Колькі разоў у 20 стагоддзі гэтыя словы - "Нашы ідуць" вызначалі лёс народаў, краін, асобных людзей. Колькі разоў ім да слёз радаваліся і старыя, і малыя. І Леанід Уладзіміравіч Трафімчык, мой 88-гадовы суразмоўца, якога ў Іўі доўгія гады ведаюць, як чалавека актыўнай жыццёвай пазіцыі, сталага розумам і ўчынкамі грамадзяніна, граматнага юрыста, самабытнага паэта, выдатнага шахматыста, гэтыя словы памятае з далёкага дзяцінства.
Яны (бацька, маці, трое малых хлапчукоў) жылі ў вёсцы Трахімчыкі, што побач з чыгуначнай станцыяй Ражанка на Шчучыншчыне. Вёска - амаль адзіная на ўсё наваколле з праваслаўным насельніцтвам. І там заўжды чакалі вяртання з Польшчы ў Беларусь. Дзед некалі быў польскім генералам, а бацька быў членам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, актыўным змагаром з рэжымам буржуазнай Польшчы. Ён часта адсутнічаў дома, час ад часу сядзеў у польскіх каталажках. Астрогі, арышты…
Памятае Леанід Уладзіміравіч, як праз вёску ішлі ваенныя манеўры. На ладных, адкормленых конях ехалі салдаты ў прыгожай форме, цягнулі гарматы. Праз некалькі дзён пачалася польска-германская вайна. Яны даведаліся пра тое, таму што бясконца бамбілі Ражанку, дзе была чыгуначная станцыя. А з вёскі забралі мужчын на вайну. Пайшло чатыры, а вярнуўся адзін. Трое загінулі.
Нядоўга ішла тая вайна. І вёска заціхла, чакаючы навін. Хадзілі вяскоўцы ў суседні населены пункт, дзе меўся радыёпрыёмнік, каб паслухаць, што на свеце робіцца… А на свеце, як вядома, пачалася Другая сусветная вайна. І яшчэ людзі пачалі перадаваць адзін аднаму тыя запаветныя словы: "Нашы ідуць"…
Той верасень 1939 года так рана стаў залатым ад жоўтага лісця. Сонейка высвечвала кожную травінку, кожную крэсачку на кляновым і ліпавым лісці. Толькі бярозы доўга не жаўцелі. У садах спелі яблыкі, моцна трымалася за галінкі антонаўка. А вёска жыла ў чаканні перамен. Шэптам, але радасна, гучалі словы: "Нашы ідуць". Маленькі Лёня не разумеў, якія нашы і куды ідуць. Здаецца, усе дома. Толькі тата рэдка бывае ў хаце. Але хлапчук таксама радаваўся.
…У суседняй вёсцы спыніліся на начлег чырвонаармейцы. Частку з іх бацька прывёў начаваць у Трахімчыкі. І хлапчукі з-за вугла печкі выглядалі, якія яны спрытныя, моцныя, як блішчаць гузікі на гімнасцёрках… Маці карміла іх вечарам бульбай, а ранкам напякла бліноў з грэцкай мукі, паставіла на стол, што толькі знайшла ў хаце і каморы - госці ж былі дарагія. Вайскоўцы тым раннем пайшлі далей.
Хлапчукі беглі за імі па шашы, махалі драўлянымі шашкамі і стрэльбамі. І чырвонаармейцы здаваліся ім героямі з бабуліных казак. Ніхто і не думаў, што зусім хутка па гэтай жа шашы прыйдуць другія салдаты, а разам з імі - крывавая і доўгая вайна…
А пакуль што наладжвалася жыццё. З'явілася школа на роднай мове, ніхто больш не забараняў размаўляць на ёй. З'явіўся доктар, які не браў апошнія грошы з сялян за выпіску рэцэпта, які лячыў бясплатна і малых, і дарослых. Польскі ж лекар за візіт і выпіску рэцэпта браў 5 злотых (для параўнання: пуд жыта каштаваў 2,5 злотых).
Бацьку абралі дэпутатам лёсавызначальнага Народнага сходу Заходняй Беларусі, які адбыўся ў Беластоку. Паўнамоцны прадстаўнік беларускага сялянства прагаласаваў на тым сходзе за ўз'яднанне Заходняй Беларусі з СССР.
Учарашні падпольшчык узначаліў аргкамітэт спажывецкага кааператыву, адказваў за стан бяспекі ў Ражанкаўскай воласці, знаходзіўся на чале валаснога ўпраўлення…
Безліч спраў зноў было ў бацькі Леаніда Трафімчыка. І зноў яго амаль не бывала дома. Зімой 1940 года Уладзіміра Іванавіча Трафімчыка абіраюць дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Яго назначаюць на адказную пасаду ў Шчучынскі райвыканкам. І сям'я пераехала жыць у Ражанку.
