ivyenews.by

Стогадовая юбілярка. Працалюбства - у генах

О людях...

4 студзеня 2020 года спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Яніны Антонаўны Туркевіч, жыхаркі Жамыслаўля, у савецкія часы - знатнай даяркі Іўеўшчыны, кавалера двух ордэнаў Леніна, прозвішча якой не аднойчы гучала сярод лепшых перадавікоў сельскай гаспадаркі СССР.
Біяграфія гэтай славутай жанчыны, якая і цяпер пражывае ў Жамыслаўлі, была б няпоўнай без заслужанай біяграфіі яе дачкі Ірыны Аніскевіч, якая таксама выбрала прафесію даяркі, працавала побач са сваёй матуляй на ферме "Жамыслаўль" і таксама дабілася высокіх паказчыкаў у працы, адзначаных дзяржавай ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі і "Знак Пашаны".
Чытачам раённай газеты мы прапануем нарыс пра жыццёвы шлях знакамітай жанчыны і працаўніцы Яніны Антонаўны Туркевіч і яе дачкі Ірыны.

Цяжкасці гартавалі характар

Яніна Антонаўна Туркевіч нарадзілася 4 студзеня 1920 года ў мястэчку Ліпнішкі. Яе бацькі Антон і Станіслава Горбачы былі родам з Жамыслаўля, але ў маладосці паехалі працаваць у маёнтак Ліпнішкі да пана Вольскага. Сям'я была бедная, не мела ўласнай зямлі, а ў пана можна было зарабіць грошы на пражыццё. Антон Горбач працаваў панскім фурманам, а яго жонка Станіслава была хатняй гаспадыняй і гадавала дзяцей. Іх у Горбачаў было чацвёра: старэйшая дачка Яніна, малодшыя - сын Юзаф, дочкі Юзэфа і Крысціна.

У Ліпнішках Яніна скончыла 6 класаў польскай школы і з юнацкіх гадоў пайшла працаваць да Вольскіх на палявыя работы.
У 1938 годзе сям'я Горбачаў пераехала з Ліпнішак у родныя мясціны - фальварак Рудню графіні Умястоўскай і пасялілася ў доме, пабудаваным для панскіх парабкаў. Праз год Яніна выйшла замуж за мясцовага хлопца з Рудні Станіслава Туркевіча. Ён быў бедны, зямлі не меў, на работу хадзіў у маёнтак, які графіня ў 1927 годзе перадала з правам гаспадарання Віленскаму сельскагаспадарчаму таварыству, якім кіраваў Зыгмунт Рушчыц. Новае кіраўніцтва ўвяло сучасныя метады гаспадарання ў маёнтку. Яніна Туркевіч пайшла даіць кароў на ферму. У 1940 годзе ў іх сям'і нарадзілася дачка Ірына.
Але мірнае жыццё ў 1941 годзе абарвала вайна. Аэрадром Жамыслаўля бамбілі нямецкія самалёты, блізка ад маёнтка ішлі баі паміж нямецкімі войскамі і байцамі Самара-Ульянаўскай стралковай дывізіі. У фальфарку Рудня згарэлі ўсе драўляныя дамы. Мясцовыя жыхары ўцяклі ў фальварак Гута і там хаваліся больш тыдня. А потым зноў вярнуліся ў Рудню і пасяліліся часова ў адным уцалелым пасля абстрэлаў цагляным доме.
Немцы абсталяваліся ў Жамыслаўлі ў пачатку вайны.Тут у палацы графоў Умястоўскіх быў часова створаны паліцэйскі ўчастак. У дзвюх панскіх аборах (кароўніках) стаялі каровы, і немцы загадалі даяркам гнаць жывёлу ў вызначанае месца, напэўна, для адпраўкі ў Германію, а можа на мяса ў салдацкую кухню. Дзве даяркі, якіх немцы прымусілі гнаць кароў, у Жамыслаўль больш ніколі не вярнуліся. Двух мясцовых мужчын схапілі яшчэ ў час аблавы і павезлі. Убачыўшы гэта, астатнія маладыя мужчыны ўцяклі ў лес.
Яніну Туркевіч выратавала ад смерці маці. Яна сказала: "Бяры, дачушка, малую Ірынку ды бяжы ў агарод, хавайся ў баразну за высокі бульбоўнік". Яніна так і зрабіла. Таму і засталася жывой, і дзіця сваё аднагадовае выратавала.
Пасля адступлення Чырвонай Арміі на ўсход баі спыніліся, абстаноўка ўціхамірылася. Немцаў у палацы не стала. А ў 1942 годзе з Ліды ў маёнтак Жамыслаўль прыехаў падпаручнік Здзіслаў Булак-Балаховіч, які паходзіў з вядомай крэсавай сям'і. Тут было ўтворана аддзяленне Арміі Краёвай. Зноў пачала працаваць ферма ў былых панскіх аборах. Яніна Туркевіч уладкавалася працаваць даяркай.

