Язык:

Скрозь ліхалецці яркім суквеццем крочаць татарын, паляк, беларус

Главное

… Яны крочаць так даўно, так надзейна, так міралюбіва. Шэсць стагоддзяў спатрэбілася для таго, каб на былым бойкім гандлёвым месцы вырасла яскравае сведчанне таго сумеснага паходу "скрозь ліхалецці" - помнік згоды і добрасуседства трох асноўных сусветных рэлігій - хрысціянства, ісламу, іўдаізма. Тое, аб чым мараць людзі добрай волі ўсяго свету, мы здзейснілі і ў камяні, і ў практычным жыцці.
Таму сёння мы ўсе разам святкуем 620-годдзе з'яўлення на зямлі беларускай новых грамадзян - татараў. Хаця яшчэ даваенныя (Вялікая Айчынная вайна) пакаленні іўеўскіх татар называлі сябе літвінамі. Не, не літоўцамі - літвінамі. Да гэтай нацыі ці народнасці многія стагоддзі адносіліся мясцовыя беларусы, палякі, татары і г.д.
Мястэчкі Заходняй Беларусі - гэта цэлая з'ява ў гісторыі. Гэта дзіўныя мяс-ціны, якія былі ўжо не вёскамі, але яшчэ і не гарадамі. Гэта яны далі Беларусі такі незвычайны, такі багаты пласт культуры, які замешаны на Захадзе і Усходзе, дзе спляліся культуры іўдзееў, беларусаў, татараў, палякаў, дзе перапляліся жыцці і лёсы, дзе на маленькіх вуліцах то стрэнеш сінявокую прыгажуню з льнянымі косамі, то раптоўна абпаляць цябе хуткім поглядам чорныя вочы, у якіх яшчэ, здаецца, гараць агеньчыкі вогнішчаў ля шатроў качэўнікаў…
Усяго і засталося ў мясцовых татар - іх вера. Страчана мова, страчана культура, аднак засталіся прыгожыя па-усходняму, па-азіяцку твары, цёмныя валасы і асаблівы разрэз вачэй, засталіся асобныя стравы татарскай кухні і , безумоўна, рытуалы і звычаі.
Між іншым, менавіта татары, па сцвярджэнні навукоўцаў, захавалі для нас старадаўнюю беларускую мову, таму што пакінулі запісы сваіх дакументаў і святога Пісання на мове той дзяржавы, якая стала ім радзімай. Засталася ў іх і асаблівая рыса характару - добрасумленнасць. Між іншым, у царскай Расіі самыя адказныя пасады ў войску, якія былі звязаны з захаваннем палкавых грашовых кас, пасад інтэндантаў, давяраліся менавіта татарам - гэтыя людзі ніколі не кралі, не ашуквалі.
Але вернемся да нашага агульнага свята, якое прыйшло сёння ў горад. Мы раскажам пра яго ў наступных нумарах нашай газеты. А сёння хочацца даць слова імаму Іўеўскай мячэці, настаўніку беларускай мовы і літаратуры Іўеўскай сярэдняй школы Адаму Сулейманавічу Радзецкаму і старшыні Іўеўскай мусульманскай рэлігійнай абшчыны Івану Матвеевічу Шабановічу, з якімі мы сустрэліся і пагутарылі напярэдадні свята.

