Напярэданні ўспаміну распавядзем пра гісторыю капліцы ў Іўі, якая была асвечана ў гонар гэтай святой.
На поўначы Іўя знаходзяцца гардскія могілкі, якія icнуюць з 1796 года. Першая капліца ў гонар святой Барбары была пабудавана з дрэва і асвечана 22 ліпеня 1811 года, але, хутчэй за ўсё, святыня доўга не праіснавала, бо ў 1859 годзе на яе месцы на сродкi ўладальнiцы Iўя графiнi Эльфрыды Замойскай была ўзведзена мураваная капліца. Гэта падцвярджаюць i выбітыя на адным з камянёў фасада лiчбы “R 1859”.
У перыяд з канца XIX да пачатку XX стагоддзя намаганнямі тагачаснага пробашча іўеўскай парафіі Нікадзіма Тарасевіча быў адноўлены дах і сцены капліцы. Наступны пробашч парафіі - ксёндз Крыштаф Абаровіч у 1914 годзе пашырыў могілкі i абнес iх каменнай агароджай. У 1923 годзе каплiца была пашкоджанна пажарам, але за два гады адноўлена. У 1929 годзе праведзены рамонт агароджы могілак і пакладзена новая падлога ў капліцы.
У савецкія часы капліца была зачынена і не выкарыстоўвалася. Але, па сведчаннях старажылаў, парафiяне за свае ўласныя сродкi выконвалi невялiкiя рамонтныя працы, не даючы святынi разбурыцца. З канца XX і па сённяшнi дзень капліца паступова аднаўляецца. У 2010 годзе сюды з парафiяльнага касцёла былі перавезены старадаўнія лавы і канфесіяналы, якія датуюцца другой паловай XVIII стагоддзя.
У алтарнай частцы размешчана разбяная фігура ўкрыжаванага Хрыста. Яе ў канцы мiнулага стагоддзя вырабiў Мар’ян Козак, аўтар вядомай на ўсю Беларусь статуi Хрыста, устаноуленай ля нашага касцела ў 2001 годзе.
З успамінам святой Барбары звязана цiкавае павер'е. У гэты дзень зразалi i cтавiлi ў ваду галiнку вiшнi. Верылi, што, калi яна зацвiце на Божае Нараджэнне, то ўсё задуманае абавязкова збудзецца і поспех прыйдзе да ўсіх, хто жыве ў гэтым доме. Па колькасці кветак на галінцы вызначалі, якім будзе ўраджай у наступным годзе. А дзяўчатам гэтая прыкмета паказвала на хуткае замужжа. Дарэчы, cення таксама можна паставць галiнку, i на свята Нараджэння Збаўцы яна не толькi ўпрыгожыць вiгiлiйны стол, але i нагадаe нам, што толькi цеплыня нашых сэрц i любоў да блiжняга можа зрабiць гэты свет лепшым, прыгажэйшым. Такая любоў, якой адарае нас наша нябесная заступнiца - святая Барбара.
Яшчэ нашыя назіральныя продкі адзначалі, што калі на Барбару будзе мароз, то на Божае Нараджэнне абавязкова будзе адліга і наадварот.
Раман Ярмош.