ivyenews.by

Любая вёска

О малой родине

Маленькая прыгожая вёсачка Астраўцы Бакштаўскага сельсавета Іўеўскага раёна размешчана ў маляўнічым месцы на беразе ракі Бярэзіна. У даўнія часы, акрамя земляробства, жыхары займаліся сплавам лесу па рацэ.

Зараз вёска перажывае не лепшыя часы, таму што ў ёй засталося толькі 14 жыхароў і, у пераважнай большасці гэта пажылыя людзі. Ажывае вёска ў асноўным летам, калі наведаць бацькоў, правесці ў бабуль і дзядуль школьныя канікулы прыязджаюць дзеці і ўнукі.
Але на гэты раз такую місію на сябе ўзяў аддзел культурна-масавай і асветніцкай работы в. Бакшты, прадстаўнікі якога на мінулым тыдні арганізавалі тут свята "Любая вёска".
На свяце вялася гаворка аб прыгажосці навакольных мясцін, аб жыцці жыхароў, аб іх сем'ях, аб сумленнай працы, якой яны аддалі шмат гадоў свайго жыцця. Увага была нададзена гісторыі вёскі. Былі сказаны шчырыя словы падзякі аднавяскоўцам, якія мужна змагаліся з фашысцкімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І хоць цяпер іх ужо няма ў жывых, але памяць пра іх несмяротная.
Творчыя калектывы і выканаўцы аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы в. Бакшты падаравалі жыхарам вёскі добрыя песні. А тыя, у сваю чаргу, шчыра дзякавалі арганізатараў за праведзенае свята, за цяплыню і душэўнасць, за ўзняты настрой.

І. КАПУСТА,
вядучы метадыст аддзела народнай творчасці ДУК "Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу".

Читайте ещё:



Оставить комментарий