Язык:

У марах пра Культурную сталіцу, або Хто такі Кузя? Аўтар інтэрнэт-выдання "Культура і Мастацтва" пабываў у Іўі

Культура и творчество

Старшыня Іўеўскага райвыканкама Ігар Генец марыць, каб яго горад стаў Культурнай сталіцай Беларусі, распавядае kultura-info.by Як пераканалася “К”, для атрымання пачэснага статусу тут ёсць усё. І гаворка не толькі пра мадэрнізаваную матэрыяльна-тэхнічную базу мясцовых устаноў культуры, а пра тыя традыцыі, што бытуюць на Іўеўшчыне спрадвеку, ашчадна захоўваюцца ды перадаюцца маладому пакаленню. Даведацца пра звычаі, акунуцца ў старадаўнасць і аўтэнтычнасць, паўдзельнічаць у старажытных абрадах — і пры гэтым пабачыць на свае вочы самыя сучасныя тэндэнцыі ў культурнай сферы — можна менавіта ў Іўі. Прычым цікавінкі чакаюць гасцей на кожным кроку, ці то ў раённым цэнтры, ці то ў сельскай мясцовасці. 

ШТО ТАКОЕ ГАЛЬМА? 

І цікавінкі напаткалі нас адразу — у першай з наведаных устаноў: Іўеўскім музеі нацыянальных культур. Як распавядае дырэктар музея Кацярына Маскалевіч, днямі яна атрымала дыплом пераможцы абласной прэміі імя Аляксандра Дубко за “творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва ў 2022 годзе” ў намінацыі “Музейны работнік года” — імпэт у яе супрацоўнікаў заўсёды на вышыні і часта ўвасабляецца ў знакавыя праекты. 

— Наш музей дастаткова малады, але даволі незвычайны і цікавы для турыстаў, — кажа Кацярына Маскалевіч. — Мы заўсёды працуем над тым, каб у нас было нешта адметнае, марым пра тое, каб усе пабачылі, якія ў нас арыгінальныя мерапрыемствы ды акцыі. 

Сам Іўеўскі музей невялікі, але тут сапраўды ёсць на што паглядзець. Напрыклад, на копію старадаўняй батлейкі, макет Геранёнскага замка ці архіўныя фотаздымкі карэннага насельніцтва Іўеўшчыны. Але найбольшае ўражанне выклікала галоўная “фішка” ўстановы — музейныя экспазіцыі, прысвечаныя мусульманскай і яўрэйскай культуры старажытнага Іўя. 

Так, даведацца, што такое гальма (татарская салодкая страва) або мугір (мусульманскі ахоўны абярэг), дакрануцца да аўтэнтычнага адзення імама ці паўзірацца ў аль-кітабы — кнігі, напісаныя па-беларуску арабскім пісьмом, — можна на экспазіцыі, прысвечанай татарам. А з выставы “Беларускія яўрэі” кожны ахвотны не толькі дазнаецца пра традыцыі святкавання яўрэйскага Новага года ці побыт іўеўскага яўрэя, але і можа пакруціць з сябрамі дрэйдал — чатырохгранны ваўчок, з якім гуляюць дзеці падчас свята Ханука. Усё гэта робіць Іўеўскі музей нацыянальных культур унікальнай ды незвычайнай музейнай установай. 

Кнігі, якімі карысталіся мусульмане Іўеўшчыны

Кнігі, якімі карысталіся мусульмане Іўеўшчыны

Таксама тут можна замовіць тэатралізаванае суправаджэнне экскурсіі (за 60 рублёў), падчас якой раскажуць пра з’яўленне татар-мусульман на тэрыторыі Беларусі, а таксама развучаць з наведвальнікамі традыцыйны яўрэйскі танец “хава-нагіла”. А ў сувенірнай краме можна набыць рэчы на любы густ — ад невялікіх скульптур, якія выяўляюць зборныя вобразы іўеўскага татарына, яўрэя і беларуса, да вырабаў майстроў народнай творчасці. 

