Язык:

РЭГІЁН. Ля рэчкі Гарачанкі прымасцілася мястэчка, ці Людскасць па-лаздунску…

О малой родине

Мала хто ведае, напэўна, пра маленькую рэчку Гарачанку, што цячэ яна ля Лаздунаў, былога мястэчка, а зараз аграгарадка Лаздуны1 - цэнтра філіяла “Азот Агра" УСП “Новы Двор-Агра”. Я і сама прачытала пра тое ў летапісе, што дзясяцігоддзямі стваралі вучні і настаўнікі мясцовага дзіцячага сада-сярэдняй школы, а таксама мясцовыя работнікі культуры. Прынамсі, колішняя сярэдняя школа была адной з лепшых у раёне, з цудоўнымі традыцыямі, з добрымі ведамі вучняў, з асаблівым развіццём у школе спорту і фізічнай культуры. Чаго варты толькі той факт, што ў 1964 годзе дзяўчынкі-баскетбалісткі малодшай групы пад кіраўніцтвам настаўніка Анатоля Мікалаевіча Сляпіцы занялі другое месца па баскетболе на Усесаюзных спаборніцтвах, якія праходзілі ў сусветна вядомым піянерскім лагеры "Артэк" на Чорным моры. Лепшымі за іх сталі толькі школьніцы з Арменіі. У1962 і 1964 гадах баскетбольная каманда дзяўчат стала чэмпіёнам рэспублікі ў малодшай узроставай групе.

Аднак жа, гэта проста маленькае адступленне. А зараз мы павядзем гутарку з гаспадаром рэгіёна, старшынёй Лаздунскага сельскага выканаўчага камітэта Станіславам Іванавічам Кузьмічом у спадзяванні зрабіць экскурс у мінулае і дзень сённяшні. Тым больш, што Станіслаў Іванавіч, які каля паўтара года ўзначальвае мясцовую выканаўчую ўладу, чалавек тут не зусім новы. Да таго, як стаць начальнікам Іўеўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, працаваў прарабам калгаснай будаўнічай брыгады ў Лаздунах, людзей ведае яшчэ з тых часін.
Лаздуны - былое мястэчка і вёска, цэнтр сельсавета, на гасцінцы Юрацішкі- Лугамавічы - Мікалаева, ля рэчкі Гарачанкі, колішняе ўладанне пана Корвін-Мілеўскага, з прыгожым, пабудаваным у гатычным стылі, касцёлам, палацам і паркам.
Паданні сведчаць, што ў далёкія-далёкія часіны землі тут запрыкмецілі нашы прашчуры з крывіцка-дрыгавіцкіх плямёнаў, якія паступова асіміляваліся з балтамі.
Канкрэтных звестак аб узнікненні вёскі не змаглі знайсці тутэйшыя краязнаўцы, як і навукоўцы.
Больш пазнейшыя пісьмовыя крыніцы паказваюць цесныя сувязі Лаздун з Геранёнамі, вядомымі яшчэ з часоў Крыжацкіх хронік. Лаздуны, як і Геранёны, Суботнікі, належалі магнатам Вялікага княства Літоўскага Гаштольдам, а потым Радзівілам.
Радзівілы аддавалі Лаздуны ў заклад іншым панам і на доўгі час. Апошні ардынат Радзівіл у 1806 годзе падарыў Лаздуны Валадкевічам, якія хутка прадалі іх Самуэлю Волку - Ланеўскаму.
Мястэчка і маёнтак належалі памешчыку Волку ажно да адмены прыгоннага права. Пасля смерці пана Волка, у 1850 годзе ўладанні перайшлі да яго зяця Оскара Корвін-Мілеўскага. Уладанні маёнтка былі вялікімі. Яны прасціраліся на тэрыторыях сучасных Лаздунскага, Лелюкінскага, Бакштаўскага і Лежневіцкага сельсаветаў.
У выніку падзелу сямейных уладанняў у 1876 годзе Іпаліт Корвін-Мілеўскі (унук Волка) атрымаў ва ўласнасць вёскі Лаздуны, Карэшаняты, Русачкі, Ізабелін, Мягавічы, Бяжэмцы, Бобравічы, Няровы і іншыя, агульнай плошчай 4000 дзесяцін. Маёнтак знаходзіўся ў мястэчку Лаздуны.
Новы памешчык закончыў Парыжскі ўніверсітэт, з'яўляўся членам Расійскай Дзяржаўнай Думы. Гаспадарка вялася па тых часах на высокім узроўні, інтэнсіўна.
Іпаліт Корвін-Мілеўскі (1848-1932) быў асобай знакавай. У 20 гадоў закончыў юрфак Дзерпцкага універсітэта (Эстонія). Рана атрымаў навуковую ступень доктара права, служыў у сенаце Расіі.
У Лаздунах у свой час рабіў прыпынак маршалак Юзаф Пілсудскі, які правёў тут дэфіляду (парадны агляд войска).
У 1924-1926 гадах маёнтак быў прададзены. (Тэма Корвін-Мілеўскіх вельмі часта ўздымалася на старонках раённай газеты. І мы не будзем паглыбляцца сёння ў яе. А тым, хто цікавіцца падрабязнасцямі, можам параіць зазірнуць на сайт Бобравіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы ці пагартаць падшыўкі раённай газеты).
Між іншым, самым першым старшынёй сельскага Савета стаў Іван Мікалаевіч Пятрухін.
Візітнай карткай вёскі з'яўляецца і каталіцкі касцёл, пабудаваны ў 1910 годзе.
Сёння на тэрыторыі Лаздунскага сельсавета знаходзяцца 12 населеных пунктаў (адзін аграгарадок і 11 вёсак). Колькасць людзей, якія жывуць на тэрыторыі сельсавета - 1293 чалавекі. У тым ліку ў аграгарадку - 882.


