ivyenews.by

Добрая звычка - быць шчаслівым

О людях...

Кожнаму дзіцяці неабходны дарослы чалавек, які дапаможа яму ў цяжкія моманты жыцця, абароніць, дасць параду, адгаворыць ад неабдуманага ўчынку. Добра, канешне, калі гэтым чалавекам з'яўляецца бацька ці маці. Але, на жаль, далёка не ўсе бацькі спраўляюцца з гэтай роляй. І тады на змену ім прыходзяць іншыя: педагогі, прыёмныя бацькі, апекуны.

Рашэнне ўзяць у сваю сям'ю дзіця, якое засталося без апекі бацькоў, - вельмі нялёгкі і адказны крок. Людзі робяць яго пад уплывам розных абставін. Гэта можа быць жаданне стаць бацькамі і падарыць сваю любоў маленькаму чалавечку або жаданне дапамагчы канкрэтнаму дзіцяці набыць сям'ю і дом. У любым выпадку, гэта рашэнне дастойна павагі.
Дзеці, якія застаюцца без апекі бацькоў, - гэта маленькія дарослыя з велізарным жыццёвым вопытам. І гэты вопыт, як правіла, не заўсёды пазітыўны. Некаторым з іх прыйшлося перажыць такое, ад чаго любы дарослы прыйшоў бы у роспач: страх, здрада самых блізкіх людзей. Дзіця, якое засталося без апекі бацькоў, чакае, што прыёмная або апякунская сям'я дапаможа перажыць нягоды, якія сустрэліся яму на жыццёвым шляху.
На дадзены момант у нашай установе адукацыі адна апякунская сям'я, у якой пражывае адна дзяўчынка Дзіяна. У дзяўчынкі свая сямейная гісторыя, часам сумная і нават трагічная.
Пачалося ўсе вельмі даўно. Калі дзяўчынцы было некалькі месяцаў - не стала таты, а праз пару год і маці. Новай сям'ёй для маленькай Дзіяны стала сям'я Ніны Аляксееўны і Мікалая Аляксандравіча Шэмет. На працягу некалькіх год у шматдзетнай сям'і было ўтульна і весела. Ніна Аляксееўна старалася, каб Дзіяне ў новым доме было добра: дапамагала ў вучобе, падбадзёрвала, радавалася поспехам.
Бяда прыйшла нечакана. Ніны Аляксееўны не стала… Цяжка было ўсвядоміць тое, што дзяўчынка зноў адна. У гэты цяжкі момант у кабінет дырэктара зайшла жанчына, родная сястра Ніны Аляксееўны, - Любоў Аляксееўна Мікішка. Матывацыя ўзяць дзяўчынку пад апеку была простай: "Ногі самі прывялі мяне да вас… Я хачу, каб Дзіяна жыла ў мяне".
Наш дом - гэта месца, дзе цябе выслухаюць і зразумеюць, а калі трэба - дапамогуць. Месца даверу і ўзаемаразумення - так кажуць уласныя дзеці Любові Аляксееўны, ужо дарослыя Аляксей і Настасся.
Больш года Любоў Аляксееўна аддае сваю назапашаную ласку і пяшчоту новаму члену сваёй сям'і. "Я ведаю, што яшчэ будуць і радасці, і смутак, але адчуванне таго, што ўсё нездарма - гэта тое, што рухае мной і дапамагае спраўляцца з цяжкасцямі", - гаворыць Любоў Аляксееўна.

І. Рашкевіч, педагог-псіхолаг, педагог сацыяльны Бакштаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы.

Читайте ещё:



Оставить комментарий