ivyenews.by

Свята вёскі. Апошнія акорды лета

Культура и творчество

Восеньскі сум напаўняе душы. Дзеці пайшлі ў школу, канікулы скончыліся, унукі вярнуліся ў свае гарады, пакрыху пусцеюць гароды і гародчыкі, садавіна і гародніна “перабіраецца” у падвалы, каморкі, халадзільнікі. Дні карацейшыя, ночы халаднейшыя. Ды і днём сонейка  ўсё менш і менш дастаўляе нам цяпла і радасці. Адным словам, бывай, лета!

А культработнікі Іўеўшчыны не хочуць яго адпускаць. Звінела лета увесь ліпень, луналі песні, гучала музыка над палямі і палеткамі. Шмат добрых мерапрыемстваў, святаў весак і вуліц было наладжана, шмат добрых слоў падзякі і любові выказана людзям з самых аддаленых і маленькіх вёсак. Надзвычай творчым і плённым атрымалася лета. Таму яшчэ не хочацца з ім развітвацца.

Як адзін з апошніх акордаў  цяпла і сонца -  свята вёскі Баравікі, якое ладзіў для вяскоўцаў у першую нядзелю верасня творчы калектыў аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Суботнікі дзяржаўнай установы культуры " Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу". Мерапрыемства праведзена ў рамках культурна-творчага праекта "Да кожнага сэрца", які апошнія месяцы збіраў шмат гледачоў.

Свята  "Мая маленькая Радзіма" у Баравіках Суботніцкага сельсавета вітала гаспадароў і гасцей усё яшчэ  цёплымі сонечнымі промнямі, восеньскімі      кветкамі, мілагучнымі песнямі і цудоўным, амаль што летнім, настроем.

Шчырыя словы падзякі артыстам і найлепшыя пажаданні ўсім прысутным выказалі ад імя  жыхароў Альбіна Іосіфаўна Юхневіч і стараста вёскі Баравікі Марыя Антонаўна Карповіч.

Бывай, лета!  Запяём восеньскія песні.

В. ГУЛІДАВА.

Фота з архіва установы культуры.

Читайте ещё:



Оставить комментарий