За шматгадовую грамадскую дзейнасць па захаванні міжнацыянальнай і міжрэлігійнай згоды, значны ўклад у захаванне духоўных каштоўнасцей, актыўную грамадскую дзейнасць на карысць горада Іўе і Іўеўскага раёна званне “Ганаровы грамадзянін Іўеўскага раёна” прысвоена двум знакамітым землякам – сучаснаму беларускаму паэту, празаіку, грамадска-палітычнаму дзеячу Івану Карэнда і муфтію Мусульманскага релігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь Абу-Бекіру Шабановічу.
Пазнаёмім нашых чытачоў з гэтымі цікавымі і неардынарнымі асобамі ближэй.
Творы Івана Карэнды неаднаразова ўпрыгожвалі старонкі нашага выдання. Яны заўсёды знаходзілі водгук у душах і супрацоўнікаў "раёнкі", і радавога чытача. Таму што валодаюць крыштальнай чысцінёй і шчырасцю, таму што наскрозь пранізаны любоўю да роднага краю і людзей, якія яго насяляюць…
Родная вёска
Я вырас у вёсцы і вёску люблю,
Мне горад яе не заменіць ніколі.
Тут роднае слова я прагна лаўлю
І дыхаю свежым паветрам уволю.
І слухаць люблю, і люблю назіраць,
Як звоніць уранку ля студні вядзерца,
Як ноччу над вёскаю зоры гараць,
Пяшчотным цяплом саграваючы сэрца.
Люблю цішыню беласнежных палёў,
І соснаў у лесе чырвоныя шчокі,
І клёкат вітальны шчаслівых буслоў,
Якія вярнуліся з даляў далёкіх.
Люблю, як у небе пяюць жаўрукі, -
Іх слухаў бы вечна, стаіўшы дыханне,
А кветкавы водар улетку такі,
Што хмеліць душу, як пачатак кахання.
Калі ж надыходзіць грыбная пара,
То большай, напэўна, няма асалоды,
Як раніцай з кошыкам збегчы з двара
У царства грыбоў і лясной прахалоды.
Ты ў сэрцы заўсёды, з хвіліны радзін,
Мая незабыўная родная вёска! -
Як пошум бароў, па якіх я хадзіў,
Як нёманскіх хваляў адвечныя ўсплёскі.
Сёння мы яшчэ раз ладзім для нашых чытачоў сустрэчу з чалавекам, для якога Іўеўшчына – гэта не проста месца нараджэння, але і месца творчай сілы, падстава для гонару.
- Іван Арсеньевіч, усё пачынаецца ў дзяцінстве. Які першы дзіцячы ўспамін захаваўся да гэтых дзён?
- Мае першыя жыццёвыя крокі - крокі звычайнага сялянскага хлапчука з усімі ўласцівымі вясковаму маленству немудрагелістымі гульнямі-пацешкамі. Нарадзіўся я ў прынёманскай вёсцы Крывічы. Гэта быў пасляваенны час. Вяскоўцы яшчэ насілі ў сваіх сэрцах жахі той страшнай вайны, перажытыя пакуты фашысцкай акупацыі, боль па незваротных стратах родных і блізкіх, якія не вярнуліся з фронту, як і мой дзед Іван Мікалаевіч, які загінуў пад Кёнігсбергам 9 красавіка 1945 года, за месяц да Перамогі. А неўзабаве прыйшло яшчэ адно гора - летам 1951 года вёску амаль дашчэнту знішчыў пажар, які не абмінуў і нашу сям'ю. З наступнага года пачалося калгаснае жыццё. Менавіта гэтыя абставіны пакінулі найбольш прыкметны след у маёй дзіцячай душы, паўплывалі на мой далейшы лёс.
- У якім узросце напісалі свой першы верш і калі пачалося ўсвядомленае складанне?
- Першыя паэтычныя радкі выбеглі з душы ў дзевяцігадовым узросце. Гэта былі кароценькія вершы на тэмы вясковага побыту - пра сямейны канфлікт суседзяў, пра нашага ўчастковага міліцыянера. У 5-м класе мой верш з'явіўся ў школьнай насценгазеце. Тады нават асмеліўся паслаць адзін з вершаў у рэспубліканскую піянерскую газету, але ён не быў надрукаваны. У 10-м класе ўдзельнічаў са сваім вершам у раённым конкурсе вучнёўскай самадзейнасці. А першы больш-менш годны верш склаўся ў студэнцкія гады. Дэбютная газетная публікацыя пабачыла свет крыху пазней, на першым годзе настаўніцкай працы.