— Наша крама прыносіць даволі неблагі прыбытак да плана платных паслуг, — кажа Кацярына Маскалевіч. — Так што мне шкада тых музеяў, дзе падобных крамак пакуль не адкрылі. Увогуле ж, паводле плана, за мінулы год мы павінны былі зарабіць на платных паслугах 7 тысяч 800 рублёў, а па факце ў нас — больш за 12 тысяч рублёў. І ладны кавалак гэтых грошай мы атрымалі дзякуючы продажу сувенірнай прадукцыі. 

Што ж, сапраўды, тым музеям, якія не маюць яшчэ сваіх крам, можна паспачуваць. А ў мяне пасля наведвання Іўеўскага музея нацыянальных культур застаўся “кавалачак” Іўя — сувенір, які падказвае, што абавязкова трэба вярнуцца сюды зноў. Планую гэта зрабіць ужо ўлетку. 

ДЫСКАТЭКІ — ЗАПАТРАБАВАНЫЯ 

Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу ўражвае сваёй велічнасцю і шыкоўнымі інтэр’ерамі. Тут ёсць дзе разгуляцца і прыкласці свае творчыя намаганні. І мясцовыя клубныя работнікі гэтак і робяць. Як кажа дырэктар установы Святлана Ракець, з 2016 года кожны аграгарадок мае сваё брэндавае мерапрыемства. 

— Некаторыя з гэтых свят выходзяць і на абласны ўзровень, — адзначае суразмоўца. — Да прыкладу, “Ліпнішкаўскія сенакосы” або “Іўеўскі памідор”. А дзякуючы творчаму праекту “Іўеўскі каларыт” мы ў 2019-м сталі ўладальнікамі спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва. 

Дарэчы, пра ўганараванне гэтай прэміяй калектыву Іўеўскага цэнтра культуры і адпачынку мы пісалі. Нагадаем, што праект быў распачаты каля пяці гадоў таму і яго складнікамі сталі шматлікія фестывалі ды брэндавыя святы ва ўсіх буйных населеных пунктах і аграгарадках раёна — іх могуць наведаць як мясцовыя жыхары, так і турысты на працягу ўсяго года. Акрамя згаданых, гэта фестывалі “Грыбная феерыя”, “Морынская рыбка”, вясновае свята “Повязь часоў”, шляхецкі фэст “Жамчужная зорка — палац Умястоўскіх”, калядныя святкі ў сядзібе Дзеда Зімніка і Бабы Завірухі ды іншыя. 

Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу

Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу

— У Іўеўскім раёне працуюць каля сотні клубных фарміраванняў, — дадае Святлана Ракець. — Паводле плана, паказчык ахопу клубнымі фарміраваннямі ў раёне павінен быць 3,3, а па факце на сёння — 3,7. Акрамя таго, маем дзевяць калектываў аматарскай творчасці, якім прысвоена ганаровае званне “народны”. Сярод запатрабаваных формаў маладзёжнага адпачынку — дыскатэкі: напрыклад, у мінулую суботу ў нас прысутнічала 126 чалавек. Дыскатэкі ладзяцца і ў сельскіх клубных установах Іўеўскага раёна.

Так, можна сказаць, што гэта яшчэ адзін цікавы і адметны факт сферы культуры Іўеўскага раёна — запатрабаванасць дыскатэчных мерапрыемстваў. Справа ў тым, што, выязджаючы ў той ці іншы рэгіён Беларусі, даводзілася чуць, маўляў, дыскатэка “ўжо памерла” і “аджыла сваё”. Але ж, як бачна, не ўсюды падобныя сцвярджэнні слушныя. Прыклады з Іўеўскага ці Ваўкавыскага раёнаў, дзе на ўсю Гродзеншчыну грымелі дыскатэкі Плябанаўскага сельскага клуба, тое пацвярджаюць не на словах, а на справах. 