Як і ў кожным цэнтры сельскагаспадарчага прадпрыемства, кожным аграгарадку маецца развітая інфраструктура: амбулаторную дапамогу насель-ніцтву аказвае Бобравіцкая ўрачэбная амбулаторыя, паслугі адукацыі прадстаўлены дзяржаўнай установай адукацыі "Вучэбна-педагагічны комплекс "Бобравіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа": 104 вучні і 25 дашкольнікаў. Яшчэ жыве ўстанова і яшчэ гучаць у ёй галасы дзяцей. Што можа быць галоўнейшым для сённяшняй вёскі, нават, калі яна і носіць назву аграгарадка?!
На тэрыторыі сельсавета і ў аграгарадку дзейнічае адно дзяржаўнае прадпрыемства гандлю і дзве камерцыйныя гандлёвыя кропкі. Праблему забеспячэння людзей таварамі штодзённага попыту дапамагаюць таксама вырашаць перасоўныя аўтамагазіны Іўеўскага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства і індывідуальныя прадпрымальнікі.
Шмат апошнім часам (на працягу дзясяцігоддзя) закрылася розных устаноў абслугоў-вання людзей. Закрылася, бо не было сэнсу іх трымаць: значна зменшылася колькасць вяскоўцаў. Аднак, па словах старшыні, людзі не засталіся сам-на сам са сваімі патрэбамі і праблемамі. Так, з 1 жніўня 2016 года на тэрыторыі сельсавета бытавыя паслугі насельніцтву аказвае прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства "Бойса і К". Усё, што патрэбна і для радасці, і для свята, і для самотных, жалобных хвілін у жыцці чалавека, можна набыць у работнікаў прыватнага прадпрыемства. Прымаюць яны заказы на рамонт абутку, на пашыў асобных вырабаў, бяруць рэчы ў хімчыстку і г.д. Карацей кажучы, займаюцца ўсім тым, што некалі рабілі вясковыя "бытоўкі".
Гаварыў старшыня пра рэчы прыемныя, добрыя, гаварыў пра выдатную работу ўстановы культуры, бібліятэкі, паштовай сувязі. Закранаў Станіслаў Іванавіч і тэмы набалелыя, якімі сельвыканкамам належыць займацца паўсюдна. Гэта і сем'і, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і грамадзяне, якія злоўжываюць алкаголем, і абавязаныя асобы. Усе сацыяльныя грымасы часу прадстаўлены і ў гэтым сельсавеце, але ўлада на тое і ўлада, каб іх выкараняць ці хоць бы пазбегнуць найгоршых наступстваў.