- Любоў да малой радзімы наскрозь пранізваюць вашу творчасць…
- Калі гаварыць пра мае вершаваныя творы, то, безумоўна, тэма малой радзімы гучыць у іх даволі часта. Зрэшты, і мае аповесці "Воплаўская госця" і "Двойчы грэшнік", некаторыя апавяданні напісаны на мясцовым матэрыяле. Многія прозвішчы і характары герояў гэтых твораў, тапанімічныя назвы - нявыдуманыя, рэальныя.
- Хто быў вашым нас-таўнікам? Наколькі моцна на творчасць уплываюць людзі, якія ідуць па жыццёвых сцяжынах побач?
- Мне пашанцавала ў жыцці на добрых і мудрых настаўнікаў. Усіх цяжка пералічыць. Назаву толькі дзве асобы: гэта мая любімая настаўніца, колішні дырэктар Крывіцкай васьмігадовай школы Галіна Іосіфаўна Жураўская, светлай памяці якой я прысвяціў паэму "Вочап", інстытуцкі выкладчык беларускай літаратуры, чалавек энцыклапедычных ведаў і высокай культуры Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч, зямное жыццё якога таксама скончылася.
- Якія самыя паказальныя старонкі ў біяграфіі?
- Мой жыццёвы шлях нічым асабліва адметным не вызначаецца. Працоўная дзейнасць - гэта і настаўніцкая праца, і журналістыка, і шматгадовая дзяржаўная служба, у тым ліку дыпламатычная. Літаратурная творчасць не была асноўным заняткам, а ішла паралельным курсам. Толькі цяпер, на пенсіі, я магу цалкам засяродзіцца на творчых праектах.
- Якая этычная адказнасць сёння ў пісьменніка, паэта, грамадскага дзеяча, настаўніка?
- Любая публічная дзейнасць творцы, грамадскага дзеяча, педагога заўсёды мусіць быць удумлівай і канструктыўнай, а ў наш неспакойны, трывожны час асабліва адказнай. Кожнае слова, кожная грамадская ініцыятыва павінны спрыяць кансалідацыі грамадства, пошуку эфектыўных шляхоў развіцця краіны ў сучасных умовах.
- Як новы дзень пачынаецца?
- Са слова... Новыя вершы часцей за ўсё выплываюць з душы нечакана і складваюцца хутка. Я стараюся запісаць іх, дзе б у гэты час ні знаходзіўся. З празаічнымі творамі інакш. Ад творчай задумкі да апошняй старонкі, да апошняй кропкі нярэдка праходзіць працяглы час, бывае, праца расцягваецца на месяцы, а то і гады.
- Сучасная моладзь знойдзе ў вашых творах адказы на надзённыя пытанні?
- Спадзяюся, што маё пісьменніцкае слова закранае, адлюстроўвае і тое, што хвалюе сёння нашу моладзь. Бо творчасць і рэчаіснасць не могуць існаваць паасобку - гэта для чалавека, у тым ліку маладога, повязь не матэрыяльная, а духоўная.
З маладых гадоў маім жыццёвым дэвізам сталі радкі паэта Алеся Разанава: "Калі ўсе згублены ключы, калі ні шанцу, анічога - усё ж ідзі, любі, крычы і пасягай на перамогу".
- Вам прысвоена званне "Ганаровы грамадзянін Іўеўскага раёна". Што адчуваеце з гэтай нагоды?
- Скажу шчыра: эмацыянальны фон майго жыцця набыў новыя прыемныя рысы. Магчыма, гэта будзе і добрым стымулам для творчага натхнення. Аднак і адчуванне адказнасці перад землякамі ўзнялося на самую высокую вяршыню. Цяпер мае думкі скіраваны на тое, каб апраўдаць гэтае ганаровае званне новымі важкімі грамадскімі справамі, новымі мастацкімі творамі.
- У жыцці кожнага чалавека найважнейшае месца займае сям'я…
- Мая сям'я пачала свой летапіс у 1975 годзе, 48 гадоў таму. З жонкай Аленай выгадавалі двух сыноў, цяпер дапамагаем гадаваць чатырох унукаў. Дарэчы, дзеці і ўнукі любяць праводзіць свой адпачынак і канікулы ў Крывічах.
- Якія творчыя планы на будучыню?
- У маім камп'ютары некалькі кніг паэзіі і прозы, у тым ліку для дзяцей, якія яшчэ не дайшлі да чытача, хочацца іх выдаць у бліжэйшыя гады. Вельмі карціць напісаць яшчэ аповесць для падлеткаў - задумцы гэтай ужо не адзін год. Маю спадзеў, што напішуцца яшчэ і многія новыя вершы.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Гутарыла Ірына ХАЛЯВА. Фота Станіслава Зянкевіча.