Язык:

Літаратурная старонка

Культура и творчество

Іван Карэнда

Нашчадку

Урывак з паэмы “Вочап”

З веку ў век няпісаны парадак –

Так прыдумаў, так зрабіў Тварэц –

Усяму жывому ёсць пачатак,

Ёсць працяг, і ёсць фінал-канец.

 

Адыходзіць у нябыт старое,

Маладое ў новы дзень ідзе.

Абганяюць час гарэзы-мроі,

Спрэчку з імі ён дарма вядзе.

 

Нашы мары – нібы крылы ў птушкі,

Да нябёсаў уздымаюць нас.

Там ім лёгка наша шчасце гушкаць,

Там шчаслівым можна стаць ураз.

 

Зазірнуўшы ў будучыню, можна

Бачыць тое, што гадуе час.

І хоць мроіць, трызніць шчасцем кожны,

Ды не часта шчасце песціць нас.

 

Я прарочыць долю не бяруся –

Умалот, што цэпам па вадзе.

Долю нашай маці-Беларусі

Усявышні за сабой вядзе.

 

Ён і нас вядзе сваёй дарогай,

У вялікі, неабсяжны свет.

Кожны з нас – вандроўнік-падарожнік,

Пакідае на зямлі свой след.

 

Дарагі, шаноўны мой нашчадак!

Ты таксама будзеш шанц свой мець:

Выбраць годны, па душы, занятак –

Сам сабе каваль, шавец і жнец.

 

Час мяняе клімат і законы.

Што б ні перайначыў ён, – прашу:

З Белай Руссю паяднай, да скону,

Думкі, сэрца і сваю душу.

 

І якой ні крочыў бы дарогай.

І якой бы справе ні служыў,

Край бацькоўскі, дараваны Богам,

Беражы, як можаш, беражы.

 

Беражы, як берагуць святое,

Без чаго і дня не пражывеш.

Ахвяруй сваё жыццё на тое,

Каб Радзіме нашай стала лепш.

 

Пад высокім небам зорна-сінім, –

Слотна ці пагодна на душы, –

Свечку праваслаўнай Еўфрасінні

Свечку нашай веры не тушы.

 

Нам з табою ёсць чым пахваліцца,

Ёсць што ў сэрцы з гонарам насіць,

Ёсць што помніць і на што маліцца, –

Лепшай долі ў Бога не прасі.

 

Шмат імёнаў слынных падарыла

Свету беларуская зямля, –

Хто Айчыну нашу, як Скарына,

Розумам і працай услаўляў.

 

Беларусь спрадвеку гадавала

Абаронцаў і гаспадароў,

Вольны дух народа гартавала,

Гуртавала сілы змагароў.

 

Мы – з нязломкаў. Ні адна навала,

Ні адзін страшэнны ператрус

Нашу веру-праўду не зламалі,

Жыў, жыве, жыць будзе беларус!

 

Сцежку беларускую пад сонцам

Адшукаў між тысячы дарог

Караткевіч – наш мудрэц-празорца,

Мабыць, з ім адным вітаўся Бог.

 

З гэтай сцежкі нельга збіцца, збочыць.

Я стамлюся – значыць твой працяг.

Ты ідзі, ты мусіш далей крочыць

Па сцяжыне новага жыцця.

 

Нашы продкі мужна шлях да волі,

Жыццяў не шкадуючы, прайшлі.

Потам, мазалямі і крывёю

У баях свабоду здабылі.

 

Помні Грунвальд, і пад Оршай бітву,

Абаронцаў Брэста, і Хатынь,

Боль ахвяр, палеглых і забітых…

Шлях герояў – гэта шлях святых.

 

Каб святую, спадчынную волю

Цемрашалы ў нас не аднялі,

Мужным будзь, як Каліноўскі колісь,

Калі ў Вільні пад пятлю вялі.

 

Не, ніхто ў нас не адыме права

На адметны, беларускі, след!

Волат духу нацыі – Купала

Нам пакінуў мудры запавет:

 

Марыў ён, каб роўнаю між роўных.

Беларусь любімая была,

Між краін планеты і народаў

Свой пасад пачэсны заняла.

 

І табе жыць з гэтым запаветам,

З ім штодня звяраючы хаду.

Дзеля гэтай найвялікшай мэты

Сіл сваіх, нашчадак, не шкадуй.

 

Ні капейкі, ні скарынкі хлеба,

Як жабрак, ніколі не прасі.

Не ўпадуць табе багацці з неба, –

Што заробіш – тое і з’ясі.

 

На чужым, мо і аплатным, полі

Не пацей за доўгія рублі.

На радзіме людзям шчасціць болей –

На сваёй працуй-шчыруй зямлі.

 

Калі марыш, хочаш жыць багата,

З зайздрасцю навокал не глядзі, –

Пабудуй сабе, на шчасце, хату,

Сад ля новай хаты пасадзі.

 

Будзь сям’і адданы, як Айчыне, –

Шчодра, без астатку, ты аддай

Сэрца жар паплечніцы-жанчыне,

Родным дзецям вопыт перадай.

 

Засявай штогод за вёскай поле,

Дабрынёю засявай наш край.

Дбай пра тое, каб было паболей

Не ў куфэрку, а ў душы дабра.

 

Не выкідвай з сэрца роднай мовы –

Помні Багушэвіча наказ.

Будзем жыць мы з беларускім словам –

Наша доля не пакіне нас.

 

А паклічуць іншыя планеты, –

Сярод першых мы там можам быць, –

Як Клімук, як Кавалёнак, гэты

Смелы крок павінен ты зрабіць!..