Тут, як лічыць старшыня, патрэбна выхаванне. Выхаванне не словамі, а прыкладамі, расказамі пра людзей, пра сапраўдныя сем'і, якіх у рэгіёне шмат, якія годна трымаюць марку знакамітага здаўна рэгіёна. Знакамітага на людзей праца-вітых, якія жывуць з Богам у сэрцы, па-шляхетнаму трымаюць сябе ў становішчы людскасці. Ёсць такое слова ў нашай мілагучнай мове. Яно такое ёмкае, такое значнае, так характарызуе кожнага, хто мае тую людскасць. Вось сёння, зыходзячы з парады старшыні сельвыканкама, мы і паспрабуем вам расказаць пра гэта…

Куцця ў бацькоўскай хаце…

У святы вечар перад Калядамі ў прасторнай хаце Уладзіславы Аляксандраўны і Генадзя Аўгусцінавіча Кайрысаў з Бачэшнікаў яблыку няма дзе ўпасці ў поўным сэнсе гэтага слова. Таму што на гэты вечар, дзе б хто ні быў з іх дзяцей, абавязкова яны спяшаюцца пад бацькоўскае крыло. Так было ў беларусаў здаўна. Так засталося ў добрых сем'ях і па дзень сённяшні.

Сталы накрываюцца ва ўсіх пакоях. Гэта не штука - пасадзіць у вясковай хаце дваіх дачок, дваіх сыноў, іх мужэй і жонак, 11 унукаў (тры дзяўчынкі і восем мужыкоў, як кажа дзед), адну праўнучку… І сям'я ўсё большае. Яшчэ ж далёка не ўсе ўнукі пажаніліся і замуж выйшлі… Ды нішто! Тут заўжды былі рады і дзецям, і ўнукам, і сваім, родным, і чужых маглі абагрэць і пакарміць.
Ды чужых, бадай што, для Кайрысаў тут ужо няма. Муж родам з былых хутароў Бачэшнікі, а жонку, зусім яшчэ юную Уладзю, сустрэў у вёсцы Дзешавічы, дзе працаваў на асушэнні балот у складзе брыгады меліяратаў з Лаздунскай ПМК. Бацькі адразу ж упадабалі сур'- ёзнага юнака і больш за дзяўчыну хацелі, каб яна замуж за яго выйшла. Выйшла. І да гэтае пары не пашкадавала аб тым. Лёгкага жыцця на вёсцы не бывае. Аднак, калі разам, калі паважаць і кахаць адзін другога, дапамагаць, то нешта будзе. А з цягам часу і надта добра атрымаецца.
Я паехала да Кайрысаў не проста так. Уладзіслава Аляксандраўна зараз з'яўляецца старастам вёскі. І лепшага старасту цяжка знайсці. Таму што яна колісь была тут загадчыцай вялі-кай малочнатаварнай фермы (заатэхнік па адукацыі), а потым - брыгадзірам. А брыгадзір - галоўнейшы "начальнік" на сяле. За ўсё адказвае, усё ведае, кіруе і працай, і жыццём вёскі.
Характар у яе быў такі, што не ў кожнага мужчыны знойдзеш. Быў у загадчыцы вытворчага ўчастка калгаса грузавы аўтамабіль з вадзіцелем, а калі той заняты, "ганяла" маладая асоба на матацыкле "ІЖ". І гультаі баяліся, што зараз з-за лесу, у віхуры пылу з'явіцца гэтая прыгожая і адначасова такая сур'ёзная "брыгадзірка". У асобных і зараз застаўся той страх, успамінае з усмешкай мая суразмоўца.
