ivyenews.by

Колькі вышыванай, любай прыгажосці!

Культура и творчество

Гэтыя радкі з верша беларускай паэткі Ларысы Геніюш неяк раптоўна прыходзяць у галаву, калі гэтымі днямі адчыняеш дзверы раённай бібліятэкі і заходзіш ў пакой абанемента.

Там разгорнута выстава "Свет рушніковы - скарб адмысловы". І назва выставы прыгожая, і сама выстава зачароўвае, замі-лоўвае кожнага, хто мае дачыненне і хоць крыху знаёмы з  такім цудоўным мастацтвам беларускага народа, як  ручнікі. Здаецца, самая патрэбная і звычайная рэч. А з якой любоўю іх шылі і вышывалі нашы бабулі і маці! Рушнікі бываюць вышыванымі, тканымі, з карункавай аздобай. У кожнай мясцовасці - свае карункі, свая вышыўка, свае матывы і колеры.

Беларускі рушнік - гэта цудоўнае тварэнне рук чалавечых. Вялікая і багатая яго гісторыя. Ён адносіцца да тых прадметаў народнага мастацтва, якія належаць і мінуламу, і сучаснаму.

Ёсць у нашым краі добры звычай - хлебам-соллю вітаць дарагіх гасцей. І падаюць іх абавязкова на рушніку. Гэта сімвал чысціні, цяпла роднай хаты і зямлі.

Рушнік прысутнічае ў найбольш важныя, пераломныя этапы жыцця нашага чалавека. Мы бачым яго на радзінах і вяселлі, ім абвязваюць свата на вяселлі, сяброў-сведкаў  жаніха і нявесты. Набор ручнікоў абавязкова ўваходзіў у пасаг дзяўчыны, якая збіралася замуж.

Самым высокім статусам надзяляліся абрадавыя або рытуальныя ручніки, багата аздобленыя вышыўкай, карункамі. Ручнікі для падарункаў мелі назву “платкі”; спецыяльна прызначаныя для выканання пэўнага абраду - абыдзеннікі, надзежнік - палатняны рушнік для накрывання дзяжы - надзежнік і г.д. 

Сустракаем рушнікі  мы і на пахаваннях. У сем'ях нават мелі такія спецыяльныя рушнікі "на смерць". На іх апускалі труну ў магілу.Са старажытных часоў і крыжы на магілах упрыгожвалі ўзорнымі ручнікамі. У некаторых мясцах да гэтай пары на Радаўніцу расцілаюць на пагостах ручнікі з памінальнай ежай. На Дзімітраўскія дзяды стол накрывалі чыстым абрусам, а на абразы вешалі вышываныя набожнікі.

Шмат стагоддзяў карыстаюцца беларусы ручніком. Ткуць і расшываюць яго і сёння, працягваючы ўдасканальваць прыгажосць, над якой працавала мноства папярэдніх пакаленняў.

Зіхаціць ручнік наш саматканы,

Родны беларускі наш узор,

І глядзіш, глядзіш зачараваны -

На дзівосны, казачны ўбор.

І  замілавацца, і зачаравацца, і даведацца шмат карыснага дазволіла мерапрыемства творчых іўеўскіх бібліятэкараў. Яны лічаць, што вывучаць, пазнаваць, разумець сваю зямлю, яе народ - бадай, самая галоўная наша задача.

Наведайце выставу! Прыгарніцеся да каранёў сваіх, адчуйце  смак беларускасці! 

В. ГУЛІДАВА.

Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.

Читайте ещё:



Оставить комментарий