Адам Сулейманавіч Радзецкі:
- Кожны чалавек павінен знаць гісторыю свайго роду, сваёй сям'і, сваёй нацыі. Так, мы, татары Заходняй Беларусі, за шэсць стагоддзяў жыцця сярод беларусаў страцілі сваю мову. На тое былі прычыны. Але была і цудоўная падстава для гэтага - татары з першых крокаў па чужой зямлі, якая прапанавала ім хлеб і хаціны, зямлю і грамату аб волі, вырашылі гаварыць на мове сваёй новай айчыны. Нязменнай засталася вера. Так і павінна быць у людзей. Безумоўна, мова - гэта вельмі важна, аднак вера - гэта тое, што цэментуе, што падтрымлівае наш дух, нашы сэрцы і жыцці.
Аддадзенае татарам князем Вітаўтам урочышча Мураўшчызна зараз стала вуліцамі Савецкай і Леніна, дзе ў асноўным пражываюць іўеўскія татары, дзе стаіць наша святыня, грошы на ўзвядзенне якой фундавала польская пані, каталічка графіня ЭльвіраЗамойская. Як бачна, добрыя адносіны да нашага міралюбівага, працалюбівага народа сярод мясцовых жыхароў розных веравызнанняў склаліся даўно.
На гэтых вуліцах мы раслі, а зараз растуць нашы дзеці. На гэтай вуліцы дзядуля называў мяне муллой, адзначаючы, на яго думку, мой розум і граматнасць. Я ж ніколі не думаў аб тым, што калісьці прыду ў нашу мячэць імамам. І да гэтага часу (імамам стаў у 2013 годзе) ўдзячны нашым вернікам, якія палічылі мяне годным узначаліць мячэць. Шмат цудоўных людзей працавала на гэтай пачэснай і адказнай пасадзе. Сёння іх няма з намі. І мы молімся за іх душы, успамінаем толькі добрым словам.
У мяне меліся пэўныя веды. З лютага па жнівень 1995 года, яшчэ вучнем Іўеўскай сярэдняй школы, вывучаў у Турцыі "Каран - курс" (вера, чытанне Карана, турэцкая мова). Сёння іўеўская мусульманская татарская абшчына налічвае каля 500 чалавек. І кожны з іх, па маім меркаванні, хоча бачыць свайго імама годным гэтай пачэснай і вельмі адказнай пасады. Яна прыносіць (або не) чалавечыя любоў, павагу. Патрэбна адпавядаць таму, чаго чакаюць ад цябе супляменнікі, мусульмане.
Імкнуся жыць адказна, абмяжоўваю сябе ў мірскім жыцці. Адмаўляюся ад тых паводзін і тых учынкаў, якія не зусім падыходзяць майму статусу.
Святочнае богаслужэнне пройдзе ўжо ў адноўленай мячэці. З 2013 года ідзе рамонт фасада, даху. У памяшканні таксама шмат зроблена: столь, сцены і г.д. Сродкі на гэта збіралі іўеўскія татары, землякі з іншых гарадоў, нашы аднавернікі. Праз муфціят грошы ахвяравалі мусульмане Турцыі. Па вучэнні Карана, калі чалавек ахвяруе грошы на мячэць, ён пабудуе дом ў раі.
Веру ў тое, што свята, якое пройдзе ў суботу, 4 лістапада, паспрыяе падняццю духу нашай абшчыны і яшчэ раз напомніць нам усім, што мы - прадстаўнікі адной з асноўных рэлігій свету, што мы, беларускія мусульмане, прапаведуем мірны іслам. Менавіта такі ён у нашай краіне. Мы не займаемся такімі справамі, якія прыніжаюць нашу рэлігію. Наступленне на іслам ідзе з-за тэрарыстаў, якія ганьбуюць нашу рэлігію і нашу веру.
Мы молімся, працуем, жывём у міры і згодзе з нашымі суседзямі-хрысціянамі. Нашы дзяды абаранялі Радзіму ў гады ліхалеццяў. І зараз юнакі-мусульмане з Іўя выконваюць свой грамадзянскі абавязак - служаць тэрміновую службу ў арміі Рэспублікі Беларусь, вучацца ў ваенных вучэбных установах.
Мы не падзяляемся па нацыянальнасцях. Мы ўсе - грамадзяне адной краіны, адной Айчыны - Беларусі.