У сям'і, як я ўжо казала, чацвёра дзяцей. І неяк само па сабе ўзнікла пытанне: як жа можна было займаць такую цяжкую, такую адказную пасаду і дзяцей выхоўваць адначасова? Уладзіслава Аляксандраўна разам з мужам усміхаюцца:
- Скардзяцца людзі, што жыць зараз цяжка. Не ведаюць яны, што такое цяжка. Вось пажылі б раней. Дэкрэтны водпуск маленькі, некалькі месяцаў. Апошняму дзіцяці бадай што і не давялося гушкацца на маіх руках. Толькі-толькі адыйшла ад родаў, а праз месяц ці крыху больш ужо Анатоль Вікулавіч Андрэеў на парозе: "Выйдзі працаваць, няма каму цябе замяніць". А ці ж можна было не паслухаць такога старшыню! Дзіця ў рукі і на ферму бягом!? А потым - з сабой у брыгадзірскую машыну. Так і возіш увесь дзень. Свякруха, як магла яшчэ, дапамагала. А потым дзеці адзін другога глядзелі, урокі вучылі разам. Старэйшыя дапамагалі меншым. І кожны разумеў, што бацькам цяжка, трэба дапамагаць, трэба слухацца. Мы іх вучылі працаваць, адказваць за свае ўчынкі. І дзеці нашы выраслі стараёнцымі…
Стараёнцыя… Цікавае і вельмі ёмкае слова з мясцовага дыялекту. Я адразу ж зразумела, што мае на ўвазе жанчына. Стараннымі выраслі дзеці, гаспадарчымі, працавітымі. Імкнуцца, каб і дрэва пасадзіць, і хату збудаваць, і дзяцей выхаваць, на ногі паставіць. Усё маюць, дзякуючы сваёй працы. І зараз ужо не бацькі пакуюць сумкі і мяшкі паляндвіцамі ды кілбасамі.. Бацькам цяжка, дзеці забаранілі ім трымаць гаспадарку (некалі яна была агромістай). Самі трымаюць і бацькоў забяспечваюць.
Уладзіслава Аляксандраўна зімой вяжа шкарпэткі, іншыя рэчы, чытае, глядзіць телевізар. Вясной і ўлетку яшчэ з мужам садзяць агарод. Ужо няма, як раней, вялікай тэхнікі, замянілі яе на маленькі мотаблок. Таксама на прысядзібным участку вельмі шмат кветак, якія вабяць вока з вясны да позняй восені. І выконвае жанчына абавязкі старасты. Бадай што, таго ж самага загадчыка ўчастка. Гэта значыць, глядзіць за парадкам у вёсцы, трымае сувязь з сельвыканкамам. Яна адзначае, што ў іх рэгіёне ніколі не было дрэнных старшынь сельсавета. І цяперашні, Станіслаў Іванавіч Кузьміч, - чалавек сур'ёзны, памяркоўны. Як жа такога не паслухаць, не дапамагчы…
Але, мне здаецца, справа не толькі ў разумным старшыні. Справа ў тым, што на такіх людзях і сем'ях, як Кайрысы, і трымаецца вёска. Нездарма ж мае Уладзіслава Аляксандраўна медаль "За доблестный труд". Слова гэтае - "доблесть"- гаворыць само за сябе. У перакладзе з стараславянскай мовы азначае "годнасць, здольнасць". Здольнасць жыць па-чалавечы і годна паводзіць сябе і дома, і сярод людзей.

