Язык:

«Не ржавее і не паддаецца пазалоце толькі адно пачуццё - Любоў: да зямлі, якую называеш Радзімай, да народа, якому служыш, і да дзяцей, якіх нарадзіў»

Культура и творчество

Іван Пятровіч Шамякін - класік нашай нацыянальнай літаратуры. Яшчэ пры жыцці ён стаў адным з самых вядомых і папулярных пісьменнікаў у Беларусі і за яе межамі. Яго творы перакладзены больш чым на 30 моў свету, выдаваліся ў Савецкім Саюзе шматтысячнымі і мільённымі тыражамі. У канцы 1970-х гадоў па чытабельнасці ў СССР сярод пісьменнікаў ён займаў пятае месца. Гэта значыць, ён быў адным з самых чытаемых аўтараў.

Жыццё Івана Пятровіча - гэта шлях ад вясковага хлапчука з сям'і лесніка да знакамітага пісьменніка. Нарадзіўся ён 30 студзеня 1921 года ў вёсцы Карма на Гомельскім Палессі (Добрушскі раён). Сям'я пераязджала з месца на месца бацькавай службы. Праз усё жыццё ён трымаў у памяці "леснічоўку з вялікай печчу пасярод". У дзяцінстве яго сэрца запаланілі родныя краявіды: вялікая рака Сож, дубы і вольхі на яе беразе, лясныя дарогі і сцежкі. Пісьменнік у аўтабіяграфіі так пісаў пра сваю штодзённую далучанасць да свету прыроды: "А да лесу ў мяне была нейкая асаблівая, хвалюючая любоў, былі любімыя дрэвы, з якімі я нават размаўляў; у лесе я ніколі, ні ўдзень, ні ўначы, нічога не баяўся".

Згадаем: сярод хараства лясных краявідаў гадаваўся і будучы народны паэт Якуб Колас, які таксама быў сынам лесніка. У гэтым дзяцінства Коласа і Шамякіна падобныя. I. Шамякін прызнаваўся: "Хацеў было напісаць аповесць аб сваім лясным маленстве. Але ўспомніў "Новую зямлю"... Лепш не напішаш!" Іван Пятровіч згадваў, як бацька з сябрамі-леснікамі чытаў уголас гэтую паэму. "Як у нас падгледзеў", - гаварылі тады яны і былі ўпэўнены, што так напісаць мог толькі ляснік. Слухаў Іван тое чытанне твора Якуба Коласа з вялікім захапленнем, стоеным дыханнем.

Бацька будучага пісьменніка спадзяваўся, што яго Іван, хутчэй за ўсё, стане ляснічым (спецыя-лістам па лясной гаспадарцы). Аднак сын паступіў вучыцца ў Гомельскі тэх-нікум будаўнічых матэрыялаў. Больш за тое, ён захапіўся мастацкай літаратурай і сам пачаў пісаць вершы. У газеце "Гомельская праўда" надрукаваў свае першыя паэтычныя творы. Пасля юнак аддаў перавагу прозе. Пісаў па-беларуску. Набраўся адвагі, рызыкнуў - і адно, а пасля яшчэ некалькі сваіх апавяданняў студэнт тэх-нікума адаслаў у рэдакцыю часопіса "Полымя рэвалюцыі".

I. Шамякін прыгадваў: "Вялікае маё было здзіўленне, калі я атрымаў пісьмо ажно на тры старонкі машынапісу, з дэталёвым разборам майго апавядання ад самога Міхася Лынькова, галоўнага рэдактара часопіса, старшыні Саюза пісьменнікаў. ...Нягледзячы на тое, што апавяданне маё было раскрытыкавана і адхілена, я даражыў адказам Міхася Лынькова, па-асабліваму, як, напэўна, многія іншыя маладыя, ганарыўся, што на мяне звярнуў увагу славуты пісьменнік, творы якога вывучаліся ў школе".

Увосень 1940 года I. Шамякін пайшоў служыць у войска. Гэты ліст Лынькова ён забраў з сабой і беражліва захоўваў праз усю вайну.

     У гады Вялікай Айчыннай вайны I. Шамякін у складзе зенітна-артылерыйскай часці абараняў ад ворага неба над Мурманскам і іншымі гарадамі на поўначы СССР. Затым удзельнічаў у вызваленні Польшчы. Салют Перамогі ён сустрэў на рацэ Одэр, што ў Заходняй Еўропе. У ваенны час I. Шамякін вёў дзённік, пісаў вершы, асобныя з якіх змяшчаў у армейскім друку. У 1944 годзе ён стварыў апавяданне "У снежнай пустыні" (з'явілася на старонках часопіса "Полымя" ў 1946 годзе).

Иван Шамякін вярнуўся з вайны на роднае Палессе, калі яму ішоў дваццаць пяты год. Ён абраў мірную прафесію настаўніка, пачаў працаваць у школе, што ў вёсцы Пракопаўка Церахоўскага раёна. У 1946 годзе I. Шамякін паступіў на завочнае аддзяленне Гомельскага педагагічнага інстытута. Ужо тады ім завалодала стыхія літаратурнай творчасці. Ён жыў адным вялікім жаданнем - "пісаць, пісаць і яшчэ раз пісаць, не спыняцца ні на хвіліну".

