыся берагам Гаўі ў бок Суботнікаў, яны спалілі вёскі Шаркуці і Рыбакі, частку вуліцы Віленскай у Суботніках. На падыходзе да Суботніцкага касцёла іх чакалі чырвонаармейцы і разграмілі калону. Гэтая падзея адбылася 8 ліпеня 1944 года.
Перад вайной, у 1940 годзе, у Шаркуцях налічвалася 49 двароў і 223 жыхары. Лічбы амаль не змяніліся ў канцы вайны, у 1944 годзе.
Зайшоўшы ў Шаркуці, карнікі пачалі падпальваць саламяныя стрэхі хатаў. Людзі ў страху беглі ў нізіну Гаўі, некаторыя перабрыдалі рэчку і хаваліся ў лесе.
Са слоў жыхаркі Шаркуцёў Ядвігі Станіславаўны Грынюк, 1940 г.н., не паспелі збегчы і былі расстраляныя ў вёсцы Юля Васілеўская (Банэдзіха), маладыя хлопцы Баляслаў і Генюсь Васілеўскія, маладая і прыгожая дзяўчына Марыя (прозвішча невядома), сям'я Грынюкоў, якая мела вясковую мянушку Масіны, бо гаспадара сям'і звалі Маісей. Маісей памёр перад вайной, жонка яго была ўдавой, а дзеці - сіротамі.
Калі прыйшлі ў двор немцы, сям'я бараніла сваю хату ад падпалу і за гэта паплацілася. Карнікі расстралялі ў двары жонку Маісея (імя невядома) і шасцёра яе дзяцей. Калі маці падала, яна накрыла целам маленькага Рамана, якому было не больш двух гадоў. Гэта і выратавала хлопчыка ад смерці. Ён застаўся жывы, яго выгадавала радня. Раман вырас, жыў і працаваў у Вільнюсе. Жыхары Шаркуцёў не раз бачылі яго, як ён ішоў праз Шаркуці на суботніцкія могілкі, дзе пахаваная яго сям'я.
Пасярэдзіне вёскі, бліжэй да берага рэчкі, стаяла ў вайну хата Бенедыкта і Юлі Васілеўскіх. Тут пражывала іх мнагадзетная сям'я з васьмі чалавек. У вёсцы гаспадара называлі Банэд, а яго жонку Банэдзіха. Яны мелі шасцёра дзяцей. Калі ў вёсцы пачалася аблава, сям'я пабегла хавацца. Жонка Бенедыкта Юля на момант трагедыі знаходзілася каля хаты свайго зяця Вацлава Пазавуця. Калі з'явіліся немцы, Юля схавалася ў яму для захавання бульбы. Немец, які праходзіў міма, застрачыў з аўтамата ў яму. Жанчына там і загінула. Родныя пахавалі яе на суботніцкіх могілках.
У выніку нямецкай карнай аперацыі 8 ліпеня 1944 года згарэла амаль уся вёска Шаркуці. Людзі былі ў роспачы. Капалі зямлянкі, будавалі шалашы. А на зіму папрасіліся ў хаты да знаёмых і сваякоў у суседнія вёскі.
Іншыя шаркуцёўскія пагарэльцы знайшлі такое выйсце: выкарысталі пад жыллё графскі амбар для зерня. Унутры яны перарабілі драўляныя засекі для зерня пад пакоі, нарасціўшы іх дошкамі. Атрымаліся такія вось "кватэры", дзе можна было часова жыць. У графскім амбары жылі сем'і Станіслава Хаткевіча, Фелікса Хаткевіча, Яна Хаткевіча, Станіслава Сянькоўскага, Вінцуся Скрыбы да 1948 года, пакуль яны не пабудавалі свае хаты.
Пасля вайны Шаркуці, як і вёска Рыбакі, хутка адбудаваліся дзякуючы таму, што на нарыхтоўку лесу і сплаву яго па Гаўі прыехаў сапёрны ўзвод салдатаў. Маладыя хлопцы нарыхтоўвалі драўніну ручнымі піламі, цягалі палены коньмі да Гаўі і спускалі на ваду. Яны пілавалі лясныя дзялянкі ва ўрочышчы Варшава, там, дзе рэчка Клява ўпадае ў Гаўю, і ва ўрочышчы Лісічкі, насупраць Жамыслаўля. Бярвенні даплывалі па Гаўі і Нёману да Мастоўскага лесапільнага завода на перапрацоўку. Але надалей дырэкцыя завода адказалася браць лес з Жамыслаўля, бо ў драўніне было столькі асколкаў ад снарадаў, што на пілараме ламаліся пілы.
На будаўніцтва хатаў у Шаркуцях ішло любое дрэва. Дзякуючы здольным мясцовым цеслярам, згарэўшая ў канцы вайны вёска паднялася з попелу як птушка Фенікс.
Даўно закончылася вайна, а памяць пра жанчыну Юлю Васілеўскую (Банэдзіху) жыве і сёння. Паблізу, дзе калісьці стаяла хата Васілеўскіх, цяпер знаходзіцца адно з самых прыгожых месцаў для адпачынку на Гаўі, якое называюць Банэдзіха. Бераг тут лугавы, чысты, пясчаны. А ў рацэ - самая глыбокая яма, дзе можна ныраць з вышыні 5 метраў. Мясцовая моладзь зрабіла тут трамплін для скачкоў у ваду. У летнія, спякотныя месяцы на мясцовы пляж Банэдзіху масава збіраюцца адпачываючыя з Шаркуцёў, Жамыслаўля, прыезджыя госці.