Вялікае сэрца маці

…Мы сустракаліся з людзьмі, якіх назваў старшыня. І перад візітам да Ядвігі Аляксандраўны Мірончык, я пацікавілася ў людзей, а чым яшчэ адметна гэтая жанчына, акрамя таго, што сын яе - высокі сталічны чыноўнік? Зразумейце правільна, трэба хоць крышачку ведаць, да каго ідзеш. А мне адказалі:
- Самі пабачыце. Адно скажам, гэта такі добры чалавек, якіх мала знойдзеш.

…У снежнай замеці - вялікі цагляны дом з прыгожым грунтоўным плотам, з вялікім прысядзібным участкам, а насустрач - зграбная невысокая жанчынка з бярэмем дроў. І кінулася да нас усмешка - шчырая, сардэчная, адкрытая і, разам з тым, крышачку дзявочая, сарамлівая. Здаецца, жанчына толькі нас і чакала, толькі нам і рада. Вось так упершыню ўбачылі мы гаспадыню гэтага дома па Савецкай вуліцы ў Лаздунах.
Ядвіга Аляксандраўна Мірончык - маці шасці дзяцей, з моладу ўдавіца, павяла нас у свой дом. Некалі муж яшчэ атрымаў гэтую будыніну ад калгаса імя Кірава. І да гэтае пары здзіўляюць тыя калгасныя домікі сваімі памерамі і грунтоўным будаўніцтвам.
З гадамі змяніўся статус дома. Ён больш не калгасны - яго выкупіла Ядвіга Аляксандраўна. Ён свой. Не змянілася адно - адвечны парадак і чысці-ня, якія тут пануюць. Ёсць такія хаціны, такія кватэры, дзе заўжды на першым плане ўтульная ахайнасць (опрятность), дзе добра прыжываюцца традыцыі і сямейныя звычаі, дзе доўга жывуць успаміны. І дзе нават у цемры, працягнуўшы руку, можна ўзяць патрэбную рэч, бо яна заўжды на адным і тым жа месцы ўжо шмат гадоў.
Гаспадыняй такога цудоўнага сямейнага гнязда з'яўляецца і наша суразмоўца.
Затрэскалі дровы ў грубцы катла, а мы пачалі гутарыць пра жыццё-быццё. Гэта сёння яно забяспечанае, спакойнае, ціхае. Гэта сёння, калі прыязджаюць дзеці і ўнукі, яна становіцца госцей у сваёй хаце: і стол накрыюць, і прагатуюць прысмакі, і прыбяруць… А некалі ўсё і яшчэ крышачку больш рабіла яна адна. Не, безумоўна, дзеці падрасталі і станавіліся памочнікамі самымі сапраўднымі, аднак адной падымаць шасцёра дзяцей!?
Самаму малодшаму было 11, калі не стала мужа. Усё звалілася на яе плечы. Ды гэта не самае страшнае, як лічыць Ядвіга Аляксандраўна. Страшней за ўсё было перажыць службу ў войску чатырох сыноў.
Менавіта з войскам былі звязаны яе сардэчныя пакуты. У жніўні 1968 года, калі дзетак яшчэ было ў Мірончыкаў чацвёра (малодшаму два гады) мужа Уладзіміра Міхайлавіча, калгаснага вадзіцеля, паднялі ноччу па прыказе ваенкамата. Разам са сваім грузавіком удзельнічаў ён у вядомых чэхаславацкіх падзеях, калі ў Чэхаславакію былі ўведзены войскі краін Варшаўскай дамоўленасці.
…Муж вярнуўся толькі перад кастрычніцкімі святамі, у лістападзе. Тады і прыжыўся ў яе душы непакой за сваіх мужчын.
