Язык:

Падарожжа па малой радзіме. Што ёсць цікавага ў вёсцы Навасяды? (частка I)

О малой родине

Вёска Навасяды Суботніцкага сельсавета знаходзіцца ў 5 км ад Жамыслаўля. Бліжэйшыя суседнія вёскі каля Навасядаў - Жамайтукі - 3 км, Раманы - 1 км, Таруці - 1 км. Сама назва Навасяды фіксуе як новае пасяленне жыхароў, якія пабудавалі хаты ў зручным для жыцця месцы сярод палёў і лясоў. Аднайменныя вёскі з назвамі Навасёлкі ёсць у нашым раёне ў Лелюкінскім і Іўеўскім сельсаветах.

Каменная сякера
як голас
далёкіх продкаў

У 2019 годзе настаўнік Суботніцкай сярэдняй школы Яўген Сторта знайшоў у кучы сабраных з поля камянёў каля вёскі Навасяды пабітую каменную сякеру. Яна была добра адшліфаваная, з прасвідраванай адтулінай для драўлянай ручкі. Яўген перадаў знаходку ў музей Суботніцкай сярэдняй школы. Для гісторыі гэтая знаходка з'яўляецца каштоўнай матэрыяльнай крыніцай нашых продкаў, па якой можна шмат чаго даведацца.
Сякера адносіцца да бронзавага веку, які пачаўся на тэрыторыі Беларусі ў пачатку другога тысячагоддзя да н.э. і працягваўся амаль паўтара тысячагоддзя, закончыўся ў канцы VIII ст. да н.э. Затым каля VII ст. да н.э. на тэрыторыі Беларусі пачаўся жалезны век.
Але чаму ў бронзавым веку на беларускіх землях так шырока выкарыстоўваўся камень? У пачатку эпохі бронзы нашы продкі пазнаёміліся з першымі металічнымі рэчамі - спачатку меднымі, затым і бронзавымі. Аднак цэнтры старажытнай металургіі знаходзіліся далёка, пераважна на Каўказе і Прыкарпацці. Таму медных і бронзавых вырабаў у наш край трапляла мала і цаніліся яны вельмі дорага. Гэта былі пераважна ўпрыгажэнні, сустракаліся таксама сякеры, наканечнікі дзідаў, стрэлаў, долаты, цяслы, шылы, зрэдку нават мячы. Пераважная большасць прылад працы і зброі па-ранейшаму выраблялася нашымі продкамі з крэменю.
У бронзавым веку шырока распаўсюдзілася ўмельства шліфаваць камень і высвідроўваць у вырабах адтуліны для рукаятак. Навасядская сякера - пацвярджэнне гэтаму ўмельству. Свідравальны станок стаў другім пасля лука механізмам, які вынайшаў чалавек.
Прыстасаванне для свідравання рабілі з дрэва. Свярдзёлкам служыла трубчатая костка жывёлы, якая замацоўвалася і прыводзілася ў рух з дапамогай лучковай цецівы (прыстасаванне накшталт лука). Цеціва абкручвалася вакол косткі, што пераважна надавала ёй вярчальны рух. Пад костку ў час вярчэння майстар падсыпаў зярністы пясок, які свідраваў камень.

У той час старажытныя людзі засялілі ўжо тэрыторыю Беларусі. Яны будавалі жытло пераважна каля рэк і азёр. Выраблялі разнастайны пласкадонны посуд з гліны і абпальвалі яго на агні, займаліся прадзеннем і ткацтвам. Паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва заставаліся важнымі заняткамі ў жыцці людзей. Але земляробства і жывёлагадоўля ў гэты час з дапаможных заняткаў ператварыліся ў вядучыя. Людзі высякалі лясы, пашыралі пасяўныя плошчы. Была патрэба ў вялікай колькасці сякер для высечкі лясоў. У час працы сякеры біліся і ламаліся, а майстры зноў свідравалі і шліфавалі камяні і рабілі новыя прылады. Каб пашырыць пасяўныя плошчы пад палі, часта выкарыстоўваўся агонь.
Паступова нашы продкі перайшлі ад падсечна-агнявога земляробства і бараны-сукаваткі да ворыўнага земляробства. Зямля стала даваць лепшыя ўраджаі, калі земляробы пачалі выкарыстоўваць драўлянае рала, якое рабілі з дубовага сука. Рала цягнуў конь ці бык. Вырошчвалі проса, ячмень, пшаніцу, жыта.
Ад назвы старажытнай прылады земляробства рала пайшло слова ралля (узаранае поле). Амаль да сярэдзіны ХХ стагоддзя ўжывалася слова рольнік, што азначае араты, або земляроб.
Вось колькі цікавай інфармацыі дала нам старажытная сякера, знойдзеная на полі каля Навасядаў. Не адно тысячагоддзе праляжала яна ў зямлі і была знойдзена настаўнікам Яўгенам Сторта і перададзена ў школьны музей, каб стаць часткай гісторыі роднага краю і данесці гэтую гісторыю падрастаючаму пакаленню.