КУЗЯ ЎСІМ І КОЖНАМУ 

Яшчэ адна адметнасць Іўеўскага раёна — вырабы мясцовых майстроў народнай творчасці. Прычым свае ўмельцы ёсць і ў гарадскіх, і сельскіх установах культуры. Пра адну такую майстрыху хочацца сказаць асобна. Гэта Марыя Францаўна Пякша, якая працуе ў Ліпнішкаўскім сельскім доме культуры (пасля рэарганізацыі называецца “аддзел культурна-масавай і асветніцкай работы”). Яна кіраўнік гуртка “Беларуская лялька”, ад якіх сапраўды не адарваць вачэй — такія прыгожыя, самабытныя, унікальныя. 

— У маёй калекцыі ёсць як аўтарскія, так і абярэгавыя, традыцыйныя, беларускія народныя лялькі, — адзначыла майстрыха. — Найбольш захапляюся аўтарскай лялькай, сама іх прыдумваю, надаю ім пэўныя характарыстыкі, асаблівасці, якасці. 

Марыя Пякша і яе ўнікальныя лялькі

Марыя Пякша і яе ўнікальныя лялькі

Адна з першых работ Марыі Францаўны — Баба Яга, якая сімвалізуе жанчыну-маці, жанчынукіраўніцу, на якой усё трымаецца. Ёсць у калекцыі і Дзед-Будун. Чаму Будун? Бо ён крыху з будуна. Ёсць тут і дзяўчынка Грунька, хлопчык Юзік, дзед Бялун, разнастайныя лялькі-абярэгі, роставыя лялькі. Прычым многія вырабы майстрыхі — з сакрэтам, бо ў іх можна штосьці схаваць ад мужа, жонкі ці суворага начальства. 

А пачалося ўсё з Кузі. Маленькі дамавік — своеасаблівая візітоўка Марыі Францаўны. Па гэтай ляльцы яе пазнаюць і ў Карэлічах, і ў Мінску, і за мяжой. Кузя ёсць сёння і ў вясковых хатах, і ў гарадскіх кватэрах. “Пасяліўся” ён не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Літве, Латвіі, Канадзе і нават у Аўстраліі. Дарэчы, падарунак майстрыхі аберагае і адзін з пакояў рэдакцыі газеты “Культура”. 

— Але сапраўднае ўпрыгожанне маёй калекцыі — лялькі з ільну, — кажа Марыя Пякша. — Люблю лён да знямогі, я б яму оду напісала, каб магла складаць вершы. Спрабую перадаць сваю любоў да стварэння лялек дзецям. З імі мы распрацоўваем тэхналогію вырабу кожнага персанажа, прыдумляем для іх касцюмы, шыем, аздабляем. Дзеці захопленыя — і я з імі разам з задавальненнем успрымаю іх знаходкі і ўдачы. 

Па словах Марыі, замоў у яе шмат, і яна давольная, што лялькі, як вынік яе творчасці, разыходзяцца па свеце, радуючы людзей — і маленькіх, і дарослых. Так што, калі будзеце ў Ліпнішках, хоць бы на знакамітых “Ліпнішскіх сенакосах”, абавязкова завітайце да майстрыхі ў госці. Гутарка з ёй, як і яе лялькі, нікога не пакідаюць абыякавымі. 

КРАЙ КНЯГІНІ БАРБАРЫ 

І яшчэ крыху пра Геранёны, дзе давялося пабываць цягам двух насычаных дзён камандзіроўкі. У гэтым былым мястэчку з Магдэбург- скім правам, а цяпер аграгарадку Іўеўскага раёна, не толькі ладзяць Баль-прыём у Барбары Радзівіл (гісторыя кахання Барбары Радзівіл і князя, а пазней і караля Жыгамонта Аўгуста пачалася менавіта ў Геранёнах), але і развіваюць мясцовую сферу культуры ва ўсіх яе праявах. 