Сыны служылі ў розных месцах. Усе далёка. Аляксандр пад Масквой, Сяргей у Ашхабадзе, Уладзімір у Калінінградзе, Міхаіл у "Манголіі"… Сённяшні начальнік Дэпартамента якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Уладзіміравіч Мірончык, яе сынок, праз год пасля смерці бацькі, пасля двух курсаў універсітэта пайшоў служыць тэрміновую службу. Пісаў кранаючыя любоўю да маці, братоў і сясцёр лісты з "Манголіі". Адрас у хлопцаў, што служылі за мяжой, быў аднолькавы - "Палявая пошта". І толькі праз год з паловай даведалася маці, што "Манголія" сына знаходзіцца ў… Афганістане. Паўтара года дзеці бераглі мацярынскае сэрца ад болю, ад страху, ад роспачы… Ці не доказ гэта таго, якіх дзяцей выхавала гэтая простая жанчына!? Нават суседзі памятаюць, як вучыла яна малодшых сыноў (бацька не паспеў) касіць, дровы шчапаць, быць гаспадарамі. Каб і працу ведалі, і дапамагчы маглі.
Вось цяпер яны, смяецца Ядвіга Аляксандраўна, як святочна - працоўны дэсант. Панаедуць усе. І радасць, і дапамога! Два сыны жывуць у Мінску, адзін - у Калінінградзе, яшчэ адзін тут жа, у Лаздунах, абедзьве дачкі ў Лідзе.
Дзеля іх некалі адмовілася яна ад магчымасці атрымаць адукацыю - вучылася на бухгалтара, працавала ў бухгалтэрыі калгаса, потым у ПМС. Так і не скончыла сваю вучобу - пайшлі дзеці. А гэта - галоўней і кар'еры, і пасады. Аднак працавала ад цямна і да цямна. Вяла бухгалтэрыю жыллёва-камунальнага ўчастка ПМК і ведамаснага дзіцячага садка, ужо нават знаходзячыся на пенсіі.
У бабулі Ядвігі 7 унукаў і 7 праўнукаў. Унукі летнія канікулы праводзілі ў Лаздунах.
І зараз, прыязджаючы да бабулі, з задавальненнем успамінаюць і "паходы на прыроду", калі бралі з сабой лустачкі і хадзілі пасядзець на вялікі камень недалека ад дома (далей бабуля не дазваляла), і самыя смачныя ў свеце ранішнія бліны са смажаным салам і яйкамі, а таксама бабуліны варэнікі. А смачныя яны былі яшчэ і таму, што ўсе разам ішлі ў лес, збіралі чарніцы, а потым бабуля ляпіла цэлы стол смачнасцей з ягадамі. Такія цёплыя ўспаміны дапамагаюць кожнаму жыць, напаўняюць душу святлом любові такога незаменнага, такога цудоўнага і непаўторнага чалавека, як сапраўдная маці ці бабуля…
Ядвіга Аляксандраўна вельмі сціплы чалавек адносна таго, каб кагосьці нагрузіць сваімі праблемамі. А вось сама гатова дапамагчы кожнаму. Раней абавязкова капаць бульбу вяскоўцам хадзіла, з дзецьмі чужымі магла пасядзець, калі бацькам не было часу. Не магла без работы ні дома, ні на людзях.
На вуліцы зіма, занесены снегам двор чакае цяпла, калі жвавая гаспадынька зноў возьмецца ўпрыгожваць яго кветкамі. Яны палымнеюць з кожнага кутка. І Ядвіга Аляксандраўна заўжды прымае ўдзел у рэгіянальным свяце "Кветкавы калейдаскоп", які традыцыйна кожнае лета ладзяць работнікі мясцовай установы культуры.
А пакуль прыйдзе час кветак і агарода, яна чытае. У асноўным перыёдыку - на канапе ляжыць стос газет. І дом разам з гаспадыняй заўжды чакае сваіх самых дарагіх гасцей - дзяцей і ўнукаў.
Некалі, яшчэ зусім маладой, прачытала выказванне кітайскага філосафа Канфуцыя "Почитать своих родителей - это, прежде всего, заботиться о себе". Не магла адразу пага-дзіцца з гэтым. А потым зразумела. І сапраўды, што больш за ўсё непакоіць нашых бацькоў, становіцца прычынай іх незадаволенасці жыццём, як непаладкі ў дзяцей, іх нядобрыя паводзіны і г.д. Таму і вольна стукае сэрца маці, што дзеці прынялі яе навуку жыцця…