Нечаканае вяртанне мужа, які лічыўся загінулым

У 1944 годзе пасля вызвалення Іўеўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ваенкамат для адпраўкі на фронт былі прызваны бацька Яніны - Антон Горбач і муж Станіслаў Туркевіч. З фронту яны не вярнуліся. І па сённяшні дзень стогадовая юбілярка не ведае, дзе загінуў і пахаваны яе бацька. На мужа прыйшла пахавальная вестка, што ён загінуў у баі ў 1944 годзе. Яніна цяжка перажывала страту сваіх родных.
Але здарылася амаль немагчымае. Праз шмат гадоў яна ўбачыла свайго Станіслава жывым і не магла паверыць сваім вачам! Ён прыехаў у Жамыслаўль у 1961 годзе і прыйшоў у хату да Яніны. Расказаў, як трапіў у нямецкі палон, быў адпраўлены ў нямецкі канцлагер Асвенцым, перанёс голад і холад у бараку і нават паказаў выпалены на целе лагерны нумар. Яго выхадзіла ў лагеры смерці савецкая медсястра. Яна ж і арганізавала пабег: мужчыну разам з трупамі вывезлі за межы лагера.
Пасля вайны ён адшукаў сваю выратавальніцу ў Расіі, аж у Растове-на-Доне. Яны стварылі сям'ю, нарадзілі дзве дачкі.
Вярнуўшыся на радзіму, Станіслаў прапаноўваў Яніне зноў сысціся для сумеснага жыцця, а дачку Ірыну ўладкаваць на вучобу ў Растоў. Але жанчыну не абрадавала вяртанне мужа - не змагла дараваць здрады - і адправіла яго назад у Растоў да сям'і. Але сама замуж больш не выйшла. Адна гадавала і выхоўвала дачку.
Пасля вайны на базе былых уладанняў графіні Умястоўскай быў створаны саўгас "Жамыслаўль" з вытворчымі ўчасткамі Жамыслаўль, Гута, Доржы, Сурвілішкі, Залессе. Яніна Туркевіч зноў пайшла працаваць даяркай на саўгасную ферму, якая адразу размяшчалася ў панскіх кароўніках. Дырэкцыя саўгаса выдзеліла сям'і невялікую кватэру ў доме з агульнай кухняй, дзе пражывала восем сямей. У 1964 годзе Туркевічы атрымалі ад саўгаса асобны дом у Рудні, дзе пражываюць у цяперашні час.