Напрыклад, у Геранёнскім СДК (цяпер — аддзел культурна-масавай і асветніцкай работы Іўеўскага ЦКіД) пад кіраўніцтвам Галіны Станіславаўны Дзіц паспяхова развіваюцца ажно дзевяць аматарскіх фарміраванняў, сярод якіх народны ансамбль народнай песні “Даўніна”, ансамбль народнай музыкі “Вечарынка” ды многія іншыя. 

— Мы ладзім каля дзясятка брэндавых мерапрыемстваў, ездзім з канцэртамі ў суседнія раёны, шмат гастраліруем, — кажа Галіна Дзіц. — Акрамя таго, супрацоўнічаем з мясцовай пагранічнай заставай, таму салдаты — частыя госці і ўдзельнікі нашых мерапрыемстваў. 

Эфектыўна тут наладжаная праца з маладымі спецыялістамі, для іх ствараюцца ўсе ўмовы для жыцця і творчасці. Ды і сама Галіна Станіславаўна — чалавек, апантаны справай, таму і калектыў Геранёнскага Дома культуры заўсёды імкнецца да разнастайнасці ў дзейнасці, стараецца здзіўляць незвычайнымі імпрэзамі. 

Дарэчы, у правядзенні мерапрыемстваў дапамагаюць не толькі пагранічнікі, але і прадпрымальнікі. Магчыма, паспяховае супрацоўніцтва з імі ды з кіраўніцтвам гаспадаркі, увогуле з усімі жыхарамі Геранёнаў Галіне Станіславаўне ўдаецца таму, што яна, як кажуць, чалавек на сваім месцы. Бо культура і творчасць — тое, чым жанчына захопленая заўсёды і ўсюды. Нават дома на кухні яна выдатны кулінар, які ведае і нацыянальныя беларускія, і замежныя стравы. Такога майстра на ўсе рукі цэняць не толькі ў раёне. 

Саламяны макет Геранёнскага замка, зроблены народнай майстрыхай Юзэфай Старасцінай

Саламяны макет Геранёнскага замка, зроблены народнай майстрыхай Юзэфай Старасцінай

А яшчэ ў ДК дзейнічае сектар рамёстваў і традыцыйнай культуры, дзе можна пазнаёміцца з работамі мясцовых майстроў, паўдзельнічаць у майстар-класах, набыць сувенір. Задумваюцца ў былым мястэчку і пра “раскрутку” старога брэнда — Геранёнскага замка, які існаваў тут у Сярэднявеччы (ад старажытнай пабудовы засталіся парэшткі). Пакуль ідзе абмеркаванне, якім чынам фартэцыю візуалізаваць, народны майстар Юзэфа Старасціна зрабіла яе саламяны макет. Адраджаюць і традыцыйны строй — касцюм рэканструявалі па выніках нядаўніх этнаграфічных экспедыцый, правядзенне якіх для многіх раёнаў, на жаль, сталася вялікай рэдкасцю. 

Ганарацца тут і гісторыяй — мястэчка атрымала магутнае развіццё ў часы легендарнага Уладзіміра Баума: Герой Сацыялістычнай Працы, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны быў старшынёй калгаса імя XXII з’езда КПСС. І тое, што было закладзена ў савецкія часы, паспяхова развіваецца і сёння, у тым ліку і ў сферы культуры. 

*** 

Шкада, не пра ўсё мы сёння здолелі расказаць. А ўвагі заслугоўваюць і мясцовыя бібліятэчныя праекты, і дасягненні навучэнцаў ДШМ, і рамеснікі з самога Іўя, і адметныя вынаходкі клубнікаў ды бібліятэкараў. Але ж абяцаем: абавязкова напішам пра гэта на старонках “Культуры”. І, канешне ж, наведаем “Памідоравы фэст”, які плануюць зладзіць 12 жніўня. Так што, Іўе, не бывай, а да сустрэчы!

На інтэрв’ю да старшыні Іўеўскага раённага выканаўчага камітэта Ігара Мікалаевіча Генеца мы завіталі разам з загадчыцай сектара культуры Іўеўскага райвыканкама Святланай Вацлаваўнай Кішкель. І першае пытанне тычылася ацэнкі дзейнасці мясцовых устаноў культуры. 