Кветкі Настаўніку…

…У школе быў вечар сустрэчы выпускнікоў. Ядвіга Іосіфаўна Кучук, настаўніца-пенсіянерка Бобравіцкай сярэдняй школы (менавіта так тады называлася гэтая ўстанова адукацыі) не пайшла на яго.

Так здарылася ўпершыню. І яна сядзела ля акна, уяўляючы, як школу напаўняюць юнакі і дзяўчаты, людзі больш сталага ўзросту, якія некалі шумнымі стайкамі бегалі па школьных калідорах, сядзелі за партамі. Былі сур'ёзнымі і неслухамі, стараннымі і не надта - былі дзецьмі, якіх яна, настаўніца пачатковых класаў, любіла самааддана.
Раптам ля дома затармазіла аўтамашына, і да яе у двор зайшлі тры маладыя мужчыны.
- Мае хлопчыкі, якія летась адзначаюць 25-годдзе заканчэння школы, - расчулена ўсміхалася былая настаўніца, - прынеслі мне прыгожы букет кветак.
І яна пачынае іх называць: Вовачка Мусік, Сашка Дзядуль, Юра Канапацкі… Дзе яшчэ мужчын, якім больш за сорак годоў, будуць называць ласкава дзіцячымі імёнамі, як не ў школе, як не першая настаўніца? А Ядвіга Іосіфаўна з той плеяды пасляваенных настаўніц, якія сваім дыханнем грэлі дзеткам рукі ў халодных класных пакоях, якія не выпускалі іх на халодную вуліцу, не праверыўшы, ці завязаны шнуркі на чаравіках, завязкі на шапках, ці зашпілены гузікі.
Мне нядаўна старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі Станіслава Стані-славаўна Захар расказвала, як яе першая настаўніца Галіна Міхайлаўна Бутурля пратаптывала ім сцежкі, каб яны не патанулі ў сумётах, ідучы па полі ад школы да гасцінца…
Вось такімі былі настаўнікі. І Ядвіга Іосіфаўна таксама. Калі пачалася вайна, ёй было ўжо пяць гадоў. Дзіцячыя ўспаміны часта бываюць таксама балючымі і асабліва ўражлівымі. І памятае яна, як хавала сям'я ў лесе адну са сваіх кароў, таму што напачатку вайны з'явіліся людзі, якія называлі сябе партызанамі, а насамрэч справе займаліся рабаўніцтвам, адбіралі апошняе. І яе бацькі прывялі з лесу схаваную кароўку і аддалі суседцы, якая адна выхоўвала пяцёра дзяцей і ў якой забралі адзіную карову.
Аднойчы маці пабілі гэтыя "партызаны", каб аддала ўсяго забітага кабанчыка… Кожную ноч баяліся заснуць і дарослыя, і дзеці. Пасля вайны з'явіліся новыя лясныя "героі". Шмат прыйшлося паспытаць людзям.
Сям'я жыла на хутары. У 1945 годзе ў Бобравічах адкрылі школу. Вучыцца адправілі ў яе толькі брата. Ядвігу бацькі не пусцілі. Але здольная дзяўчынка навучылася і пісаць, і чытаць ад брата, а праз год бацькі зразумелі, што вучыць і дзяўчынак трэба. Паглядзеўшы, што можа дзесяцігадовы падлетак, яе ўзялі адразу ў другі клас. Закончыла сямігодку дзяўчына з выдатным пасведчаннем. І паступіла ў Ашмянскае педагагічнае вучылішча.
У 1956 годзе пачала настаўнічаць у раёне. А ў 1963 годзе выйшла замуж і перайшла працаваць у Бобравіцкую школу. З яе і на заслужаны адпачынак пайшла.
Некалькі сотняў хлопчыкаў і дзяўчынак прайшлі свае першыя ўніверсітэты ў гэтай цудоўнай настаўніцы. Узнагародай за шматгадовую працу сталі падзячныя граматы, лісты, а таксама памяць яе вучняў. Гэта самае галоўнае для кожнага настаўніка, таму што яго сіла, яго значнасць менавіта ў поспехах яго вучняў.
Яна была сапраўднай настаўніцай-актывісткай. Актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, добра спявала, ездзіла шмат на эксурсіі па ўсім Савецкім Саюзе, шмат пабачыла. Займалася спортам, таленавіта малявала, нават урокі малявання вяла. Аб гэтым яе таленце гавораць пакоі хаты Ядвігі Іосіфаўны Кучук. На сценах няма шпалераў, няма розных навамодных матэрыялаў для аздаблення. Сцены памаляваныя ў пяшчотны блакітны колер, на якім з густам размешчаны маляваныя кветкі. Усё гэта рабіла гаспадыня дома. А ў спальні на сцяне - дыван, які таксама яна намалявала. І, ведаеце, зусім не горшы за сапраўдныя дываны. Прыгожы драўляны плот ля хаты Ядвіга Іосіфаўна таксама вымалявала з добрым эстэтычным густам і прыгожа. Яна ў свае 83 гады яшчэ сапраўдная гаспадыня, якая мае густ, ведае, што хоча бачыць у сваім доме, утрымлівае яго ў чысціні і парадку. Вельмі прыемна сустракаць такіх людзей.
Сям'я ў Ядвігі Іосіфаўны невялікая. Адну дачушку даў ім Бог. Алена зараз разам з мужам жыве ў Лаздунах. Былы бухгалтар ПМК, зараз працуе ў органах статыстыкі. У настаўніцы-пенсіянеркі два ўнукі і тры праўнукі. Усе хлопчыкі, як кажа яна. Значыць - мужчыны, ёсць на каго спадзявацца, ад каго чакаць дапамогі.
Яна працягвае хадзіць у касцёл, яшчэ ездзіць на веласіпедзе. Яе памятаюць вучні, калегі, побач жывуць дзеці, добра і з павагай адносяцца аднавяскоўцы. Жыццё працягваецца. І хоць засталіся ад былога толькі ўспаміны, як яна кажа, фотаздымкі ды цэлы стос грамат, аднак жыццё пражыта не здарма.

Спявае
"Спадчына",
жыве вёска

…Кажуць, лёс чалавека пішацца на нябёсах. І нічога супраць таго не паробіш. Наканавана табе і ўсё тут.