Не шкадуючы сіл і часу

Праца даяркі ў пасляваенны перыяд была нялёгкай, і не кожная вясковая жанчына хацела прысвяціць сябе жывёлагадоўлі. Рабочы дзень пачынаўся ў 4 гадзіны раніцы. У 12 гадзін - абедзеная дойка і кармленне жывёлы. У 20 гадзін вечара - вячэрняя дойка і догляд стада. Дамоў даяркі вярталіся стомленыя апоўнач. Працавалі без падменных, без выхадных і святочных дзён. У саўгасе рабочых выхадаў на працадні не было, але і зарплата была невысокая - 19 рублёў за месяц.
Яніна Антонаўна, перажыўшая цяжкія выпрабаванні ў гады вайны, настойліва і цярпліва пераадольвала іх у пасляваенны час. Такія рысы характару, як працавітасць, адказнасць, няўрымслівасць, акуратнасць перадаліся ёй на генетычным узроўні ад бацькоў. Калегамі па працы Яніны былі таксама старанныя даяркі Галіна Станчык, Юзэфа Юхневіч, Уладзіслава Андрушкевіч, Станіслава Вайніцкая.
У групе кожнай даяркі было да 20 галоў стада. Даяркі стараліся добра карміць і даглядаць кароў, каб атрымаць большыя надоі. Тры разы на дзень раздавалі ў кармушкі сена, яравую салому, буракі, сечку рэзаную, муку, зімой - сілас, летам - кошаныя травы.
Побач з фермай працаваў саўгасны спіртзавод. Адходы вытворчасці - адціскі зярнят з соладам, якія называлі бардой, - сцякалі па жалезным латку ў чан каля фермы. Даяркі насілі барду вёдрамі на кароўнік у кармушкі. Ад барды ў кароў вельмі прыбывала малако. Таму на ферме "Жамыслаўль" былі самыя высокія надоі ў саўгасе, а ў Яніны Антонаўны - большыя, чым у іншых даярак.
Яніна Антонаўна падзялілася сакрэтамі свайго майстэрства: "Мая мама ў хаце ўсю работу рабіла, сястра Крысціна (інвалід з дзяцінства) дзіцё маё гадавала. А я з гэтай аборы (фермы) не выходзіла. Усё там і там - на ферме. Старалася каровам больш корму падкінуць, не шкадавала часу, каб іх рэгулярна пачысціць шчоткай, пасыпаць падлогу пілаваннем".
Стараннасць Яніны Антонаўны даўно прыкмецілі загадчык фермы Уладзімір Лаўрэнцьевіч Лапата, галоўны заатэхнік Ларыса Аляксееўна Антановіч. Перадавую даярку адправілі на абласную сельскагаспадарчую выстаўку, дзе яна прадстаўляла Іўеўскі раён на працягу 10 дзён.
У 1954 годзе Туркевіч прадстаўляла наш раён і рэспубліку ў Маскве на Усесаюзнай выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. У 1971 годзе за высокія паказчыкі ў жывёлагадоўлі яе праца была адзначана вышэйшай узнагародай СССР - ордэнам Леніна.
У 1970-я гады дырэкцыя саўгаса, заатэхнічная служба паклапаціліся пра селекцыйны адбор з мэтай большай прадукцыйнасці малочнага статку. Бо ў кожнай групе даяркі адна-дзве каровы давалі па 30 літраў малака ў дзень, астатнія - 15-20 літраў. Таму на ферму "Жамыслаўль" былі закуплены каровы эстонскай пароды.
Абноўлены статак на ферме даў магчымасць перадавой даярцы Яніне Туркевіч штогод дабівацца большых надояў і не збаўляць паказчыкаў у працы. У 1973 годзе на сцэне раённага Дома культуры пад апладысменты перадавікоў і актыву раёна ёй быў уручаны другі ордэн Леніна.
Яніна Антонаўна Туркевіч 40 гадоў адпрацавала на ферме "Жамыслаўль" і ніколі не падумала, каб змяніць прафесію. Была прыкладам у працы іншым жывёлаводам. Па яе прафесійнай сцежцы пайшла яе дачка Ірына Туркевіч.
З 1975 года Яніна Антонаўна Туркевіч на заслужаным адпачынку. Яна неаднаразова выбіралася дэпутатам сельскага і раённага Саветаў. Яніна Антонаўна пражывае ў Жамыслаўлі з дачкой Ірынай, акружана клопатам і ўвагай родных і блізкіх.