 

…Мой радзіміч! Мілы спадкаемца!

Ростань нас чакае на мяжы –

На мяжы паміж жыццём і смерцю,

На галоўным нашым рубяжы.

 

Белы свет пакіну я спакойна.

Пацалую родную зямлю.

Шчыра памалюся перад сконам.

Свечку развітання запалю…

 

Антон ПІЛІПЧЫК

Жыцця майго імкне арбіта...

Бяжыць сцяжыначка праз жыта,

Наўкола… Быццам бы  я ў сне…

Ізноў жыцця майго арбіта

у край Прынёманскі імкне.

Тут ”касмадром” мой — бацькаў дом:

адсюль быў старт, тут прызямленні,

ад соцен найцяжэйшых стом

у цішы гойнай пазбаўленні…

…Бяжыць сцяжыначка, віхляе,

гушкаюць думкі каласы.

Святлом душу ўсё запаўняе,

цярэбіць ветрык валасы…

 

Бывае часам...

Бывае часам, вельмі трэба

прачуцца ўсёй, да дна, душой,

што самы мілы край пад небам -

з хацінкай бацькавай старой,

дзе ў рэчцы неба водблеск сіні,

красуе ў жыце васілёк…

Зірну ў той бок — і прад вачыма

мне родных вобразаў звіток…

 

Мне ў тую б вёску...

Ёсць дзесьці вёска —

                   там світанні

ў садках звіняць на ўсе лады,

там сцежкай міма нас каханне

сышло няведама куды…

Скрыліла ўдалеч,

                   дзе валошкі

надзеі спеляць пакрысе…

Мне б зноў туды,

                   хаця б на трошкі —

ў дні легкавейныя ўсе…

 

Плывуць жыцця

       твайго й майго

                      хвілінкі...

Калыша ветрык кволыя галінкі

чаромхі вутлай пад маім вакном…

Жыцця — твайго й майго —

плывуць хвілінкі

ў свет, прыцярушаны сняжком…

А свет!..  Халодны нейкі, грубы…

Адным уздыхам мне б шапнуць

табе, адзінай, сэрцу майму любай:

“Заўжды са мною,

                        мой анёлак, будзь…”

 

Вечар на хутары

Сэрца лікуе, пяе…

Зорны над хутарам вечар,

Мчу басанож па расе —

Крыліць з каханай сустрэча…

 

Дорага ўсё да драбніцы:

вуснаў прытулак мядовы,

шчыры давер таямніцаў,

значныя, важкія словы…

 

Ласкі, цяпло, асалода —

дзіўны ў пачуццях тандэм…

Смак забароннага плода…

Хутар не хутар — Эдэм!..

 

Люблю

Люблю гімн касазвонны лета,

люблю зімы марозны маляванец,

вясною – розліў жыццялюбых кветак,

а восенню наўкол - абшар-барвянец…

Люблю лагоду-згоду між усімі,

люблю чуць праўду, праўду гаварыць.

Люблю адданасць і Радзіме, і жанчыне,

люблю, сябры, я проста жыць!

 

Навука назаўжды

Над полем птушак галасы

ўмалотны жнівень апявалі.

Збіраў хлапчук я каласы,

што за жняяркай стракаталі…

Няхутка торбачка ўзбухала —

яе сют-тут акідваў вокам:

прыду дамоў, а не сказалі б

“Нат на малы не хопіць бохан”…

Жніўём надрапваў сабе рукі,

Смылела к вечару ў спіне…

Па сёння хлебнай той навукі

Прагрэс не выветрыў з мяне…

 

 Шчучыну

З дарог-пуцявінаў часовых ці вечных

у любы мой Шчучын імчуся грэць душу.

На роднай зямельцы, бывае, укленчу

і каюся ёй, схаладнелы ў чужыне, —

                                            не хлушу.

Малю-перапрошваю, каб даравала,

што іншыя гоні сабе ўпадабаў,

што, дзе б я не жыў, мне заўжды не ставала

над Нёмнам сівым пакалыхвання траў…

Ратуй, горад мілы, прашу, ад змаганняў —

ад іх мне пазбавіцца моцы няма —

на сэрцы ўжо маю з паўтысячы ранаў,

не гоіць ніяк іх чужая зямля.

Ссівеў, а  не зведаў жаданней прасторы,

дзе б мог я смяяцца і песні спяваць —

то шэра-самотны займаецца золак,

то росы ў прасцягах не гэтак зіхцяць

Прыеду ж у Шчучын — душа ў паднябессі,

я песні гарлаю — весь чуе раён.

Свае мне — лугі, і родныя — ўзлессі…

Калі Рай і ёсць дзе, то ў Шчучыне ён!..

 

  У родныя Сухары

Ах, як хочацца мне ў Сухары!..

Я ж не быў там цалюткую вечнасць,

Хоць язды той — гадзіначкі тры,

Ды й пяшком мо зайшоў бы навечар.

 

Ах як хочацца мне ў той садок,

Дзе ад яблыкаў голлечка гнецца,

Дзе каханай жанчыне радок

Верша ўзнёслага з сэрцайка льецца.

 

Ах як хочацца зноў паўз жыты

Праімчацца за вёскаю любай —

Быць далей ад журбы-нематы,

Адзіноты глухой, вастразубай…

 

Матацыкл сядлаю — палеткі, бары

Трапяткуюць зялёным палотнішчам…

Я не еду — лячу ў Сухары…

Так у родную вёску мне хочацца

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.