Язык:

Часоў былых і новых повязь...

Культура и творчество

У Беларусі заўсёды шанавалі кнігу і друкаванае слова – пра гэта сведчыць уся 500-гадовая гісторыя кнігавыдання, пачынаючы ад “Псалтыра” і “Бібліі” нашага славутага першадрукара Францыска Скарыны. І сёння, на пачатку трэцяга тысячагоддзя, кніга годна вытрымлівае канкурэнцыю з сучаснымі электроннымі носьбітамі інфармацыі.

У нашы дні Беларусь можа па праву ганарыцца не толькі сваімі паэтамі і пісьменнікамі, але і кнігавыданнем, паліграфічнай базай, сродкамі масавай інфармацыі, бібліятэкамі, якія, між іншым, выконваюць сёння функцыю гуманітарнай установы, сацыяльнай роляй якой з’яўляецца актыўны ўдзел у выхаванні і адукацыі чалавека, у фарміраванні яго інтэлектуальнай і практычнай дзейнасці, у развіцці навукі і культуры, ў забеспячэнні правоў асобы ўсебакова карыстацца духоўнымі каштоўнасцямі.

Вынікам інавацыйнай дзейнасці бібліятэк з’яўляецца стварэнне міні-музеяў рознай тэматычнай накіраванасці.

У Іўеўскай раённай бібліятэцы міні-музей бібліятэчнай справы пачаў арганізоўвацца ў 2010 годзе. Падставай для стварэння паслужыў летапіс бібліятэк Іўеўскага раёна, якія ў сваю чаргу актыўна займаліся краязнаўствам і змаглі дапамагчы матэрыялам па гісторыі населеных пунктаў раёна.

– У пачатку свайго шляху мы нават і не меркавалі, у што ператворыцца пачаты намі праект па стварэнні міні-музея, – распавядае дырэктар Іўеўскай раённай бібліятэкі Святлана Мірончык. – Але пакрысе паліцы сталі “абрастаць” экспанатамі, і цяпер мы маем, што паказаць нашым наведвальнікам і чытачам, чым здзівіць.

Увагу, найперш, прыцягваюць факсімільныя выданні  – “Тураўскае Евангелле” і “Житие Евфросиньи Полоцкой», якія ўдалося здабыць па праграме супрацоўніцтва з выдавецтвам Беларускага экзархата. Ёсць факсімільнае выданне “Наша ніва” – штотыднёвай грамадска-палітычнай, навукова-асветніцкай і літаратурна-мастацкай газеты, якая стала знакавай падзеяй у гісторыі культуры Беларусі. Хаця газета выходзіла менш за дзесяцігоддзе – да жніўня 1915 года (яе выданне было спынена ў сувязі з прыбліжэннем фронту Першай сусветнай вайны).

«Наша ніва» на той час была адзінай легальнай газетай на беларускай мове. Яна арыентавалася на абарону свабод працоўнага народа, адстойвала права беларусаў на самастойнае нацыянальна-гістарычнае развіццё. Была цэнтрам літаратурнага жыцця Беларусі: на яе старонках упершыню ўбачылі свет многія творы Я. Купалы (з 1914 ён быў рэдактарам газеты), Я. Коласа, М. Багдановіча, З. Бядулі, Ц. Гартнага, М. Гарэцкага, К. Буйло, А. Гаруна. Газета зрабіла вялікі ўклад у станаўленне і развіццё беларускай літаратурнай мовы, на яе старонках вяліся цікавыя дыскусіі па праблемах развіцця роднай мовы і літаратуры. Гісторыкі сцвярджаюць, што падпісваўся на газету сам Максім Горкі: ён лічыў, што «Наша ніва» дае чытачу «шмат цікавага» …

 На паліцах музея можна знайсці выданні беларускіх пісьменнікаў і паэтаў пасляваеннага перыяду. Яны пажаўцелі ад часу і ад вялікай колькасці карыстальнікаў, аднак не страцілі сваёй прывабнасці. Здаецца, пад вокладкай хаваецца невялікая часцінка гісторыі, хочацца хоць крыху да яе прытуліцца.

Асобны раздзел музейнага кутка прысвечаны кнігам з аўтографамі пісьменнікаў – Максіма Танка, Генадзя Бураўкіна, Юрыя Татарынава, Эдуарда Акуліна, Вольгі Іпатавай, Івана Карэнды, Дануты Бічэль-Загнетавай, Валерыя Квілорыя, Таццяны Дашкевіч, Уладзіміра Ягоўдзіка, якія ў розны час наведвалі Іўеўскую цэнтральную раённую і дзіцячую бібліятэкі.

