Нацыянальная акадэмія навук Беларусі апошнім часам праводзіць шмат конкурсаў для творчых людзей, людзей, якія не з'яўляюцца прафесіянальнымі паэтамі ці пісьменнікамі, аднак усё ж выказваюць свае пачуцці рознага плану ў вершаваных і празаічных радках, а затым захоўваюць сваю шчырую споведзь душы ў персанальных камп'ютарах. А калі аўтары больш сталага ўзросту, то яны аддаюць перавагу звыклым агульным сшыткам, якія не "завіснуць", не "заглючаць" і г.д.
Для такіх самадзейных паэтаў і пісьменнікаў зараз такое шырокае творчае поле дзейнасці - конкурсы НАН.
Мы ужо пісалі пра Таісію Маркаўну Аленцыновіч, якая са сваімі вершамі стала пераможцай у мінулым годзе. Мы і вершы яе раз - пораз друкуем у сваёй газеце. А зараз новая прыемная навіна. Зноў нашы творчыя людзі - сярод пераможцаў конкурсу Нацыянальнай акадэміі навук.
26 сакавіка 2021 года ў вялікі канферэнц-зал Прэзідыума НАН Беларусі зайшлі загадчык аддзела ідэалагічнай работы Іўеўскага райвыканкама Вольга Чаславаўна Барко і жыхарка аграгарадка Геранёны Алена Іванаўна Смалянічэнка (на фотаздымку з акадэмікам А. Лакотка).
Першая - афіцыяльна запрошаны госць мерапрыемства, другая - адна з пераможцаў творчага конкурсу. Тут праходзіла ўрачыстая цырымонія падвядзення вынікаў І Рэспубліканскага конкурсу творчых пісьмовых работ "За што я люблю родную зямлю" і, адпаведна, узнагароджанне пераможцаў.
У рамках правядзення Года малой радзімы ў 2020 годзе цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук быў аб'яўлены вышэйназваны конкурс. Да ўдзелу ў ім прымаліся арыгінальныя эсэ, вершы, апавяданні і іншыя творы, якія напісаны грамадзянамі Рэспублікі Беларусь індывідуальна ці ў сааўтарстве, і якія раней не прадстаўляліся на конкурсы і нідзе не друкаваліся.
Прадстаўнікі розных узростаў, прафесій даслалі свае работы, у якіх сардэчна і шчыра выказалі свае пачуцці і да малой радзімы, і да нашай агульнай Айчыны, выказалі пачуцці гонару да гераічнага мінулага і годнага сённяшняга дня, адлюстравалі дасягненні ў развіцці сваіх рэгіёнаў Беларусі.
Нічога дзіўнага, што менавіта ў гэтым конкурсе прыняла ўдзел сапраўдная патрыётка малой радзімы, чалавек, апантаны творчасцю, жаданнем шукаць і знаходзіць невядомыя і не да канца спазнаныя старонкі гісторыі роднага краю, краявед Алена Іванаўна Смалянічэнка. Акрамя захаплення краязнаўствам, яна ж яшчэ піша вершы, допісы ў раённую газету. Многія яе вершы кладзе на музыку наш слынны зямляк Яўген Карпуць.
На конкурс былі пададзены больш як 800 работ. Па выніках аўтарытэтнае журы адабрала 200 лепшых работ у 12 намінацыях: "З легендаў і казак былых пакаленняў", "Натхняе родная зямля", "Скарбонка ўспамінаў", "Старонкі мінулага", "Краязнаўчы далягляд", "Мінулае і сучаснасць" , "Мова маёй Радзімы", " Маладыя галасы", "Замілаванне родным краем", "Родныя краявіды", "Скарбы роднай зямлі" і "Магутная сіла паэзіі". Да апошняй намінацыі і былі аднесены пяць вершаў Алены Іванаўны пра Геранёны, якія і адзначыла журы.
На ўрачыстай цырымоніі Алене Іванаўне было дадзена слова для выступлення. І яна расказала, як праходзіла трылогія "Год малой Радзімы" у нашым раёне, як шмат пісала на гэтую тэму раённая газета, якія цудоўныя мерапрыемствы, прысвечаныя малой радзіме, яе гісторыі, традыцыям, праводзілі культработнікі, расказала пра неверагодныя брэндавыя святы і параіла ўдзельнікам з іншых рэгіёнаў краіны паспрабаваць правесці іх у сябе. Не абышла яна ўвагай і вялікую выдавецкую і даследчую работу раённай бібліятэкі. Асабіста ж сама Алена Іванаўна прымеркавала да Года малой радзімы выпуск трох сваіх кніг: "Касцёл святога Мікалая", "Старонкі гісторыі зямлі геранёнскай" і брашуру-даведнік "Геранёны".
Для пераможцаў конкурсу была падрыхтавана культурная праграма. Асабліва ўразіла іўеўскіх удзельнікаў наведванне двух музеяў, якія працуюць пры Акадэміі навук: літаратурны музей і музей навуковых дасягненняў краіны.
Алене Смалянічэнка была ўручана таксама кніга Віктара Корбута "Ад Вільні да Беларусі" - сапраўдная энцыклапедыя гісторыі і сучаснасці зямлі пад белымі крыламі.
В. ГУЛІДАВА.