Язык:

Год народнага адзінства: астравок іслама на беларускай зямлі

"Скрозь ліхелецці яркім суквеццем крочаць татарын, паляк, беларус…" Гэтыя радкі сталі класічным выказваннем, які найлепш характарызуе былое мястэчка, наша дарагое сэрцу Іўе. Яны крочаць так даўно, так надзейна, так міралюбіва.

Шэсць стагоддзяў спатрэбілася для таго, каб на былым бойкім гандлёвым месцы вырасла яскравае сведчанне таго сумеснага паходу "скрозь ліхалецці" - помнік згоды і добрасуседства трох асноўных сусветных рэлігій - хрысціянства, ісламу, іўдаізму. Тое, аб чым мараць людзі добрай волі ўсяго свету, мы здзейснілі і ў камяні, і ў паўсядзённым жыцці.

Мястэчкі Заходняй Беларусі - гэта цэлая з'ява ў гісторыі. Гэта дзіўныя мясціны, якія былі ўжо не вёскамі, але яшчэ і не гарадамі. Гэта яны далі Беларусі такі незвычайны, такі багаты пласт культуры, які замешаны на Захадзе і Усходзе, дзе спляліся культуры іўдзееў, беларусаў, татараў, палякаў, дзе перапляліся жыцці і лёсы, дзе на маленькіх вуліцах то стрэнеш сінявокую прыгажуню з льнянымі косамі, то раптоўна абпаляць цябе хуткім поглядам чорныя вочы, у якіх яшчэ, здаецца, гараць агеньчыкі вогнішчаў качэўнікаў…

Усяго і засталося ў мясцовых татараў - іх вера. Страчана мова, страчана культура, аднак засталіся прыгожыя па-азіяцку твары, цёмныя валасы і асаблівы разрэз вачэй, засталіся асобныя стравы татарскай кухні і, безумоўна, рытуалы і звычаі.

Між іншым, менавіта татары, па сцвярджэнні навукоўцаў, захавалі для нас старадаўнюю беларускую мову, таму што пакінулі запісы сваіх дакументаў і святога пісання на мове той дзяржавы, якая стала ім радзімай.

Адны гістарычныя дакументы сцвярджаюць, што ў Вялікім княстве Літоўскім татары з'явіліся пры вялікім князе Гедыміне. Найбольш татараў было пераселена на землі сучаснай Беларусі пры Вітаўту, які стварыў тут спрыяльныя ўмовы для іх існавання. Прынята лічыць 1397 год годам пасялення татараў у ВКЛ.

Татарскае насельніцтва ў канцы XIV-XVI ст.ст. складалася з аседлых наёмных і саюзных воінаў татарскіх орд; з улусаў, прыгнаных Вітаўтам, запалоненых на войнах з татарамі; з выхадцаў Залатой Арды, якія папрасілі палітычнага прытулку, ратуючыся ад міжусобіц на радзіме.

Што датычыць іўеўскіх татараў, то першапачаткова яны, як сцвярджаюць навукоўцы, размяшчаліся ў мястэчку ў большасці на вуліцы Новай і вуліцы, што вядзе да касцёла. Па дадзеных рэвізіі ў 1561 г., тут жылі чатыры татарскія сям'і. Па даных польскага даследчыка Яна Тышкевіча, татары ў 1567 г. складалі 4,3% ад усяго насельніцтва Іўя. Аднак пасля пажару вясной 1597 г., які знішчыў татарскія дамы, яны былі пераселены за межы мястэчка. Тут, у ваколіцы Іўя, размясцілася 13 татарскіх сем'яў. У 1634 г. татары складалі 6,4% ад колькасці ўсяго насельніцтва мястэчка. Месца, куды іх перасялілі, пачало насіць з XVII стагоддзя назву Мураўшчызна (ад імя паручыка князя Януша Радзівіла Мартуза Муроўскага і яго брата Хасеня, якія ў 1652 г. купілі тут зямлю). У манаграфіі Яна Тышкевіча згадваецца аб татарыне з Мураўшчызны Абрахіме Александровічы, які ў 1690 г. купіў 1/6 валокі зямлі ў іўеўскага мешчаніна Фелікса Сляскага; Адаме Шабановічы (1729 г.), Іллі Давідовічы. З Мураўшчызнай звязаны і наступныя прозвішчы: пад 1667 г. у кнізе "Гербоўнік татарскіх сем'яў у Польшчы", якую склаў у 1929 г. С. Дзедулевіч, згадваюцца палкоўнік Рафал Радкевіч, княжычы Рызвановічы.