Каб не знікла
гісторыя вёскі
Далей гісторыя Навасядаў губляецца ў часе. Пісьмовыя звесткі пра вёску захаваліся толькі з другой паловы ХІХ стагоддзя. У той час яна называлася Паплаўшчына і адносілася да Суботніцкай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. У 1861 годзе 15 рэвізскіх душ вёскі адносіліся да маёнтка Жэмласлаў графіні Юзэфы Умястоўскай. 

У гісторыі жэмласлаўскай зямлі Юзэфа пакінула значны след. Яна была дачкой Навагрудскага маршалка Францішка Дунін-Раецкага, з юнацкіх гадоў дзяўчынай вельмі практычнай і гаспадарлівай, з вялікім натхненнем. У 1832 годзе Юзэфа выйшла замуж за Казіміра Умястоўскага, сына Якуба і Ганны. Казімір меў ад бацькоў у спадчыну фальварак Казімірава каля Дзявенішкаў у Літве.
Маёнтак Жэмласлаў у 1828 годзе, незадоўга да сваёй смерці, падарыў Казіміру старэйшы брат Людвік Умястоўскі - павятовы харунжы, гаспадар і паляўнічы. Ён меў трошкі больш за 20 гадоў, калі ўпаў з каня, пашкодзіў хрыбетнік і знаходзіўся на лячэнні ў Германіі. Але дактары не змаглі паставіць на ногі маладога хлопца. Ён памёр 8 лістапада 1828 года і пахаваны ў Дрэздэне.
Пасля смерці брата Казімір пераехаў з фальварка ў Жэмласлаў. З жонкай Юзэфай яны гаспадарылі ў маёнтку.
Пасля смерці Казіміра Умястоўскага ў 1863 годзе, удава Юзэфа не пала духам, а энергічна ўзялася за гаспадарчую дзейнасць. Па яе ініцыятыве быў разбураны даўнейшы драўляны палац у Жэмлаславе і на яго месцы, ў 1877 годзе, пабудаваны новы, мураваны, вельмі прыгожы, падобны да палаца Лазенкі ў Варшаве, але вышэйшы. Пры дарозе, побач з маёнткам, Юзэфа пабудавала мураваную каплічку з крыжам. Пад яе наглядам садзілі дрэвы ў парку, перад домам, уздоўж дарог. Упрыгожвала любімы Жэмласлаў.
Юзэфа Умястоўская памерла ў 1877 годзе, у час лячэння ў Вільні, і пахаваная побач з мужам у крыпце Суботніцкага касцёла. Смерць 35-гадовага сына Альберта ў1876 годзе паскорыла яе канчыну. Уласнікам Жэмласлава стаў яе адзіны сын Уладзіслаў.
У гаспадарчай дзейнасці на карысць маёнтка ўдзельнічалі і жыхары Навасядаў. Паводле перапісу 1897 года ў в.Навасяды (або Паплаўшчына) было толькі 5 двароў, 41 жыхар. У 1921-1939 г.г. у Суботніцкай воласці Валожынскага, а з 1926 г. - Лідскага паветаў Навагрудскага ваяводства Польшчы. У 1921 г. - 10 двароў, 49 жыхароў. З 12.10.1940 г. у вёсцы 13 двароў, 63 жыхары ў Жэмласлаўскім сельсавеце. У 1970 годзе тут пражывалі 37 жыхароў, але колькасць іх змяншалася ў сувязі з выездам моладзі ў гарады.
На сённяшні дзень у вёсцы пражывае толькі адзін жыхар Ян Барысевіч. Ён адзін з'яўляецца захавальнікам гісторыі Навасядаў ХХ стагоддзя. Калі цяпер не запісаць яго ўспаміны, то гісторыя вёскі цэлага стагоддзя знікне, а сухія дэмаграфічныя лічбы ні аб чым не раскажуць. Гэта і падштурхнула мяне пабываць у Навасядах, пазнаёміцца і пагутарыць з яе апошнім жыхаром. 

