Улетку звіняць сцэны і канцэртныя пляцоўкі выступленнямі і разнастайнымі творчымі праектамі культработнікаў раёна. Яны ў нас асаблівыя. Кожнае свята, кожны праект - гэта плённы пошук, гэта сімвалічнае жаданне зняць з неба сонца і падарыць яго людзям, узняць ім настрой, аблегчыць зморанасць ад цяжкай летняй работы на вёсцы.
У кожным аграгарадку святкуюць сваё, асаблівае. Хто пяе гімны сенакосам, хто адпраўляецца на шляхетны фэст у Жамыслаўль, геранёнцы заклікаюць на баль да да самой Барбары Раддзівіл, морынцы частуць юшкай, адзначаючы свята залатой рыбкі… А ў Лаздунах ужо колькі год запар ушаноўваюць прыгажосць, цнатлівасць, шыкоўнае чараўніцтва кветак: ад самых сціплых, што растуць на палетках і лугах, ля дарогі - да самых шыкоўных, якія ганарова свецяць прыгажосцю ў гародчыках і на падворках.
Сёлета, на жаль, такого вялікага збору гасцей і ўдзельнікаў не атрымалася. Аднак, нездарма ж менавіта тут нарадзілася такое прыгожае свята. Таму ёсць і свае традыцыя, і напрацоўкі святочнага дзейства. Вось і заклікалі сваіх землякоў мясцовыя культработнікі ў мінулу нядзелю, каб разам святкаваць.
…Ці патрэбна казаць, што кветкі (і жывыя, і касцюміраваныя) зіхацелі з кожнага кутка парка, запаўняючы ўсё наўкол колерамі, фарбамі і водарам. Асноўныя кветкавыя ролі сёлета выконвалі дзеці - удзельнікі гурткоў і творчых аб'яднанняў аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Лаздуны.
Патрэбна адзначыць, што вяскоўцы, а таксама іх дзеці і ўнукі з іншых месц Беларусі, з задавальненнем прыходзяць на гэтае свята. І з не меншымі захапленнем і ахвотай яшчэ і прымаюць удзел у ім. Таму што кветкі ў Лаздунах любяць усе. І не толькі любяць, але і вырошчваюць, с любоўю даглядаюць, каб затым пахваліцца перад суседзямі ды й удзел прыняць у конкурсе на свяце.
Але пра тое крышку пазней. А зараз раскажам, як праходзіў "Кветкавы калейдаскоп". Такую назву носіць гэтае свята. Пачалося яно з конкурснай праграмы "Міс Кветачка". У праграму конкурсу ўваходзіла дэфіле і прадстаўленне касцюмаў. А таксама журы дэгусціравала розныя смачнасці на конкурсе кулінарных шэдэўраў.
Канкурсанткамі сталі Сафія Пісарэнка і яе мама Анастасія Пісарэнка; Сафія Жэлдак і яе мама Надзея Жэлдак; Елізавета Завадская і яе бабуля Галіна Іванаўна Завадская.
Жюры вырашыла, што званне "Міс Кветачка" можна даваць кожнай дзяўчынцы. Таму перамагло сяброўства. Кожная ўдзельніца атрымала падарунак і агульны на ўсіх смачны торт. Дарослыя таксама былі ўзнагароджаны салодкімі падарункамі.
Як заўжды, называліся лепшыя кветкаводы і садаводы-агароднікі. Сёлета пераможцамі сталі: Галіна Леанідаўна Тулько, Анатоль Пятровіч Буцько, Тамара Іосіфаўна Зелень, а лепшымі садаводамі і агароднікамі прызнаны Ірына Аляксандраўна і Валерый Іванавіч Янкевічы. Усе пераможцы атрымалі дыпломы і падарункі.
Канцэрт "Кветкавы настрой" дарылі святу творчыя калектывы і выканаўцы аграгарадка Вішнева Валожынскага раёна.
На пляцоўцы свята працавалі тэматычныя выставы, фэйс-арт, бяспройгрышная латарэя, забаўляльны атракцыён, гандаль.
В. ГУЛІДАВА.
Фота з архіва культурнай установы.