Напярэдадні Вялікай Айчыннай дзесяткі, а магчыма, і сотні іўяўчан былі прызваныя ў Чырвоную Армію. Першы вялікі прызыў адбыўся вясной 1940 года, праз паўгода - другі, а вясной 1941 - трэці. Нашых землякоў накіроўвалі служыць у асноўным на заходнія межы Савецкага Саюза: Беласток, Гродна, Свіслач, Сапоцкін… Акрамя таго, хлопцы з Заходняй Беларусі траплялі ў Ленінградскую, Маскоўскую, Белагародскую вобласці, на Украіну, на Далёкі Усход. У пяхоту, авіяцыю, артылерыю, сувязь, інжынерныя падраздзяленні, у Ваенна-марскі флот.
Большасць з іх дамой не вярнулася. І падрабязнасцяў іх ваеннага лёсу вельмі мала. Аднак, на шчасце, у дакументах дзе-нідзе захаваліся прозвішчы, якія сёння мы можам назваць. Яшчэ раз нагадаю, што ў маім спісе - імёны нашых землякоў, якія або адсутнічаюць у кнізе "Памяць" Іўеўскага раёна, або пра якіх мне давялося адшукаць нейкую дадатковую інфармацыю.
МАЦЕЦКІ Віктар Юстынавіч. Нарадзіўся ў 1919, жыў у в. Дварчане. 23 красавіка 1940 прызваны Іўеўскім РВК. Быў накіраваны служыць ў Палтаўскую вобласць Украіны на станцыю Ераскі. Прапаў без вестак у самым пачатку вайны.
ГРЫНЮК Сігізмунд Іванавіч. Нарадзіўся ў 1912, жыў у в. Жамайтукі. 17 мая 1941 прызваны Іўеўскім РВК. Прапаў без вестак у самым пачатку вайны.
БАРЫСЕВІЧ Станіслаў Пятровіч. Нарадзіўся ў 1919, жыў у в. Жылічы. Прызваны ў лістападзе 1940. Служыў у Ленінградзе, малодшы сяржант. Прапаў без вестак у першыя месяцы вайны.
А вось яго аднавясковец БАРЫСЕВІЧ Сафрон Іванавіч стаў чырвонаармейцам у 1944, трапіў служыць у 41-ю стралковую дывізію. Быў цяжка паранены ў баі і памёр ад ран 12 красавіка 1945. Пахаваны ў в. Голіц непадалёку ад Брандэнбурга.
ШУЛЕЙКА Уладзімір Іванавіч. Нарадзіўся ў 1908, жыў у Іўі. Тут яго пачалі расшукваць сваякі адразу пасля вайны. Аднак сам Уладзімір быў прызваны 10 студзеня 1943 адным з райваенкаматаў Свярдлоўскай вобласці. Служыў у артылерыі. Прапаў без вестак 6 верасня 1943.
ЗЯНЬКО Антон Іосіфавіч (Восіпавіч). Нарадзіўся ў 1917, жыў у Іўі. Прызваны 6 чэрвеня 1941 і накіраваны ў 815-ты стралковы полк. Прапаў без вестак у самым пачатку вайны.
БРАЗОЎСКІ Уладзімір Станіслававіч. Нарадзіўся ў 1912, жыў на хутары Каменная Слабада. Прызваны ў маі 1940 Юрацішкоўскім РВК. Сувязь з ім прыпынілася з пачаткам вайны. Прапаў без вестак.
ГАЛАВАЧ Баляслаў Ксаверавіч (менавіта так падаецца імя па бацьку ў дакуменце). Нарадзіўся ў 1914, жыў у в. Камянчане. Прызваны 13 красавіка 1941 Іўеўскім РВК. Прапаў без вестак у пачатку вайны.
СУШЫНСКІ Сцяпан Бенядзіктавіч. Нарадзіўся ў 1918, жыў у в. Каўкелі. Прызваны 5 мая 1941 Іўеўскім РВК. Чырвонаармеец Сушынскі трапіў служыць у 479-ты стралковы полк. Прапаў без вестак у пачатку вайны.
ЦЫБУЛЬ Іосіф Паўлавіч. Нарадзіўся ў 1906, жыў у в. Крывічы. Прызваны 16 мая 1941 Іўеўскім РВК. Служыў у 213-м стралковым палку 56-й стралковай дывізіі. Чырвонаармеец-мінамётчык. Загінуў 13 ліпеня 1941 непадалёку ад мястэчка Сапоцкін цяперашняга Гродзенскага раёна.