Вялікую каштоўнасць мае кніга Аляксандра Салжаніцына “Архіпелаг ГУЛАГ”, падпісаная ўдавой аўтара. Гэта выданне падаравала бібліятэцы наша зямлячка, намеснік галоўнага рэдактара “Российской газеты», заслужаны работнік культуры, акадэмік Акадэміі расійскай прэсы, Г анаровы грамадзянін горада Іўе Ядзвіга Юферава, якая актыўна супрацоўнічае с іўеўскімі бібліятэкарамі. І амаль у кожны свой прыезд наведвае ўстанову з цікавымі для музея экзэмплярамі. Напрыклад, “Бегство из рая» Паўла Басінскага, адрасаванага чытачам Іўеўскай раённай бібліятэкі, “Юрый Нікулін” (з’яўлялася адным са складальнікаў) і многія іншыя.

Адзін з раздзелаў міні-музея прысвечаны дасягненням работнікаў бібліятэкі – такая своеасаблівая Дошка гонару. Ёсць нават Грамата Міністэрства культуры СССР, падпісаная Кацярынай Фурцавай, якой у 1969 годзе была ўзнагароджана бібліятэкар чытальнай залы Іўеўскай раённай бібліятэкі Марыя Васільеўна Гушча. Увогуле, поспехаў у бібліятэкараў, рознага кшталту ўзнагарод вялікае мноства. Яны толькі 14 разоў з 1996 года з’яўляліся пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”. Адна з такіх перамог паслужыла падставай для ўласнага кнігаскладання. Тады, расказвае Святлана Аляксандраўна, журы было ўражана праектам краязнаўчага накірунку “Іўе: гісторыя, падзеі, людзі”. І кніга з аднайменнай назвай з’явілася ў 2012 годзе да Дня горада.  Добрыя памкненні бібліятэчных работнікаў падтрымаў райвыканкам і прафінансаваў выданне.

З той пары бібліятэкары да гэтага, стаўшага значным і вялікім святам, выпускаюць па выданню. Ужо ўбачылі свет такія кнігі  як “Іўеўшчына літаратурная” (зборнік паэзіі і прозы мясцовых аўтараў), “Нам жыць і памятаць” (да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў). У бягучым годзе тыражом у  200 экзэмпляраў выйшла выданне “ Я родом не из детства – из войны» (гісторыя дзіцячага сіроцкага дома ў Іўі). Яе прэзентацыя намечана на 15 верасня, калі будзе адзначацца Дзень бібліятэк Рэспублікі Беларусь і ў рамках Дзён культуры Іўеўшчыны, якія пройдуць з 11 па 18 верасня. Падрыхтоўка да мерапрыемства вядзецца сур’ёзная. Плануецца, што прыедуць выхаванцы дзіцячага дома, якія жывуць цяпер у Луганску, Санкт-Пецярбургу, Бранску, Мінску і іншых гарадах.

Зараз супрацоўнікі раённай бібліятэкі рыхтуюцца прыняць удзел у Дне беларускага пісьменства, які пройдзе 6 верасня ў Шчучыне. Мяркуецца, што туды яны павязуць выставу школьных падручнікаў і пісьмовых прыналежнасцяў, пачынаючы з 30-х гадоў мінулага стагоддзя, якія ўдалося здабыць з дапамогай мясцовага краязнаўцы Івана Буйко.

У рамках правядзення свята бібліятэкары прынялі ўдзел у абласным конкурсе на лепшую самаробную кнігу. У намінацыі “на лепшае мастацкае афармленне твора (урыўка) беларускага аўтара” быў аформлены урывак з “Житие Евфросиньи Полоцкой», філіял бібліятэкі г. п. Юрацішкі паслаў на конкурс самаробную кнігу Яўгена Карпуця  “След на зямлі”, філіял бібліятэкі аг. Суботнікі –  верш  Максіма Багдановіча “Слуцкія ткачыхі”.

Усе гэтыя работы пасля вяртання з конкурсу, вядома, зоймуць пачэснае месца ў міні-музеі.

Расказваць пра ўсе важкія экспанаты музея бібліятэчнай справы можна бясконца. Але лепш, як гаворыцца, адзін раз убачыць… І тады абавязкова прыйдзе адчуванне твайго ўласнага дачынення да гістарычнага мінулага, як гэта адбылося са мной.

І. БУТУРЛЯ

 

 

 

 

 

 

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.