Хата Яна Барысевіча стаіць першая ў вёсцы - прыгожая, з драўлянымі аканіцамі, прасторным дваром навокал. Яна відаць здалёк з палявой дарогі, якой можна праехаць з Жамыслаўля ў Юрацішкі праз вёскі Таруці, Мількі, Грушанцы, Чарнэлі. Гэту дарогу даўным-даўно людзі назвалі Салдацкай, бо па ёй у гады Першай і Другой сусветных войнаў ішлі калоны польскіх, савецкіх, нямецкіх войскаў. Уздоўж гэтай дарогі каля Навасядаў захаваліся варонкі ад узарваных снарадаў.
Ян Барысевіч, 1964 г.н., адносіць сваё пакаленне да пасляваенных. У дзяцінстве слухаў успаміны сваіх дзядоў, як мясцовая зямля была паліта крывёю яе абаронцаў і ворагаў. Як у Першую сусветную вайну немцы выкапалі вялікія траншэі і акопы каля Мількаў, а рускія стаялі блізка каля Навасядаў. Быў вялікі бой каля Гіравічаў, дзе многія немцы знайшлі свой апошні прытулак у магілах за вёскай у лесе. Дзве нямецкія магілы бачыў Янак у дзяцінстве ў лесе ва ўрочышчы Бярэзнік за Навасядамі. Адна нямецкая магіла раней праглядвалася каля дарогі з Таруцяў на Дабраўляны. Рускіх байцоў часцей хавалі на вясковых могілках.
Але больш за ўсё вясковаму хлопцу ўспамінаецца мірнае пасляваеннае дзяцінства. Тады дзеці з Навасядаў дабіраліся за 1 км у пачатковую чатырохкласную школу ў вёску Раманы. Васьмігадовую школу, а з 01.09.1966 г. дзесяцігодку, заканчвалі ў Жамыслаўлі, дабіраліся туды за 5 км пешшу, або жылі ў прышкольным інтэрнаце, які працаваў з 1965 года.
За вёскай Раманы цягнецца глыбокі роў ад вёскі Таруці да ракі Гаўя даўжынёй 6 км. Летам ён перасыхае. Вясной, у вялікую паводку, роў напаўняўся вадой і злучаўся з Гаўяй. Вада затапляла дарогу на Навасяды, і навасядскія школьнікі тыдзень сядзелі ў хатах, не хадзілі ў Жамыслаўльскую школу і чакалі, калі спадзе паводка. Затое для рыбакоў быў спрыяльны час. Рыба канавай даходзіла да Раманоў і Таруцяў. Законы для браканьераў былі мяккія. Рыбы было ў рове шмат. Яе білі асціма, лавілі сеткамі. А летам, калі роў перасыхаў, дзеці лавілі на ямках рыбу таптухамі і кашамі. Але гэта ўжо ў мінулым. Няма вялікіх снягоў і паводак. Цяпер мясцовыя, каб злавіць рыбу ці пакупацца, ходзяць на Гаўю за тры кіламетры ва ўрочышча Бержаўка. Там добрае месца для купання і рыбалкі, якое называецца Чырвоная Гара. Там бераг Гаўі абрывісты, відаць чырвоная гліна. Адсюль і назва - Чырвоная Гара.

Кудысьці схадзіць і пераадолець пяшком кіламетры для людзей калісьці не складала цяжкасці. Жыхары вёсак былі загартаваныя, фізічна здаровыя, вынослівыя. Пры Польшчы ў Вільню на Кальварыйскі рынак і ў касцёл Вострую Браму ездзілі сем'і коньмі на простых вазах, багацейшыя - у брычках на рэсорах. З 1934 па 1939 год хадзіў аўтобус швейцарскай фірмы "Арбон" з Навагрудка ў Вільню адзін раз у тыдзень праз Іўе, Суботнікі, Жэмласлаў. І многія вясковыя жыхары выкарыстоўвалі гэты транспарт, каб вырашыць свае пытанні ў Вільні, з'ездзіць да сваякоў.
Пасля вайны аўтобусных перавозак пасажыраў доўгі час не было. Зноў ездзілі коньмі. Часта збіраліся кампаніі дзяўчат па 5-6 чалавек з Навасядаў, Таруцяў, Раманоў, Жамайтукоў і ішлі пешшу ў Вільню на Кальварыйскі рынак за пакупкамі. Ведалі найбольш прамы маршрут ляснымі дарогамі адлегласцю 70 км. Летам выходзілі з хатаў у 3 гадзіны ночы. Разуваліся, вешалі абутак на палкі праз плячо і ішлі басанож. Не спяшаючы, 70 км пераадольвалі за 10 гадзін. У 13 гадзін дзяўчаты ўжо хадзілі па рынку і выбіралі сабе абноўкі: адзенне, абутак, бытавыя рэчы, упрыгажэнні. У 16 гадзін, калі спёка спадала, выходзілі з Вільні і знаёмай дарогай рухаліся ў бок Жэмласлава. Ноччу вярталіся дахаты стомленыя, але шчаслівыя, што паход у Вільню ўдаўся.
Пры Польшчы жыхары Навасядаў былі ўласнікамі зямлі. Але не ўсе землі давалі добрыя ўраджаі. Таму пясчаныя палі ва ўрочышчы Хвойнік хлебаробы засадзілі лесам плошчай да 20 гектараў. У кожнага гаспадара быў свой лес. Яны гадавалі яго, не пілавалі, бераглі, толькі сучкі абразалі. Вяскоўцы жылі ў старых хатах, новых не будавалі. Казалі: "Калі нашы дзеці ажэняцца і выйдуць замуж, тады і лес спатрэбіцца на будаўніцтва". Але так здарылася, што пасля вайны прыватная ўласнасць і зямля перайшлі ў рукі дзяржавы.

А. ІГЛІЦКІ.
(Працяг будзе).

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.