ivyenews.by

Лета культработнікаў. Навіны

Культура и творчество

Залатыя карункі

Тыя карункі сімвалічна раскіданы па ўсім аграгарадку. Таму што ў Геранёнах  і сапраўды жыве вельмі шмат таленавітых, апантаных народнай творчасцю майстроў, якія і  вышываюць, і вяжуць, і спяваюць, і танцуюць, і цуды-вырабы з залатой саломкі  ствараюць. У сектары рамёстваў і традыцыйнай культуры аграгарадка Геранёны адбылася творчая майстэрня "Залатыя ўзоры". У рамках мерапрыемства праведзены майстар-клас народнага ўмельца, кіраўніка гуртка сектара рамёстваў Вольгі Грынюк і выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Безумоўна, гледзячы на цуды, што выходзяць з-пад умелых рук, шмат хто захоча паспрабаваць сябе ў ролі народнага майстра.

Куток радзімы дарагі

Сёлета супрацоўнікі аддзелаў і сектараў культурна-масавай і асветніцкай работы Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу правялі вельмі шмат цудоўных і змястоўных мерапрыемстваў для жыхароў вёскі. Спачатку вабілі  вяскоўцаў канцэртныя праграмы і святы вёсак, вуліц, дамоў праекта "Свята кожны дзень", а зараз  святы працягваюцца самі па сабе. У апошнюю нядзелю  творчыя і няўрымслівыя культработнікі з установы культуры аграгарадка Трабы завіталі да жыхароў вёскі Сурвілішкі.   І прапанавалі ім прыняць удзел у свяце вёскі "Куток радзімы дарагі". Свята праходзіла ў рамках культурна-творчага праекта для сталых людзей "Да кожнага сэрца".

Безумоўна, што на такія мерапрыемствы прыходзяць не толькі сталыя людзі. Таму што прыезд артыстаў - свята для кожнага жыхара такой маленькай вёскі.

З песняй весялей

Такую назву насіла канцэртная праграма  і да такой высновы прыйшлі і тыя, каму яна прысвячалася - жыхары аграгарадка Суботнікі, якія з задавальненнем і радасцю наведалі канцэрт лепшых салістаў і творчых асоб  мясцовага аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы. А тое, што ў Суботніках  працуюць надзвычай творчыя і таленавітыя людзі, -  ні для каго ў цэлым раёне не сакрэт. 

Родная веска - мая ты калыска

У вёсцы Гудзеняты ў рамках культурна-творчага праекта для пажылых людзей "Да кожнага сэрца" адбылося свята вёскі "Родная веска - мая ты калыска". Свята праведзена аддзелам культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Лаздуны1. 

На мерапрыемстве гучала шмат прыемных слоў і шчырых пажаданняў ў адрас жыхароў вескі. Прыемным падарункам стаў канцэрт творчых калектываў і выканаўцаў. Артысты атрымалі прыгожыя кветкі ад удзячных гледачоў.

Падчас свята працавала выстаўка народнай творчасці "Родныя ўзоры".

Віншуем, спяваем, жадаем!

Аматарскія аб'яднанні, што дзейнічаюць пры многіх аддзелах і сектарах культурна-масавай і асветніцкай работы, - гэта месца не толькі аднадумцаў, якія займаюцца  тым, што іх цікавіць, распрацоўваюць праграмы сваёй работы, праводзяць пасяджэнні. Гэта і   сустрэчы сяброў, якімі становяцца тут людзі.  Ёсць аб чым пагаварыць, што расказаць і што паслухаць. А гэта так важна, каб засцерагчы сябе ад адзіноты, старасці, маркоты.

У аддзеле культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Геранёны яшчэ і праводзяць віншаванні з днём нараджэння для ўдзельнікаў аматарскіх аб'яднанняў. Вось і днямі ў рамках культурна-творчага праекта для сталых людзей "З днём нараджэння" праведзена віншавальная праграма "Віншуем, спяваем, жадаем" да 66-годдзя жыхаркі аграгарадка, ўдзельніцы аматарскага аб'яднання "Мудры ўзрост" Тэрэзы Іванаўны Казелька. 

В. ГУЛІДАВА.

Фота з архіваў устаноў культуры.

Читайте ещё:



Оставить комментарий