Урочышча Банэдзіха каля Гаўі (нашыя дні)

 

Засталіся
на малой
радзіме

Сыны Бенедыкта і Юлі Васілеўскіх з'ехалі пасля вайны ў Польшчу, а тры дачкі засталіся тут, на малой радзіме.
Старэйшая дачка Бенедыкта і Юлі Вікця выйшла замуж у вёску Заяшова Шальчынінкайскага раёна Літоўскай ССР за Віктара Петрылоўскага. Вікця працавала ў паляводстве, а Віктар - даглядчыкам на ферме. Іх адзіны сын Віця працаваў на калгаснай ферме, а яго жонка ў паляводстве. У сям'і мелі пяцёра дзяцей, якія цяпер пражываюць у Шальчынінкаі і Вільні.
Сярэдняя дачка Бенедыкта і Юлі Юзэфа выйшла замуж у вёску Навасяды Суботніцкага сельсавета за Юзафа Сторта. Яны ўдваіх працавалі ў саўгасным паляводстве. Праз чатыры гады сумеснага жыцця Юзаф памёр. Дзяцей сям'я не мела. Юзэфа ўзяла да сябе з беднай сям'і сваякоў як прыёмную дачку дзяўчынку Марыю Літмановіч і глядзела яе, як роднае дзіця. Марыя стала дарослай і выйшла замуж за хлопца з Навасядаў Сцяпана Барысевіча, які працаваў шафёрам, а потым трактарыстам у саўгасе "Жамыслаўль". Марыя запрасіла да сябе ў дом Юзэфу Бенедыктаўну і даглядала яе ў старасці да смерці. Марыя і Сцяпан мелі адну дачку і трох сыноў.
Меншая дачка Бенедыкта і Юлі Генуэфа выйшла замуж за хлопца з Шаркуцёў Вацлава Пазавуця. Ён быў добры гаспадар. Да калектывізацыі сям'я мела 10 валок зямлі, каня і дамашнюю жывёлу. Дружна працавалі на гаспадарцы. А потым, пасля нацыяналізацыі маёмасці, працавалі на розных работах у саўгасе "Жамыслаўль".
Старэйшая дачка Пазавуцёў Яніна, 1939 г.н., закончыла Ашмянскі тэхнікум, стала бухгалтарам. Выйшла замуж за Мікалая Кучарэнка з Гомельшчыны. Сям'я пражывала ў Гомельскай вобласці. Адтуль выехала на асваенне цалінных зямель у Казахстан. Там Яніна працавала галоўным бухгалтарам саўгаса. Потым вярнулася ў Беларусь і працавала бухгалтарам у Суботніцкім сельсавеце. Затым пераехала з сям'ёй у Ліду і працавала загадчыкам склада на Лідскім лакафарбавым заводзе.
Дачка Яніны Ірына закончыла Ленінградскі педінстытут, выйшла замуж у г.Махачкала Дагестанскай АССР і там да пенсіі працавала настаўнікам матэматыкі. Сын Яніны Генадзь з сям'ёй пражывае ў Лідзе, да выхада на пенсію працаваў інспектарам Лідскага МНС.
Меншая дачка Пазавуцёў Рэгіна, 1943 г.н., закончыла Магілёўскае педвучылішча ў 1968 годзе. Вярнулася ў родныя Шаркуці і працавала адразу выхавальнікам, а потым загадчыкам Жамыслаўльскага дзіцячага сада.
Яе муж Аляксандр Жынко працаваў галоўным інжынерам саўгаса "Жамыслаўль" з 1966 года. На пенсіі з 1994 года, пражывае ў Шаркуцях. Дачка Рэгіны і Аляксандра Валянціна, 1962 г.н., пражывае ў Мінску. Закончыла Мінскі дзяржаўны педінстытут імя Горкага і Беларускі дзяржаўны інстытут фізкультуры. Працавала выхавальнікам дзіцячага сада. Цяпер - выхавальнікам ГПД у школе. Сын Рэгіны і Аляксандра Уладзімір, 1966 г.н., закончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, па спецыяльнасці інжынер-механік. Пражывае ў Лідзе. Працуе вадзіцелем-дальнябойшчыкам за мяжой.

А. Ігліцкі.
Працяг будзе.

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.