ivyenews.by

Геранёнская Манстранцыя - каштоўнасць касцёла Святога Мікалая ў Геранёнах

О малой родине

Уся ранняя гісторыя Геранён звязана з родам Гаштольдаў. Гаштольды стаялі на самым версе феадальнай піраміды ВКЛ: Пётр, Андрэй, Ян (Іван), Марцін, Альбрэхт (Войцех) (каля 1475-1539). Станіслаў – сын Альбрэхта (1507-1542) быў апошнім у гэтым знакамітым родзе. Яго жонка – Барбара Радзівіл аўдавеўшы, стала другой жонкай караля Польшчы і ВКЛ – Жыгімонта II Аўгуста. Аб гэтым можна прачытаць у «Зборы помнікаў і гісторыі культуры Беларусі: Гродзенская вобласць” Мінск. 1986.

У 1519 годзе Альбрэхт Гаштольд – канцлер літоўскі і ваявода Віленскі побач з замкам у Геранёнах пабудаваў касцёл, які стаў насіць імя Святога Мікалая. Тут было шмат каштоўных рэчаў: манстранцыі, кандэлябры, абразы Маці Божай і шмат інш. А ў 1535 годзе ім была заказана з унікальным узорам дэкаратыўнага мастацтва новая манстранцыя (даразахавальніца). 

Многія гісторыкі пішуць, што пасля смерці апошняга з роду Гаштольдаў – Станіслава – яго бацька адпісаў мноства каштоўных рэчаў Віленскаму катэдральнаму касцёлу. Але манстранцыя з’явілася тут толькі ў 1698 годзе. Невядома, хто яе вывез з Геранёнскага касцёла. 

Па звестках з “Памятных кніжак Віленскай губерніі” і метрычных кніг Геранёнскага касцёла ў той час пробашчам парафіі быў Казімір Пац. 

Вышыня манстранцыі 149,7 см. Выканана яна з пазалочанага срэбра ў строгім гатычным стылі. Па баках размешчаны кветкі, якія падтрымліваюць папярочную планку. 

На ёй з абодвух бакоў - статуэткі Святога Войцеха і Святога Станіслава. Над месцам для святых дароў на паўкруглай пляцоўцы - статуэтка Маці Божай з дзіцём Ісусам на руках. Тры гатычныя шпілі, на сярэднім - “Распяцце”, на крайніх – херувімы. 

Як вядома, пасля Вялікай Айчыннай вайны Віленская катэдра служыла карціннай галерэяй. А калі была адкрыта, як храм, з тайніка былі дастаны касцёльныя каштоўнасці.

Першая выстава касцёльнага срэбра адбылася ў г. Кракаве. Мая былая вучаніца Таццяна Сухарэўская-Паслак пабывала на гэтай выставе і прывезла кнігу “Скарбы катэдры віленскай”, выдадзеную ў 2009 годзе ў Кракаве, з якой ўзяты матэрыял для гэтага аповеда.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Алена СМАЛЯНІЧЭНКА.

 

Читайте ещё:



Оставить комментарий