У 1908 г. татараў у Мураўшчызне налічвалася каля 500 чалавек, што складала 10,3% ад колькасці ўсяго насельніцтва Іўя . На працягу стагоддзяў Мураўшчызна заставалася выключна татарскім паселішчам, дзе з 1882 г. пачала дзейнічаць мячэць. Яе пабудавалі пры дапамозе тагачаснай уладальніцы мястэчка Іўе Эльвіры Замойскай, якая ахвяравала татарам будаўнічы лес. Пэўны перыяд мячэць стаяла без мінарэта, ён быў дабудаваны ў 1920-х гадах падчас рамонту мячэці. У гэты ж час быў агароджаны мізар (могілкі). А таксама з'явіўся будынак школы чытання Карана - мектэбэ, дзе годжый (настаўнік) праводзіў заняткі па спецыяльна распрацаванай праграме. У дадзеным выпадку сродкамі дапамог граф Томаш Замойскі (з роду былых уладальнікаў Іўя)…
Вось вам крыху далёкай-далёкай гісторыі, якая была ажно 6 стагодзяў таму назад.

Сёння іўеўскія татары, бадай што, з'яўляюцца большымі абарыгенамі Іўя, чым хтосьці з нас. Сапраўды, раскажыце, колькі гадоў ваш род жыве ў Іўі - 30, 40, 100? Вось бачыце!.. …Сёння ж мы гутарым з імамам Іўеўскай мячэці, настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Іўеўскай сярэдняй школы Адамам Сулейманавічам Радзецкім і старшынёй Іўеўскай мусульманскай рэлігійнай абшчыны Іванам Матвеевічам Шабановічам. Менавіта гэтыя людзі годна прадстаўляюць татарскую мусульманскую рэлігійную абшчыну і перад турыстамі, і перад гасцямі горада, і перад прадстаўнікамі беларускіх СМІ, якія, здаецца, робяць сапраўднае паломніцтва ў наш горад, раз-пораз вяртаючыся да тэмы трох рэлігій, да веры і жыцця мусульман горада.

 

Адам Сулейманавіч Радзецкі:

- Кожны чалавек павінен знаць гісторыю свайго роду, сваёй сям'і, сваёй нацыі. Так, мы, татары Заходняй Беларусі, за шэсць стагоддзяў жыцця сярод беларусаў страцілі сваю мову. На тое былі прычыны. Але была і цудоўная падстава для гэтага - татары з першых крокаў па чужой зямлі, якая прапанавала ім хлеб і хаціны, зямлю і грамату аб волі, вырашылі гаварыць на мове сваёй новай айчыны. Нязменнай засталася вера. Безумоўна, мова - гэта вельмі важна, аднак вера - гэта тое, што цэментуе, што падтрымлівае наш дух, нашы сэрцы і жыцці.
Урочышча Мураўшчызна зараз стала вуліцамі Савецкай і Леніна, дзе ў асноўным пражываюць іўеўскія татары, дзе стаіць наша святыня, грошы на ўзвядзенне якой фундавала польская пані, каталічка графіня Эльвіра Замойская. Як бачна, добрыя адносіны да нашага міралюбівага, працалюбівага народу сярод мясцовых жыхароў розных веравызнанняў склаліся даўно.
На гэтых вуліцах мы раслі, а зараз растуць нашы дзеці. На гэтай вуліцы дзядуля называў мяне муллой, адзначаючы, на яго думку, мой розум і граматнасць. Я ж ніколі не думаў аб тым, што калісьці прыйду ў нашу мячэць імамам. І да гэтага часу (імамам стаў у 2013 годзе) удзячны нашым вернікам, якія палічылі мяне годным узначаліць мячэць. Шмат цудоўных людзей працавалі на гэтай пачэснай і адказнай пасадзе. Сёння іх няма з намі. І мы молімся за іх душы, успамінаем толькі добрым словам.
У мяне меліся пэўныя веды. З лютага па жнівень 1995 года, яшчэ вучнем Іўеўскай сярэдняй школы, вывучаў у Турцыі "Каран - курс" (вера, чытанне Карана, турэцкая мова). Сёння іўеўская мусульманская татарская абшчына налічвае каля 500 чалавек. І кожны з іх, па маім меркаванні, хоча бачыць свайго імама годным гэтай пачэснай і вельмі адказнай пасады. Імкнуся жыць адказна. Адмаўляюся ад тых паводзін і тых учынкаў, якія не зусім падыходзяць майму статусу.
З 2013 года вёўся рамонт фасада, даху мячэці, памяшкання. Сродкі на гэта збіралі іўеўскія татары, землякі з іншых гарадоў, нашы аднавернікі з іншых краін. .
Мы - прадстаўнікі адной з асноўных рэлігій свету, мы, беларускія мусульмане, прапаведуем мірны іслам. Менавіта такі ён у нашай краіне. Мы не займаемся такімі справамі, якія прыніжаюць нашу рэлігію. Наступленне на іслам ідзе з-за тэрарыстаў, якія ганьбуюць нашу рэлігію і нашу веру.
Мы молімся, працуем, жывём у міры і згодзе з нашымі суседзямі-хрысціянамі. Нашы дзяды абаранялі радзіму ў гады ліхалеццяў. І зараз юнакі-мусульмане з Іўя выконваюць свой грамадзянскі абавязак - служаць тэрміновую службу ў арміі Рэспублікі Беларусь, вучацца ў ваенных вучэбных установах.
Мы не падзяляемся па нацыянальнасцях. Мы ўсе - грамадзяне адной краіны, адной Айчыны - Беларусі.

Іван Матвеевіч Шабановіч:

- Мая малая радзіма назаўжды ў маім сэрцы. Я думаў пра яе і тады, калі пакідаў наш горад ненадоўга, і тады, калі выконваў свой воінскі і інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Можа таму і вярнуўся з Мінска, дзе спрабаваў наладзіць сваё жыццё. Не адпускала малая радзіма. Іўе - гэта асаблівае месца, гэта зямля маіх дзядоў, маіх бацькоў, мая, маіх дзяцей і ўсіх будучых пакаленняў маіх нашчадкаў. Калі быў зусім маладым, як і большасць равеснікаў, жыў звычайным жыццём. Свята маладых было не для малітваў - у мячэць ішлі дзядулі і бабулі, бацькі. Потым прыйшлі дарослаць і разуменне таго, што кожны чалавек павінен ведаць свае карані, дакрануцца душой і сэрцам да веры прашчураў. А калі мяне абралі старшынёй абшчыны, наогул, з'явіліся пэўныя абавязкі, якія патрабавалі і пэўных ведаў.
Нашай гісторыяй, нашай абшчынай, мячэццю, адной са старэйшых у Беларусі і адзінай дзейнічаючай у савецкія часы, пачалі цікавіцца турысты і проста людзі, якія праязджаюць праз горад. І калі многія беларусы ўжо ведаюць Іўе, то ў расіян гэта выклікае амаль што шок - сярод беларускіх хацін высіцца мусульманская мячэць. Адкуль, чаму? І тады я часам адкрываю дзверы нашай святыні, запрашаю людзей, выконваючы прынятыя ў мячэці правілы, прайсці ў мусульманскі храм. І расказваю ім нашу татарска-беларускую шматвяковую гісторыю. А для таго, каб расказаць, шмат чытаю, цікаўлюся мінулым, набываю веды. Між іншым, нашы турысты (не беларусы) нярэдка пытаюць, ці не крыўдзяць нас тут. Тады ўжо здзіўляемся мы. А чаму нас павінны крыўдзіць? Мы што, пагандляваць сюды прыехалі? Мы тут жывём. Жывём з тых часоў, калі яшчэ не было слова “беларус”. Усе былі літвінамі.
Некалі ў 17 стагоддзі ў Рэчы Паспалітай налічвалася 100 тысяч татараў. Татары, прыйшоўшы ў Беларусь (друкарскай справы яшчэ ж не было) пісалі свае кнігі ад рукі. Пісалі хамаілы - малітвеннікі. Пісалі кетабы - кнігі. Аль-кетаб - свяшчэнная кніга.
У такіх кнігах пісаліся не толькі малітвы, але і рэцэпты нацыянальных страў, лекавыя расліны, правілы іх ужывання і г.д. З цягам часу перасталі карыстацца сваёй мовай. І пісалі на старадаўняй беларускай. Арабскай вяззю выводзіліся беларускія словы.
Ад беларусаў сёння нас адрознівае толькі вера. Мяркуйце самі. На нашых вяселлях мы абавязкова зычым шчасця і доўгіх гадоў жыцця той жа песняй, што і заходнія беларусы - "Сто лят". Няма застолля, дзе хтосьці не зацягнуў бы "Цячэ вада ў ярок". Мы лічым сваімі стравамі дранікі, бабку з бульбы…З беларусамі мы аднолькавыя яшчэ і па сваёй працаздольнасці, жаданні ад душы працаваць, каб забяспечыць свае сем'і, дапамагчы дзецям, унукам.
Татары прыйшлі на гэтую зямлю воінамі. Першае вялікае перасяленне адбылося тады, калі хан Тотанхамыш папрасіў палітычнага прытулку ў ВКЛ ў 1397 годзе. Разам з яго вялікім войскам прыйшлі каля пяцідзесяці багатых і вядомых родаў. І кожны князь, кожны татарскі вяльможа прывёў сваю вялікую дружыну. Заставаліся на Беларусі і воіны-наёмнікі. Асабліва пасля Грундвальскай бітвы у 1410 годзе. Татары, атрымаўшы вольную, землі, лічыліся ваенным саслоўем. А ў перыпынках між войнамі займаліся агародніцтвам, конегадоўляй, гарбарнай справай і г.д. Няма дакладных дадзеных пра з'яўленне татараў у Іўі. Аднак, напэўна, гэта здарылася таксама ў тыя далёкія гады. Ёсць меркаванне, што Мурыўшчызну татары атрымалі ў дар ад князя Вітаўта за перамогу ў Грундвальскай бітве. Напрыклад, нашы новыя могілкі (мізар) па першых запісах на помніках (іх пачалі пісаць толькі крыху больш як 200 гадоў назад) адносяцца дзесьці да 18-19 стагоддзяў. Аднак, ёсць два невялікія мізары на вуліцах Леніна і Савецкай без надпісаў (хутчэй за ўсё, пахаванні пасля якойсьці бітвы). А вельмі старыя могілкі без надпісаў знаходзіліся на ўскрайку леса ля вёскі Паўлавічы… Што ж, памерлым адно, а жывым - жыццё. Калі чалавек верыць і робіць усё тое, што прадпісана яму Богам і рэлігіяй, Бог убачыць яго і дапаможа. Нялёгка даецца ўсё у гэтым жыцці. Аднак мой народ ніколі не шукаў палёгкі. Ён працуе, жыве, ён паважае законы сваёй Айчыны - Беларусі, якая стала яму сапраўднай роднай зямлёй за ўсе гэтыя стагоддзі, якія пражыты ў веры, працы, павазе да суседзяў па жыцці і любові да сваіх бацькоў і дзяцей.

Гутарыла В. ГУЛІДАВА.
Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.