-
Сёння ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях праходзяць штогадовыя адпустовыя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Каралевы нашых сем'яў. У гэтым годзе аднавіліся масавыя паломніцтва ў санктуарый, якія на працягу двух гадоў "ставіліся на паўзу" з-за пандэміі каранавіруса.
У ліку іншых у Тракелі прыбыла пілігрымка на роварах з Іўеўскага дэканату. 28 вернікаў праехалі па маршруце які складаў каля 30 кіламетраў. Пілігрымка пачалася каля касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла, прыпынкі былі зробленыя ў Красоўшчыне і Ліпнішках. Іўеўчане прыехалі ў Тракелі перад Імшой а 18-й гадзіне.
Вернікі з Іўеўскага дэканату пілігрымуюць у Тракелі не першы год. Першая пілігрымка з Іўеўшчыны прыйшла ў санктуарый 25 гадоў таму і з таго часу не перапынялася нават у час пандэміі. З 2020 года яна змяніла фармат і праходзіць на роварах.
Перад цудадзейным абразом Марыі вернікі дзякавалі Ёй за ўсё дабро, якое атрымліваюць кожны дзень, і прасілі аб Божым благаслаўленні для сваіх сем’яў, супакоі і еднасці ў свеце.
Урачыстасці ў Тракелях працягнуцца ўсю ноч і закончацца Святой Імшой а 10 гадзіне.
Паводле Іўеўскага дэканату.