У маёнтку побач стаяла вайсковая часць. І хлапчукі ўпершыню пачулі там песні "Тры танкісты", "Кацюша", якія так прыгожа і стройна спявалі на пляцы чырвонаармейцы…
…Вясной 1941 года пачаліся ваенныя манеўры ў Белавежскай пушчы на тэрыторыі Беластоцкай воласці. І людзі зноў загаварылі пра вайну. Ды ніхто не хацеў верыць. А яна і сапраўды пачалася…
Побач знаходзіўся ваенны аэрадром (і зусім нядаўна яшчэ, да развалу СССР у Ражанцы стаяла лётная вайсковая часць). Яшчэ адзін яркі ўспамін Леаніда Уладзіміравіча звязаны менавіта з лётчыкамі. Ён кажа, што маленькім назіраў, як каршун даганяў жаўрука, як кідаўся той у блакітнай вышыні, каб пазбегнуць кіпцюроў драпежніка. Менавіта гэтую карцінку з жыцця птушак убачыў хлапчук у чэрвеньскім, 1941 года небе, над Ражанкай. Гэта было, як кажуць, адзін у адзін. Толькі жаўруком быў невялікі савецкі самалёт, а збіваў яго фашысцкі каршун. Самалёт узарваўся ў паветры…
…Бацька знік з дому ў першыя ж дні. Нельга было заставацца дэпутату Вярхоўнага Савета на акупіраванай тэрыторыі. Усе гады пражылі яны з маці са страхам. Немцы раз-пораз наведваліся да іх, пыталіся пра бацьку. Рабавалі, аднак не расстралялі. Напэўна, спадзяваліся, што дэпутат прыйдзе, каб пабачыцца з сям'ёй.
Бацька ў далёкім Свярдлоўску ўступіў у КПСС, пайшоў на фронт салдатам, а скончыў вайну афіцэрам, камандзірам роты. Ваяваў на трагічна вядомым Калінінскім фронце.
Цяжка жылося яго сям'і. Дзеці хадзілі ў заробкі. Леанід Уладзіміравіч, маючы толькі 8 гадоў, спрабаваў пасці авечак у людзей. Ды маці пашкадавала малога пастуха, забрала яго з той пашы раз і назаўсёды.
…Улетку 1944 года зноў загучала надзея - "Нашы ідуць". Зноў ішлі "нашы", каб вызваліць ад голаду, холаду, смерці, каб пазбавіць і людзей, і зямлю ад рудой нечысці-фашызму. І зноў радаваліся людзі, і зноў плакалі тыя (а іх было, на жаль, не трое, як у польска-германскую кампанію), хто не дачакаўся сваіх сыноў, бацькоў, мужоў з праклятай вайны…
Вярнуўся бацька, каб зноў быць наперадзе добрых спраў па аднаўленні народнай гаспадаркі. Быў намеснікам упаўнаважанага Міністэрства нарыхтовак СССР па Шчучынскім раёне, старшынёй першых пасляваенных калгасаў, старшынёй сельвыканкама (між іншым, сёння старшынёй Лаздунскага сельвыканкама нашага раёна працуе яго ўнук, названы ў яго гонар Уладзімірам).
Былы дэпутат народнага сходу Заходняй Беларусі і дэпутат Вярхоўнага Савета БССР двух скліканняў, пенсіянер персанальнага значэння, сапраўдны патрыёт і грамадзянін сваёй краіны, Уладзімір Іванавіч Трафімчык і сыноў сваіх выхаваў годнымі людзьмі.
Леанід Уладзіміравіч скончыў Белдзяржуніверсітэт, юрыдычны факультэт. Працаваў у пракуратурах Архангельскай і Гродзенскай абласцей, доўгі час - юрысконсультам упраўлення сельскай гаспадаркі Іўеўскага райвыканкама. Вельмі адукаваны чалавек са сваім поглядам, са сваім меркаваннем, са сваёй актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Ён ведае, што такое жыццё, ён ведае, што азначаюць словы "Нашы ідуць". Таму не прымае "чужых", падтрымлівае палітыку нашай дзяржавы. І нават адправіў прывітанне і сваю падтрымку ў словах дэлегатам VI Усебеларускага народнага сходу, адзначыўшы, што сэрцам і душою ён з імі.
Вось такія "сэрцы і душы" і складаюць агульную вялікую душу беларускага народа, які святкуе зараз Дзень народнага адзінства. Доўгага жыцця і герою маёй публікацыі і новаму, але такому даўняму святу.
Вера ГУЛІДАВА.
Фота Станіслава ЗЯНКЕВІЧА.