26 ліпеня, ва ўспамін Святых Яўхіма і Ганны, бацькоў Найсвяцейшай Марыі Панны, распавядаем пра культ Святой Ганны на тэрыторыі Іўеўскага дэканату. На працягу гісторыі каталіцтва на нашай іўеўскай зямлі постаць святой Ганны не была абдзелена увагай, а наадварот мела вялікую папулярнасць і пашану.
Вядома, што ўжо ў 1510 годзе вялікі князь літоўскі Сігізмунд І Стары падцвердзіў фундацыю драўлянага касцёла святой Ганны ў Ліпнішках.
Святыня знаходзілася на рыначнай плошчы мястэчка і праіснавала два стагоддзі, да 1739 года. У 1753 па фундацыі ліпнішскага старасты, генерала артылерыі Яна Салагуба ў мястэчку зноў паўстаў касцёл Святой Ганны, у якім змяшчаўся абраз Навучане Марыі. Пры касцёле працаваў шпіталь, які разам са святыняй быў знішчаны ў 1794 годзе. Праз чатыры гады на гэтым месцы вернікі ўстанавілі крыж. А ў 1830 годзе замест яго была ўзведзена мураваная дзвюхярусная прыдарожная капліца. Постаць Хрыста, які нясе крыж, і сёння сустракае і праваджае падарожнікаў. Ёсць звесткі, што на вежы ліпнішскага касцёла Святога Казіміра да 1917 года былі ўсталяваны чатыры званы, адзін з якіх меў назву “Святая Ганна”, але падчас Першай сусветнай вайны яны былі вывезены нямецкім войскам.
Капліца на месцы касцёла Св. Ганны. Ліпніші каля 1915
Культ святой Ганны ўшанованы і ў яшчэ адной парафіі нашага дэканату – касцёле Святых Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах. У адным з бакавых алтароў размешчаны абраз святой Ганны. Гэта сучасная выява. Першы абраз гэтай вялікай святой з’явіўся ў лаздунскім касцёле ў 1829 годзе. У гістарычных дакументах адзначана, што яго прывезлі з капліцы вёскі Янцэвічы. Вядома, што за год да ўзгаданай даты да Янцэвічскай капліцы перастаў прыязджаць святар. Акрамя гэтага святыня пачала служыць не толькі католікам, але і праваслаўным. Таму і было вырашана перавезці абраз ў Лаздуны. Капліца ж ў Янцавічах не захавалася да нашых дзён: разам з вёскай была знішчана падчас Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць у лаздунскім касцёле і ферэтрон (перанасны алтарык) з выявай Святой Ганны.
Няменш шанаваны культ святой Ганны і ў самым Іўі. Дзякуючы намаганням айцоў бернардынаў, якаія знаходзіліся ў Іўі да сярэдзіны XIX стагоддзя, існавала брацтва святой Ганны. Прыйшло яно ў парафію разам з айцамі ў XVII стагоддзі, развівалася і падтрымлівалася іх намаганнямі. Брацтва было заснавана ў Кракаве ў 1590 годзе. Яно ставіла сваёй мэтай абарону каталіцкай веры перад арыянамі і пратэстантамі. На нашай жа зямлі яно паўстала 24 студзеня 1632 года, калі ў Варшаве быў падпісаны дэкрэт аб ўстанаўленні ў Іўі брацтва святой Ганны. Першым ў яго быў запісаны сам Мікалай Кішка, уладальнік Іўя, фундатар кляштара. Гэта менавіта яго намаганнямі манахі-бернардынцы з’явіліся ў Іўі.
На працягу больш чым двух стагоддзяў брацтва святой Ганны пашыралася і развівалася: штогод да суполкі далучалася па 10-20 вернікаў, прычым гэта былі не толькі вернікі з Іўя, але і з іншых мясцін: біскуп Міхаіл Зянковіч, Ігнацый Агінскі з жонкай Аленай, біскуп Ігнацый Масальскі. Брацтва складалася з наступных пасад: сеньёраў, асістэнтаў, падскарбія, пісара, закрыстыяніна,візітатараў і візітатарак хворых, кантараў і іншых. Душпастырам быў адзін з айцоў бернардынаў. Брацтва мела ўласную пячатку і выдавала удзельнікам друкаваныя дыпломы.
Удзельнікі брацтва збіралася на малітву ў іўеўскай святыні ля бакавога алтара ў гонар святой Ганны, дзе быў размешчаны абраз “Навучанне Марыі”. Але трэба ўдакладніць, што абраз, які сёння знаходзіцца ў нашым касцёле датуецца 1894 годам. А той, першапачатковы, у пачатку мінулага стагоддзя быў перададзены ў капліцу што ў Урцішках, дзе захоўваецца і па сённяшні дзень.
Такім чынам, мы бачым, што культ святой Ганны распаўсюджаны на іўеўскай зямлі і мае глыбокія гістарычныя карані. На сённяшні дзень мы маем багатую матэрыяльную спадчыну, звязаную са святой. Але вельмі важна ўсведамляць, што толькі праз малітву да святой Ганны кожны з нас можа атрымаць Божыя ласкі, так неабходныя кожнаму з нас.
Абраз Навучанне Марыі ў капліцы ў вёсцы Урцішкі
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Раман Ярмош. Марына Пазняк.