УСІНОВІЧ Браніслаў Сцяпанавіч. Нарадзіўся ў 1900, жыў у в. Кудэйшы. 17 мая 1941 прызваны Іўеўскім РВК. Прапаў без вестак у самым пачатку вайны. Тут патрэбна вось якое ўдакладненне. У паперах ваеннага і пасляваеннага часу гаворыцца, што Браніслаў Усіновіч прапаў без вестак нібыта ў верасні 1944. Аднак ніякіх дадзеных пра тое, дзе і якім чынам наш зямляк служыў тры папярэднія ваенныя гады, не прыводзіцца. У спалучэнні з інфармацыяй, што салдат быў прызваны яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай, гэта на самай справе азначае, што вайсковец прапаў без вестак менавіта ў пачатковы перыяд вайны: у першы месяц, альбо нават у першыя тыдні. Такім чынам маскіраваліся вельмі высокія страты ў Чырвонай Арміі ў першыя дні гітлераўскага нападу.
РУТКОЎСКІ Мікалай Уладзіміравіч. Нарадзіўся ў 1919, жыў у в. Латэўка. У лістападзе 1940 прызваны Юрацішкоўскім РВК. Прапаў без вестак у самым пачатку вайны.
ГАЙГАЛОВІЧ Канстанцін Ігнатавіч. Нарадзіўся ў 1904, жыў у в. Ліпнішкі. Прызваны 14 красавіка 1941 Іўеўскім РВК. Прапаў без вестак у чэрвені 1941.
ЛАПАТА Ўладзімір Ільіч. Нарадзіўся ў 1919, жыў у в. Лугавая (Хвасты). 5 мая 1940 прызваны Іўеўскім РВК. Праходзіў службу ў Варонежскай вобласці, адтуль быў накіраваны пад Смаленск. Прапаў без вестак у 1941.
СТАНЧЫК Вікенцій Сцяпанавіч. Нарадзіўся ў 1913, жыў у в. Медзікі. 5 мая 1941 прызваны Юрацішкоўскім РВК. Служыў у Гродна. Пасля вайны знайшліся сведкі, якія бачылі, што чырвонаармеец Станчык загінуў у першыя дні пры адступленні.
ПАЗАЎЦЬ Казімір Феліксавіч. Нарадзіўся ў 1918, жыў у в. Падваранцы. У маі 1941 прызваны Іўеўскім РВК. Чырвонаармеец, палявая пошта - 34159. Прапаў без вестак у самым пачатку вайны.
АКУЛІЧ Аляксандр Іванавіч. Нарадзіўся ў 1919, жыў у в. Чапунь. У 1941 прызваны Юрацішкоўскім РВК. Чырвонаармеец. Прапаў без вестак у ліпені 1941.
ЛАПУЦЬ Іван Раманавіч. Нарадзіўся ў 1913, жыў у в. Шчучы Бор. Прызваны ў 1941 Юрацішкоўскім РВК. Прапаў без вестак у самым пачатку вайны.
МІХНЕВІЧ Браніслаў Іосіфавіч. Нарадзіўся ў 1921, жыў у в. Чаркесы. 5 мая 1941 прызваны Юрацішкоўскім РВК. Паспеў даслаць сваякам адзін ліст, які не захаваўся. Па некаторай інфармацыі, служыў непадалёку ад Гродна. Прапаў без вестак.
КОШЧЫЦ Казімір Кастанавіч. Тут, напэўна, адбылася памылка з імем па бацьку. Хутчэй, за ўсё, гаворка ідзе пра Казіміра Канстанцінавіча Кошчыца. Нарадзіўся ў 1919, жыў у в. Чэрневічы. Прызваны ў 1941. Таксама паспеў даслаць адзін ліст дадому. І на гэтым - усё, сувязь перарвалася. Прапаў без вестак.
І яшчэ тут хачу расказаць пра двух жыхароў в. Баранавічы, якія таксама не вярнуліся з вайны.
БАРАНОВІЧ Лявон (Леанід) Аляксандравіч. Нарадзіўся ў 1908. Прызваны 17 мая 1941 Юрацішкоўскім РВК. Трапіў служыць у 22-гі асобны батальён сувязі, які знаходзіўся за 7 км на захад ад Гродна. Батальён у самым пачатку вайны трапіў у акружэнне. У адной з сутычак з ворагам чырвонаармеец Барановіч загінуў.
Яго зямляк ЧУПРОЎСКІ С. Ф. (у дакуменце - толькі ініцыялы, без расшыфроўкі) нарадзіўся ў 1919. Прызваны Юрацішкоўскім РВК і трапіў у 168-ю стралковую дывізію (цікавае супадзенне; а вось байцы і камандзіры 168-га стралковага палка 24-й стралковай дывізіі мужна змагаліся на іўеўскай зямлі ў чэрвені 1941), якая размяшчалася пад Ленінградам. Там і прапаў без вестак у 1941.
Пра нашых землякоў, якія пайшлі служыць у Чырвоную Армію ў 1940-41 гг. i не вярнуліся з вайны, на жаль, дадзеных вельмі нямнога. Але пошук не заканчваецца, і я вельмі спадзяюся адшукаць нейкія падрабязнасці іх нялёгкага ваеннага шляху.
Ю. КАМЯГІН.
На здымках:
копіі дакументаў,
якія датычацца
нашых землякоў.