З вышыні пражытых гадоў вельмі відавочным становіцца: які хутказменлівы, непрадказальны наш свет, як такая вялікая планета Зямля ўмомант можа стаць маленькай, як распадаюцца былыя саюзы, аб’яднанні, нават цэлыя дзяржавы.
Хвалёная дэмакратыя Еўропы і ЗША стала на паверку звычайным пшыкам, пустым гукам, нейкім пярэваратнем з двайнымі стандартамі і трайным дном. Ды і самі простыя людзі з такімі заморскімі мудрагелістымі кіраўнікамі апынуліся на дне жыцця. За ўсе санкцыі, што ўводзіліся “вялікімі”, вымушаны расплачвацца радавыя грамадзяне, бо для сябе “лідары” нахапалі ўжо даўно. Як і для сваіх дзяцей і ўнукаў.
Ужо пайшоў з жыцця і першы-апошні Прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, аўтар цуда-перабудовы, якая, нягледзячы на няўдачы, акрэсліла ўсё ж многае для развіцця сапраўднай дэмакратыі ў свеце. Праўда, за дзесяцігоддзі былыя савецкія рэспублікі паспелі аддаліцца адзін ад аднаго, нават сталі варожымі… Пабудавалі мытні і межы. Зруйнавалі помнікі Другой сусветнай вайны – гэта ж дадумацца да такога: весці вайну з помнікамі і памерлымі салдатамі!..
Зроблены шматлікія спробы перапісання Вялікай Айчыннай вайны. Дайшлі нават да канфіскацыі чужой маёмасці як асабістай, так і цэлых краін…
У ХХІ стагоддзі распачаліся і працягваюцца войны ў многіх краінах. У ЗША амаль у кожнай сям’і ёсць зброя, тут пастаянна адбываюцца нападзенні на школы, на мірных людзей. Амерыка, як і ў ХХ стагоддзі, сваю паганую зброю працягвае пастаўляць, прадаваць ў многія краіны. І дэмакратычныя ЗША сталі краінай насілля і зла. Узяць хоць бы надзвычай кульгавыя і антыгуманныя адносіны культурнай ды цывілізаванай Еўропы да бежанцаў?!
Доўгі час само паняцце “дэмакратыя” было для нас, грамадзян былога СССР, нечым незнаёмым і нават абстрактным. Аднак хутка за марамі-акіянамі знайшліся “дабрадзеі” – дзядзечкі ды цётачкі, якія пачалі нахабна і бесцырымонна нас, тутэйшых, вучыць, што мы не так жывём, не так працуем, не так адпачываем, не так праводзім выбары, маўляў, усё жыццё ваша сфальсіфікаванае і навязанае, штучнае і несвабоднае.
Але ж час расставіў ўсё па месцах. Як падкрэсліў наш Прэзідэнт, мы ўжо наеліся гэтай хвалёнай заморскай дэмакратыі! У беларускага народа свае галовы на плячах і свае мазгі добра вараць.
Амерыка здаўна лічыць правільным панаваць над усімі краінамі, можа ваяваць у любой краіне, накіроўваць удары на Украіне і пры гэтым апраўдвацца, што яна не ўмешваецца ў суверэннасць. Літва, Латвія, Польшча даўно трапілі ў палон не толькі ўласных, але і заморскіх ілюзій, агрэсій і запалохванняў.
На шчасце, Беларусь навучылася за гады сваёй незалежнасці не толькі адстойваць суверэнітэт, але і вучыцца на памылках іншых краін. Мы, беларусы, даўно зразумелі, што любое ідэалагічнае абгрунтаванне звонку, чужыя каштоўнасныя арыенціры заўсёды дзейнічаюць разбуральна як для народа, так і для яго гісторыі і будучыні.
А суседка-Украіна стала ваенна-палітычным, псіхала-гічным палігонам адпрацоўкі разнастайных гібрыдных метадаў. Русафобія, параліч дзяржаўнай улады і яе некампетэнтнасць, царкоўны раскол, развал эканомікі, беспакараныя забойствы дэпутатаў, журналістаў, грамадскіх дзеячаў ператварылі Украіну ў калонію калектыўнага Захаду і ЗША.
Пры фінансавай падтрымцы ЗША, Захаду Украіна апынулася ў стане шалёнай вайны і стала дэстабілізуючым фактарам у сістэме рэгіянальнай бяспекі. Удары па Запарожскай АЭС могуць прывесці да яшчэ больш страшнай катастрофы, чым Чарнобыль. Апынуўшыся пад знешнім кіраваннем, Украіна не можа праводзіць самастойную незалежную палітыку, што негатыўна ўплывае і на адносіны з Беларуссю. А там жа жыве наш братэрскі народ, якому, на жаль, на шанцуе на лідараў.
Заморскія пастаноўшчыкі заўсёды па-заходняму ганебна і пагардліва ставіліся да розуму і палітычнага пачуцця беларусаў. А перад беглымі з Беларусі пытанне, каму прадавацца, нават не стаіць. Пытаюцца толькі: за колькі возьмеце?! Законы сусветнага псеўдарынку…
Ды й самі праекты “беларуская апазіцыя”, розныя фонды - нічога палітычнага, разумнага, нічога для народа, толькі бізнес, толькі долары ў кішэнях.
Мне асабліва падабаюцца міністры абароны еўрапейскіх краін у спаднічках. А ці хоць ведаюць яны, кіроўцы, з якога боку да гарматы падыходзіць? Ці кіруюць яны са спа-салонаў? Як тут не згадаць залатыя словы Б. Шоў: “Дэмакратыя – гэта паветраны шар, які вісіць над галовамі і прымушае глядзець на неба, пакуль іншыя шараць у вас па кішэнях”.
А пакуль заморскія дэмакраты ўпарта і заўзята працягваюць нас карміць байкамі пра царства нябеснае, дзе бедныя будуць шчаслівымі і сытымі, а багатыя – гарэць у вечным агні. А калі хлусня лопнецца, і ў людзей узнікне мара пра сапраўдную дэмакратыю, багатыя пастараюцца, каб яна і засталася толькі марай. Бо светам заўсёды валодалі толькі багатыя…
Вам у дзіўна-казачнай краіне Дэмакратка дадуць ілюзію таго, што вы спадар, а не мужык. Вам дадуць ілюзію, што звычайныя людзі валодаюць незвычайнымі магчымасцямі. Можна гаварыць, што думаеш – нават, калі ты не здольны думаць наогул. Нішто так не садзейнічае развіццю дэмакратыі, яе яе поўная адсутнасць…
Свабода таксама – пастаяннае імкненне, рух наперад, але гэта зусім не канчатковае і станоўчае дасягненне.У заморскай дэмакратыі большасць кіруе, аднак меншасць заўсёды ўказвае, куды накіроўваць руль.
Канстанцін КАРНЯЛЮК.