Супрацоўнікі Іўеўскай раённай бібліятэкі запрасілі на агляд перыядычных выданняў “Вясёлка, роднай мовы ты крынічка” вучняў 2-га “А” класа Іўеўскай сярэдняй школы.
Мерапрыемства адбылося ў межах праекта “Беларускі чацвер” і праходзіла на свежым паветры, каля бібліятэкі.
На сустрэчу з дзецьмі са старонак часопіса сышоў Вася Вясёлкін. Вася разам з бібліятэкарам пазнаёмілі юных чытачоў з найбольш цікавымі рубрыкамі часопіса “Вясёлка”, з аўтарамі, якія друкуюцца на яго старонках.
Перагортваючы каляровыя старонкі, дзеці разглядалі малюнкі да твораў беларускіх пісьменнікаў, адгадвалі загадкі, вывучылі лічылку, якой будуць карыстацца падчас гульняў з сябрамі, а таксама паўдзельнічалі ў беларускіх народных гульнях разам з завадзілам Васем Вясёлкіным.
Напрыканцы мерапрыемства ўсе жадаючыя маглі выбраць любыя нумары часопіса “Вясёлка” для хатняга чытання.
«Вясёлка» – беларускамоўны штомесячны часопіс для малодшых школьнікаў. Друкуе апавяданні, казкі, вершы беларускіх пісьменнікаў, пераклады, загадкі, рэбусы, галаваломкі, песні беларускіх кампазітараў для дзяцей.
Па матэрыялах сайта бібліятэкі.