Дзяўчынка з Лаздун, дачка Кудрашовых, што працавалі ў мясцовай перасоўнай механізаванай калоне, мелі дачыненне да галоўнай арганізацыі меліяратараў раёна, паступіла ў радыётэхнічнае вучылішча ў Маладзечна. Была такая навучальная ўстанова, дзе прымалі без экзаменаў, аднак паступалі туды нават выдатнікі. Вучылішча давала і адукацыю добрую, і пасля яго ўжо ніяк не вернешся ў вёску (усім жа хацелася жыць і працаваць у горадзе). У асноўным выпускнікі ішлі працаваць на радыёмеханічны завод "Спутнік".
Па такім жа сцэнарыі адбылося ўсё і ў Вольгі Кудрашовай. Працавала мантажнікам радыёапаратуры. Аднак, зусім не радаваў горад. Не ўздымалася там сонца з-за вежаў касцёла, не спускаліся сінія прыцемкі над возерам… Адчайна не хапала вёскі. І так невыносна цяжка было пасля выхадных дзён вяртацца ў горад. Мудрыя бацькі вырашылі, што з гэтым нешта патрэбна рабіць. І ўсе разам скончылі яе "кар'еру" у горадзе. Вольга вярнулася дамоў.
Працавала сакратаром старшыні калгаса імя Кірава, паступіла завочна ў Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут. Стала аграномам. Была вызваленым сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса.
Калі распаўся СССР, засталася без работы. А ў 1991 годзе ёй прапанавалі пасаду дырэктара мясцовага Дома культуры…
28 гадоў Вольга Міхайлаўна Шурпіцкая ведае "душой народа". Так называюць культуру. Так яно і ёсць. Сёння немагчыма ўявіць ніводную падзею аграгарадка без талентаў аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы.
За амаль тры дзесяцігоддзі яна зразумела, што знайшла менавіта сваю справу жыцця. Было цяжка пачынаць, уваходзіць у курс справы. А потым быццам уся яе істота ажыла ў штодзённым плёне творчасці. Дапамагала і тое, што яна заўжды ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Дом культуры не быў нечым нязвыклым ці незнаёмым. Тым больш, што ў 1990-2000-я гады яшчэ гудзела вёска моладдзю, яшчэ было каму спяваць, танцаваць, граць у самадзейных спектаклях. І кіпела жыццё. А яна са сваімі здольнасцямі арганізатара гэтую кіпучую энергію накіроўвала ў патрэбнае рэчышча.
Разам з прафесіянальным музыкантам Таццянай Мікалаеўнай Худык яны арганізавалі вакальную групу, якая пераўтварылася ў ансамбль народнай песні "Спадчына". А ў 1996 годзе калектыў атрымаў пачэснае званне народнага. Сёння народны ансамбль народнай музыкі "Спадчына" - удзельнік усіх значных канцэртаў, мерапрыемстваў, праектаў не толькі ў сябе дома, але і на раённай і абласной сцэнах.
І Вольга Міхайлаўна не толькі кіраўнік установы культуры, у якой так віруе жыццё, яна і сама актыўная ўдзельніца ўсіх мерапрыемстваў, усіх канцэртаў.
А якое брэндавае свята ладзяць лаздунскія культработнікі! Іх "Кветкавы калейдаскоп" - гэта фейерверк колераў, фарбаў, водару і прыгажосці. Галоўнымі ж героямі становяцца кветкі і іх гаспадыні з усяго аграгарадка.
— Наш калектыў, — кажа Вольга Міхайлаўна,- гэта мая душа, гэта людзі, што дапамагаюць не толькі творча працаваць, але і жыць па-чалавечы, не зважаючы на розныя жыццёвыя непаладкі. Гэтую "душу" складаюць: мастацкі кіраўнік аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы Жана Хадарцэвіч, хормайстар аддзела Тэрэза Рыбачонак, хормайстар народнага ансамбля народнай песні "Спадчына" Алена Козел. Пяюць у ансамблі таксама работнікі сельгасгаспадаркі, вучні старэйшых класаў школы, жыхары аграгарадка.
А яшчэ культработнікі і іх кіраўнік - гэта сапраўдныя ідэалагічныя партнёры сельвыканкама і філіяла “Азот Агра”. Разам зажынаюць першы сноп, разам вітаюць герояў жніва і іншых сельскагаспадарчых кампаній. Мова песні, добрага гумару, цудоўнага танца - мова, якая не патрабуе перакладу. У ёй усё зразумела, яна ўсё ставіць на патрэбнае месца… І, дзякаваць Богу, ёсць людзі (і Вольга Міхайлаўна Шурпіцкая сярод іх), якія валодаюць гэтай мовай дасканала, ладзячы людзям святы для душы і адпачынку.

P.S. Вось мы і паспрабавалі, зыходзячы з парады Станіслава Іванавіча Кузьміча, расказаць вам пра людзей, на якіх трымаецца вёска канкрэтнага рэгіёна - Лаздунскага сельсавета. Нам асабіста здалося, што жывуць тут нашчадкі, годныя тых слаўных спраў, якімі славіліся землі колішняга ўладара Іпаліта Корвін-Мілеўскага, і тых людзей, якія ўздымалі народную гаспадарку рэгіёна ўсе гэтыя часіны.

Рэгіён наведалі:
В. ГУЛІДАВА, С. ЗЯНКЕВІЧ (фота).

 

 

 

Теги

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.