Іван Мацвеевіч Шабановіч - старшыня Іўеўскай мусульманскай рэлігійнай абшчыны:
- "Самы родны, самы блізкі той куточак, дзе я рос", - пад гэтымі словамі беларускага паэта я заўжды гатовы падпісацца, калі думаю пра сваю малую радзіму - Іўе. Яна назаўжды ў маім сэрцы. Я думаў пра яе і тады, калі пакідаў наш горад ненадоўга, і тады, калі выконваў свой воінскі і інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Можа таму і вярнуўся з Мінска, дзе спрабаваў наладзіць сваё жыццё. Не адпускала малая радзіма.
Іўе - гэта асаблівае месца, гэта зямля маіх прадзедаў і дзядоў, маіх бацькоў, мая, маіх дзяцей і ўсіх будучых пакаленняў маіх нашчадкаў. І таго майго першага прашчура, што прыйшоў сюды шмат стагоддзяў назад, спешыў каня, зняў свой шлем і з палёгкай уздыхнуў, як быццам зразумеўшы, што доўгі шлях скончаны назаўжды…
Ведаеце, калі быў зусім маладым, як і большасць равеснікаў, жыў звычайным жыццём. Свята маладых было не для малітваў - у мячэць ішлі дзядулі і бабулі, бацькі. Для нас свята - гэта дыскатэкі, смачнасці, якія рыхтавалі матулі.
Потым стаў дарослым і зразумеў, што кожны чалавек павінен ведаць свае карані, дакрануцца душой і сэрцам да веры прашчураў. А калі мяне абралі старшынёй абшчыны, з'явіліся пэўныя абавязкі, якія патрабавалі і пэўных ведаў.
Нашай гісторыяй, нашай абшчынай, мячэццю, адной са старэйшых на Беларусі і адзінай дзейнічаючай у савецкія часы, пачалі цікавіцца турысты і проста людзі, якія праязджаюць праз горад. І калі многія беларусы ўжо ведаюць Іўе, то ў ра-сіян гэта выклікае амаль што культуралагічны шок - сярод беларускіх хацін высіцца мусульманская мячэць. Адкуль, чаму? І тады я часам адкрываю дзверы нашай святыні, запрашаю людзей, выконваючы прынятыя ў мячэці правілы, зайсці ў мусульманскі храм. І расказваю ім нашу татарска-беларускую шматвяковую гісторыю. А для таго, каб расказаць, шмат чытаю, цікаўлюся мінулым, набываю веды. Між іншым, іслам вітае жаданне чалавека пазнаваць усё, што яму карысна, што не ганьбуе людзей, не шкодзіць ім.Між іншым, нашы турысты (не беларусы) нярэдка пытаюць, ці не крыўдзяць нас тут. Тады ўжо здзіўляемся мы. А чаму нас павінны крыўдзіць? Мы што, пагандляваць сюды прыехалі? Мы тут жывём. Жывём з тых часоў, калі яшчэ не было слова “беларус”. Усе былі літвінамі.
Некалі ў 17 стагоддзі ў Рэчы Паспалітай налічвалася 100 тысяч татараў. Татары, прыйшоўшы ў Беларусь (друкарскай справы яшчэ ж не было) пісалі свае кнігі ад рукі. Пісалі хамаілы - малітвеннікі. Пісалі кетабы - кнігі. Аль-кетаб - свяшчэнная кніга.
У такіх кнігах пісаліся не толькі малітвы, але і рэцэпты нацыянальных страў, пра лекавыя расліны, правілы іх ужывання і г.д. З цягам часу перасталі карыстацца сваёй мовай. І пісалі на старадаўняй беларускай арабскай вяззю.
Сёння такія кнігі - вялікая каштоўнасць для навукоўцаў-лінгвістаў. Калі яны спрачаюцца наконт паходжання ці прыналежнасці якойсьці мове тых ці іншых слоў, альбо, калі хочуць даказаць, што слова менавіта беларускае, звяртаюцца да кетабаў. І там знаходзяць яны старадаўнія беларускія словы, якіх мы сёння часам і не ведаем. Такая навука нават назву мае - кетабісціка.
Ад беларусаў сёння нас адрознівае толькі вера. Мяркуйце самі. На нашых вяселлях мы абавязкова зычым шчасця і доўгіх гадоў жыцця той жа песняй, што і заходнія беларусы - "Сто лят". Няма застолля, дзе хтосьці не зацягнуў бы "Цячэ вада ў ярок". Мы лічым сваімі стравамі дранікі, бабку з бульбы. Безумоўна, ёсць нейкія сувязі і з іншымі нацыянальнасцямі ў культуры, стравах беларускіх татар. Чыста татарскім мы называем чымас. У іўеўскіх яўрэяў яно называлася цымус. У рускіх гэта "жаркое", а ў беларусаў - смажаная ў гаршэчку бульба з вялікай колькасцю мяса, хатняй каўбасой, грыбамі.
З беларусамі мы аднолькавыя яшчэ і па сваёй працаздольнасці, жаданні ад душы працаваць, каб забяспечыць свае сем'і, дапамагчы дзецям, унукам.
Татары прыйшлі на гэтую зямлю воінамі. Першае вялікае перасяленне адбылося тады, калі хан Тахтамыш папрасіў палітычнага прытулку ў ВКЛ ў 1397 годзе. Разам з яго вялікім войскам прыйшлі каля 50-ці багатых і вядомых родаў. І кожны князь, кожны татарскі вяльможа прывёў сваю вялікую дружыну. Заставаліся на Беларусі і воіны-наёмнікі. Асабліва пасля Грунвальдскай бітвы ў 1410 годзе. Татары, атрымаўшы вольную, землі, лічыліся ваенным саслоўем. А ў перапынках між войнамі займаліся агародніцтвам, конегадоўляй, гарбарнай справай і г.д.

Няма дакладных дадзеных пра з'яўленне татар у Іўі. Аднак, напэўна, гэта здарылася таксама ў тыя далёкія гады. Ёсць меркаванне, што Мураўшчызну татары атрымалі ў дар ад князя Вітаўта за перамогу ў Грунвальдскай бітве. Напрыклад, нашы новыя могілкі (мізар) па першых запісах на помніках (іх пачалі пісаць толькі крыху больш як 200 гадоў назад) адносяцца дзесьці да 18-19 стагоддзяў. Аднак, ёсць два невялікія мізары на вуліцах Леніна і Савецкай без надпісаў (хутчэй за ўсё, пахаванні пасля якойсьці бітвы). А вельмі старыя могілкі без надпісаў знаходзіліся на ўскрайку лесу ля вёскі Паўлавічы. У пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя мясцовы калгас расчысціў іх ад камянёў і зрабіў там калгаснае поле.
Што ж, памерлым адно, а жывым - жыццё. І я веру, што алах сапраўды вядзе да свету таго, каго пажадае. Калі чалавек верыць і робіць усё тое, што прадпісана яму Богам і рэлігіяй, Бог убачыць яго і дапаможа. Нялёгка даецца ўсё у гэтым жыцці. Аднак мой народ ніколі не шукаў палёгкі. Ён працуе, жыве, ён паважае законы сваёй Айчыны. І таму, напэўна, яна стала яму сапраўднай роднай зямлёй за ўсе гэтыя стагоддзі, якія пражыты ў веры, працы, павазе да суседзяў па жыцці і любові да сваіх бацькоў і дзяцей.

Гутарыла В. ГУЛІДАВА.
Фота С. ЗЯНКЕВІЧА і з архіва “ІК”.

Читайте ещё:



Похожие материалы (по тегу)

Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.