Мацярынскай дарогай да прызвання і славы

Ірына Станіславаўна Аніскевіч (Туркевіч) нарадзілася ў в. Жамыслаўль у 1940 годзе. Скончыла 7 класаў мясцовай сямігодкі. Адразу ж з 14 гадоў пайшла працаваць у саўгаснае паляводства, дзе лёгкай працы ніколі не было. Паляводы выразалі асот на пасевах жыта, палолі буракі, капалі бульбу.
У 1956 годзе Ірына прыйшла працаваць на ферму "Жамыслаўль" даяркай. Побач шчыравала маці - перадавая даярка саўгаса Яніна Антонаўна Туркевіч. Яна і стала для Ірыны надзейным памочнікам і настаўнікам. За кожнай даяркай было замацавана ад 22 да 28 кароў. Праца на ферме заўсёды была цяжкай. Кароў даілі ўручную, малако цадзілі, злівалі ў бітоны і неслі ў лядоўню, якая стаяла на горцы побач з фермай. Малако ахалоджвалі з дапамогай глыбаў лёду, нарыхтаванага зімой на рацэ Гаўя. У пачатку 1970 года на ферме з'явіліся даільныя апараты, аўтапаенне, і гэтыя новаўвядзенні значна аблегчылі працу даярак.
У 1959 годзе Ірына Туркевіч выйшла замуж за Уладзіслава Аніскевіча. Ён да выхаду на пенсію працаваў электрыкам у саўгасе. У 1966 годзе ў сям'і Аніскевічаў нарадзілася дачка Алена. Пасля сацыяльнага водпуску па доглядзе за дзіцем Ірына Станіславаўна зноў вярнулася на ферму. Яе, як перадавую даярку, у 1967 годзе жыхары Іўеўшчыны выбралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Грамадская дзейнасць натхняла Ірыну на яшчэ большыя вынікі ў працы. У гаспадарцы саўгаса, якую на той час узначальваў Ілья Сямёнавіч Талака, мелася добрая кармавая база. На фермы каровам у дастатковай колькасці дастаўляліся мука, сена, салома, сянажная маса, буракі, бульба. Канчатковы вынік працы фермы залежыў непасрэдна ад старанннасці і адказнасці даярак.
Ірына Станіславаўна адносілася да працы на ферме, як да ўласная гаспадаркі, над ёй не быў патрэбны кантроль заатэхнічнй службы. І як вынік - высокія надоі ад 3 да 4 тысяч кілаграмаў малака за год ад кожнай каровы. Высокія паказчыкі па надоях малака жывёлавода Аніскевіч былі заўважаны ў раёне, вобласці, рэспубліцы і па вартасці ацэнены. У 1973 годзе Ірына Станіславаўна была ўзнагароджана ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, у 1976 годзе - ордэнам Леніна, пазней атрымала "Знак Пашаны".
Да перадавой даяркі прыязджаў з Геранёнаў старшыня калгаса імя ХХІІ партз'езда Уладзімір Аляксандравіч Баўм і настойліва запрашаў працаваць на ферму "Геранёны", абяцаў пасяліць сям'ю ў кватэру з усімі выгодамі ў цэнтральнай сядзібе калгаса. Але Ірына Станіславаўна адказалася, прытрымліваючыся прынцыпу: "дзе нарадзілася…"
У даяркі Аніскевіч 40 гадоў працоўнага стажу. Цяпер яна на пенсіі. Пражывае ў Жамыслаўлі, у прыватызаванай кватэры, даглядае старую маці і цётку -інваліда 1 группы. Найвялікшае багацце для яе - дзве дачкі, 7 унукаў, 8 праўнукаў.

А. ІГЛІЦКІ.
Фота з сямейнага архіву.

Читайте ещё:



Оставить комментарий