Старшыня Іўеўскага райвыканкама Ігар Генец і загадчыца сектара культуры Святлана Кішкель падчас размовы з карэспандэнтам "Культуры"Старшыня Іўеўскага райвыканкама Ігар Генец і загадчыца сектара культуры Святлана Кішкель падчас размовы з карэспандэнтам "Культуры"

— Ігар Мікалаевіч, як лічыце, добра працуе сектар культуры? На чым неабходна засяродзіць увагу? 

— Адкажу коратка: рухацца ў тым жа кірунку, што і цяпер, і не здаваць пазіцый. 

— Магчыма, трэба больш развіваць культурна-турыстычны складнік? Працаваць з сувенірамі, з аграсядзібамі? Бо ваш раён мяжуе з Літвой, ды і пра айчыннага турыста не варта забывацца. 

— Такая праца вядзецца. Наш раён даволі прывабны ў турыстычным плане, мы павялічваем маршруты, ёсць у нас аграсядзібы, дзе займаюцца сплавам на байдарках па Беразіне, у нашым музеі прысутнічае шматлікая сувенірная прадукцыя. 

— І ў мяне ў кішэні ўжо ляжыць сувенір з Іўеўскага музея нацыянальных культур. 

— Менавіта пра гэта і гаворка. Але, зразумела, нам ёсць куды развівацца. І самае галоўнае— трэба дэманстраваць свае дасягненні, тое цікавае, што можа прыцягнуць увагу турыста. І тут вельмі важным, на мой погляд, з’яўляецца супрацоўніцтва са СМІ — з мясцовай газетай “Іўеўскі край”, з рэспубліканскай газетай “Культура”, з іншымі выданнямі і тэлеканаламі. Менавіта дзякуючы прэсе ў апошнія два гады вялікую раскрутку і піяр-падтрымку атрымаў наш “Памідоравы фэст”. І летась людзей на фестывалі было значна болей, чым раней. 

— Ігар Мікалаевіч, у 2021 годзе вы выступалі на калегіі Міністэрства культуры Беларусі і прэзентавалі Іўе на атрыманне статусу “Культурная сталіца Беларусі”. Тады вашу прапанову не зацвердзілі. Ці працягнеце змагацца за пачэснае званне? 

— Безумоўна. Але ж заўсёды варта рэальна ацэньваць свае сілы. У 2021-м нас абышла Орша. Летась, як вы ведаеце, ад Гродзеншчыны падавала заяўку Свіслач — з тым жа вынікам. Справа ў тым, што нас у гэтым конкурсе абыходзяць буйныя гарады, і канкураваць з імі мы не можам. Лічу, што і ў бліжэйшыя тры- чатыры гады канкурэнцыя будзе агромністая. А вось пазней можна паспрабаваць яшчэ раз. Пагатоў паказаць нам ёсць што і беларусам, і замежным гасцям. Гэта і нашы шматлікія турыстычныя адметнасці, і аграсядзібы, і брэндавыя мерапрыемствы, і фестывалі, той жа “Памідоравы фэст”. 

— Мяне ўжо запрасілі на яго, так што летам планую пабываць. 

— Толькі, калі ласка, як будзеце ехаць на “Памідоравы фэст”, прыхапіце зменнае адзенне (смяецца). 

— Белае не браць? 

— Як пажадаеце. Пазалетась медыкі прыйшлі нават у сваіх халатах. Але была і адна ваша калега, якая захацела паўдзельнічаць у конкурсе на кіданне памідорамі. Дык вось, дзяўчына яна сімпатычная, і, мабыць, прыглянулася хлопцу з іншай каманды. 

— І ён яе, відаць, адзначыў? 

— Так, адзначыў, і не раз. Так што адзенне ёй прыйшлося потым мяняць. 

— Добра, абавязкова вазьму на фестываль запасную кашулю! І дзякуй вам за гутарку! 

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

kultura-info.by

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.