ivyenews.by

Масавае аднаўленне пешага паломніцтва пасля перапынку. Іўеўскія католікі прынялі ўдзел ва ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Тракельскай

Актуальное

З 7 па 9 ліпеня адбыліся штогадовыя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Тракельскай. Сёлетняй адметнасцю фэста стала масавае аднаўленне пешага паломніцтва пасля перапынку, вызванага пандэміяй канаравіруса.

5 ліпеня стартавала пешая пілігрымка і з  Іўеўскага дэканату – 23-яя. Прайшоўшы шлях адлегласцю ў   70 кіламетраў  з думкаю аб тэматыцы, прысвечанага апостальству свецкіх вернікаў пастырскага года на Беларусі, хачу падзяліцца бачаннем таго, як пілігрымка прывівае і абуджае адказнасць за Касцёл.

Да пачатку пандэміі каранавіруса іўеўская пілігрымка   ішла праз усе парафіі дэканату, наведваючы  кожны касцёл. Пілігрымы бачылі жыццё вёсак, мелі магчымасць параўноўваць іх з тым, якім яны яго бачылі раней. Трэба зазначыць, што і падчас “кавіда” паломніцтва не прыпынялася,  толькі на 3 гады “перасела” на ровар і памяняла свой маршрут.

З упэўненасцю хачу зазначыць, што на Іўеўшчыне не знойдзеш  католіка (ды і не толькі), які б не чуў пра “тракелянку”. На працягу 23 год пешае паломніцтва да Маці Божай Тракельскай, паказаўшы прыклад веры, сфарміравала своеасаблівыя традыцыі. У кожным мястэчку, у кожнай вёсцы штогод вернікі  добразычліва  і цёпла сустракалі пілігрымаў ля прыдорожных крыжоў. Зразумела, што кожны населенны пункт сустракаў у меру сваіх магчымасцяў: у аграгарадках, большых вёсках – вялікімі групамі, у маленькіх ці на хутарах – па некалькі чалавек. Але важным момантам заўсёды было  тое, што кожны стараўся  паднесці кубак вады ці ўласнапрыгатаванага кампоту, пачаставаць  хатняй выпечкай, падрыхтаваць у цянёчку месца для  адпачынку. І на ўсё гэта вясковыя людзі ў “гарачую” летнюю пару знаходзілі час.  Глядзіш і адразу ж узгадваецца Евангелле ад Мацвея: “І хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй”.

Няменш яркім прыкладам супольнай працы свецкіх вернікаў  з’яўляецца і прыём пілігрымаў на начлег. Канешне, пробашч парафіі загаддзя інфармуе парафіян аб патрэбе арганізацыі месц для адпачынку,  нацэльвае іх. Але толькі  сумесныя стасункі аднавяскоўцаў, суседзяў, удзельнікаў малітоўных груп вядуць да поспеху ў гэтай справе, хуткай і добрай арганізацыі месц для начлегу пілігрымаў.

Трэба падкрэсліць і тое, што такая сумесная праца вернікаў патрэбна не толькі для карысці пілігрымаў, яна патрэбна таксама і для карысці саміх свецкіх вернікаў. Сёлета, перажыўшы час пандэміі канаравірусу, жыхары вёсак дзякавалі за магчымасць сабрацца і памаліцца разам з намі. Старэйшым жыхарам вёсак  было вельмі прыемна бачыць  маладых людзей, якія праз удзел у пілігрымцы даюць сведчанне веры. Такі кароткі па часу наплыў  сотні маладых вернікаў ў вёску, сваім спевам і гоманам ажыўляў яе,  даваў магчымасць старэйшым люзям панастальгіраваць і прыпомніць сваё дзяцінства і маладосць. Са слязамі на вачах дзяліліся яны  ўспамінамі аб сваім   пілігрымаванні не толькі ў Тракелі, але таксама і ў недалёкія ад Іўя Дуды, і ў далейшую Вострую Браму ў Вільні.  

Хочацца дадаць і тое, што сама пілігрымка - гэта вялікая прастора для супольнай працы свецкіх. Вядома, за арганізацыю пілігрымкі нясе адказнасць духоўная асоба, але і ёй не магчыма поўнасцю прадумаць, пракатраліраваць усе працэсы: запіс удзельнікаў, падбор песен, арганізацыя абеда ці начлега, медыцынская дапамога. Менавіта тут неабходна праца, інтузіазм, фантазія і запал свецкага чалавека.

З сумам зазначаю,  што адсутнасць пешага пілігрымавання на працягу трох год прывяла да страты цэлага пакалення пілігрымаў. Вядома, што большая часта вернікаў, якія ідуць у пілігрымку, гэта школьная і студэнцкая моладзь, хуткая на пад’ём, ды і час канікул спрыяюць таму, што можна на некалькі дзён вырушыць да Маці Божай Тракельскай. Пандэмія не спыніла час, маладыя людзі атрымалі адукацыю, уладкаваліся  на працу, а некаторыя маюць ужо сям’ю, дзяцей і таму сабрацца ў пілігрымку стала складаней. У перадкавідны  час усё шло па ланцужку: кожны год у пілігрымку прыходзіў новы чалавек, на наступны год меў пэўны багаж вопыту і ведаў і мог усім гэтым падзяліцца з навічкамі. Сёлета ж атрымалася так, што большая частка пілігрымаў упершыню узяла ўдзел ў пілігрымцы. Адсутнасць цэлага пакалення пілігрымаў прывяло да страты многіх добрых традыцый, якія складаліся на працягу больш як 20-ці год “тракелянкі”. Але я ўпэўнены, што ў будучым ўсе яны будуць адноўлены  і, скажу больш,  з’явяцца сярод іх і новыя традыцыі.  Толькі трэба разумешь, што само ўсё гэта не  прыйдзе. Гэта таксама сумесны выклік як для пілігрымаў, так і да асоб свецкіх і духоўных .

Напрыканцы можна падкрэсліць, што добрым плёнам пілігрымавання становіцца не толькі супольная малітва, пачатак новых знаёмстваў ці ўмацаванне ўзаемаадносін, але таксама актыўная супольная праца вернікаў і духоўных асоб, а сёлета таксама і выяўленне новых праблем, якія прыйдзецца вырашаць разам, чаго і патрабуе Сінод Біскупаў.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews 

Раман Ярмош. Фота аўтара.

 

Читайте ещё:



Оставить комментарий