21 лютага для мяне – пяшчотны і дарагі дзень не толькі ў календары, але і ў сэрцы. Душа з самага ранку пачынае спяваць, а інтэлект цягнецца да томіка любімага Уладзіміра Караткевіча. Міжволі ўзгадваю залатыя слоўцы паэта Пятра Бітэля:
Любіць сваё – зусім не значыць
Чужое ганіць, адмаўляць.
Вось за чужым свайго не бачыць,
Не вывучаць, не шанаваць –
Злачынствам будзе без сумлення,
Бо ёсць такі закон жыцця:
Шануй чужое аж да пакланення,
Сваё любі да самазабыцця.
Міжнародны дзень роднай мовы – адно з самых багатых і шаноўных святаў. Канешне, аднаго дня для мовы надта мала, ды й стаўленне сучаснікаў да мовы падчас абыякавае, пагрэблівае. Сёння ў свеце мы налічваем больш за шэсць тысяч моў, але, на жаль, дзесьці палова з іх ужо пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання знікаючых моў і быў абвешчаны дзень роднай мовы. Трэба абавязкова хоць у такі дзень на матчынай мове загаварыць, пра яе ўзгадаць, успомніць. Незразумела ўсё ж атрымліваецца: калі ўжо назвалі роднай - павінен жа быць хоць нейкі абавязак. У Беларусі пражываюць прадстаўнікі 140 нацыянальнасцей і народнасцей. З іх каля 80 % называюць сябе беларусамі, а прыкладна 50% роднай мовай лічаць беларускую. І калі хоць салідная частка з іх пачне на ёй размаўляць - значыць, не ўсё яшчэ для нас страчана. Аднак адзін дзень адчуць сябе сапраўднымі беларусамі – пагадзіцеся, мала….
Мова – душа майго народа, векавая памяць многіх пакаленняў, наш галоўны нацыянальны скарб. Жыве мова - жыве народ, жыве памяць продкаў. Няма мовы — няма народа, няма суцяшэння ў горы, няма слоў радасці. Ці доўга пражыве дрэва, калі ў яго абсякуць карані? Якой нацыянальнасці стане чалавек, калі ў яго цалкам забяруць родную мову? І сёння гонар і абавязак усіх нас - шанаваць мову, абараняць яе ад усялякага кшталту ворагаў і крыўдзіцяляў.
Нельга забывацуь, што мова была адной з самых культурных усходнеславянскіх моў. У Вялікім Княстве Літоўскім на ёй пісаліся законы, вяліся суды, адбываліся соймы. Мы, беларусы, маем багатае пісьменства, а ў 1517-м - у Празе доктар лекарскіх навук Францішак Скарына з Полацка выдаў Біблію па-беларуску - першую друкаваную ўсходнеславянскую кнігу.
Канешне, гэтае сучаснае Свята, любае ды гаваркое, і ўзнікла дзеля таго, каб папярэдзіць знікненне ўнікальных гаворак – а ў нас што ні вёсчака, то свая мова. У ХХІ стагоддзі надзвычай прэстыжна валодаць замежнымі мовамі: англійскай, французскай, нямецкай, кітайскай. А роднай? Мяне як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь не можа не радаваць, што мова стала больш актыўна ўжывацца ў сферы рэкламы, культуры, бізнесу, а таксама ў інтэрнэт-прасторы. Мова стала элітарнай: на ёй размаўляюць высокаадукаваныя людзі, літаратары, мастакі, дзеячы навукі, культуры. Гэта сведчыць пра яе рэальную запатрабаванасць, жаданне людзей ёю карыстацца. І гэта не дзіўна: нам у спадчыну заасталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песеннная і паэтычная, старажытная і сучасная.
Несумненна, дзень мовы падштурхоўвае нас задумацца пра месцы матчынай мовы ў нашым жыцці, пра яе захаванне і перадачу наступным пакаленням. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб б мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету. Будзем жа разам з тымі, хто думае пра будучыню мовы! Давайце размаўляць па-беларуску, бо заўтра мова нам, нашым дзеткам і ўнукам стане неабходнай. І не трэба напрыпачатку высакароднай справы саромецца пакуль яшчэ недасканалай гаворкі…
Мова – жывая існасць, наш духоўны Бог, які спрадвек жыве там, дзе ёсць людское жаданне. Проста паспрабуй адзіны дзень, 21 лютага, з калегамі, сябрамі, роднымі, размаўляць па-беларуску.
Сябры! Не адварочвацеся, а прыміце Мову: яе месца ў тваёй Айчыне, Бацькаўшчыне, Радзіме. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды перадалі нам цудадзейную спадчыну, нямала зрабілі, каб мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.
Мне часта ўзгадваюцца прыгожыя радочкі з верша Марыі Новікавай:
І ў палацы, і на сцежцы вузкай,
Каб душа магла пачуць душу,
Размаўляй са мной па-беларуску,
Размаўляй па-роднаму, прашу.
Калі бачыш, што чалавек цябе разумее, яму прыемна слухаць цябе па-беларуску, - дык калі ласка! У моўную вандроўку, у цікавы, унікальны, раней нязведаны шлях славесніка і лінгвіста.
З павагай Канстанцін КАРНЯЛЮК.