Працаваў малады аўтар надзвычай шмат, натхнёна і апантана, хоць і ўмоў для гэтага адпаведных не было. Яго незвычайна акрыліў першы творчы поспех - у канцы 1945 года часопіс "Полымя" надрукаваў аповесць "Помста", якую ён напісаў у Германіі пасля заканчэння вайны.

I вось у пасляваенныя гады малады літаратар, які тады настаўнічаў, узяўся за асваенне буйнога эпічнага жанру: I. Шамякін пачаў пісаць маштабны твор пра партызанскую барацьбу на акупіраванай тэрыторыі. Поспех "Глыбокай плыні" (1946-1949) быў проста ашаламляльны. У 1951 годзе за гэты раман I. Шамякіну была прысуджана прэстыжная на той час Сталінская прэмія (пазней яе назвалі Дзяржаўнай прэміяй СССР). Пісьменніку не было і трыццаці гадоў, калі да яго прыйшла літаратурная слава.

Больш чым паўстагоддзя I. Шамякін аддаў творчай працы і грамадскай дзейнасці. Пісьменнік у пасляваенны час стаў сведкам многіх значных падзей і змен у грамадстве. I. Шамякін заўсёды быў трывала спалучаны з сучаснасцю. Свой творчы неспакой, пастаянны зварот да сучасных праблем ён растлумачыў так: "Калі мы будзем імкнуцца адысці на нейкую адлегласць, чакаць, калі ўсё супакоіцца, стабілізуецца, а не ісці па гарачых слядах, не думаю, што з'явяцца глыбокія творы пра наша сённяшняе жыццё". Пісьменнік імкнуўся ўбачыць падзеі і чалавека менавіта "з глыбіні свайго дня", з гуманістычных пазіцый. Ён працаваў у літаратуры актыўна і надзвычай плённа, выдаў дзесяткі кніг апавяданняў, раманаў, аповесцей. Яго творы карысталіся ў чытача вялікім поспехам. Пісьменнік заўсёды смела распрацоўваў матэрыял сучаснага жыцця, браўся за многія тэмы, надаваў ім вострае, а то і палемічнае гучанне, ставіў перад сабой складаныя мастацкія задачы.

I. Шамякін - аўтар этапных твораў у беларускай прозе, кожны з якіх стаў адметнай літаратурнай падзеяй. Дастаткова назваць раманы "Крыніцы", "Сэрца на далоні", "Снежныя зімы", "Атланты і карыятыды", "Вазьму твой боль", "Злая зорка", цыкл аповесцей "Трывожнае шчасце", аповесці "Гандлярка і паэт", "Ахвяры". Актыўна даследаваў пісьменнік сучаснае жыццё з яго сацыяльнымі і маральнымі праблемамі ў аповесцях "Палеская мадонна", "Вернісаж", "Падзенне", "Без пака- яння", "Крывінка", "Зона павышанай радыяцыі", "Пошукі прытулку"... Творы пісьменніка складаюць мастацкі летапіс жыцця і лёсу беларускага народа ў XX стагоддзі.

Пачынаючы з пасляваеннага часу I. Шамякін прыкметна ўзбагачаў духоўны свет беларускай прозы, нарошчваў яе мастацкі патэнцыял. За вялікі ўклад у развіццё літаратуры I. Шамякіну нададзена высокае званне народнага пісьменніка Беларусі (1972). Двойчы яму прысуджалася Дзяржаўная прэмія БССР. Літаратурныя заслугі пісьменніка адзначаны Зоркай Героя Сацыялістычнай Працы (1981). У 1994 годзе ён быў абраны акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў галіне літаратуры.

Іван Шамякін - дзяржаўны дзеяч: выбіраўся дэпутатам рэспубліканскага ўзроўню і Вярхоўнага Савета СССР, з 1971 па 1985 г. узначальваў Вярхоўны Савет БССР. Шмат гадоў I. Шамякін працаваў на ключавых пасадах у Саюзе пісьменнікаў Беларусі, кіраваў выдавецтвам "Беларуская энцыклапедыя". Адна з яго галоўных заслуг - дзейсная дапамога пісьменнікам і простым людзям у вырашэнні жыццёва важных праблем.

Жыццё I. Шамякіна было надзвычай насычанае, аднак заўсёды ў ім значнае месца займала літаратурная творчасць. Яго творчая і грамадская дзейнасць - прыклад самаадданага служэння роднай літаратуры, беларускай культуры і свайму народу. У жыцці пісьменніка выключнае месца займала яго сям'я. Да сваіх дзяцей ён і яго жонка Марыя Філатаўна ставіліся з вялікай і трапяткой любоўю. Іван Пятровіч звязваў з імі ўсе свае радасці, надзеі і спадзяванні, па бацькоўску хваляваўся і трывожыўся пра іх лёс. Пісьменнік быў перакананы ў галоўных каштоўнасцях свайго жыцця: "Не ржавее і не паддаецца пазалоце толькі адно пачуццё - Любоў: да зямлі, якую называеш Радзімай, да народа, якому служыш, і да дзяцей, якіх нарадзіў".

Падрыхтавала І. БУТУРЛЯ.

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.