Касцёл на Беларусі мае багатую рэлігійную, духоўна-культурную і матэрыяльную спадчыну - марыйныя санктуарыі. Прычым заўважана, што Марыя выбірае сабе ціхія і спакойныя мястэчкі, вёсачкі.
Для вернікаў Іўеўшчыны месцамі пашаны да Маці Божай былі і застаюцца вядомыя ўсім Тракелі, Гудагай, Будслаў. Туды імкнуцца трапіць не толькі людзі мясцовыя, але і з усёй нашай краіны і, нават, з замежжа. Але ёсць на “зямлі Евы” і сваё месца пашаны Маці Божай - касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дудах. У галоўным алтары святыні змешчаны цудадзейны абраз Маці Божай Сакальскай з шматвекавой гісторыяй да яго як імкнуцца трапіць вернікі з усягонаваколля.
Як мястэчка, Дуды ўпершыню ўзгадваюцца ў пісьмовых крыніцах ў 1560 годзе. Тады ж узгадваецца і касцёл, размешчаны на местачковым рынку . У гады трыумфу Рэфармацыі ў другой палове 16 стагоддзя святыня служыла і іўеўскім парафіянам, бо Петрапаўлаўскі касцёл быў ператвораны ў арыянскі храм. Больш падрабязная інфармацыя аб самым касцёле датуецца 1670 годам: “невялікі, драўляны, з трыма алтарамі, у галоўным змешчаны абраз Маці Божай Сакальскай, аздоблены некалькімі вотамі”.
Невядома колькі яшчэ існавала гэтая святыня, але ў 1732 годзе плебан кс. Уладзіслаў Мацкевіч пабудаваў новы касцёл, таксама драўляны. У ім была тая ж колькасць алтароў: у галоўным – абраз Маці Божай Сакальскай, у бакавых – св.Юрыя і Маці Божай Чэнстахоўскай, аздоблены срэбнай каронай.
Сучасная ж святыня пабудавана ў 1772 годзе. Кансэкравана як касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Юзафата Кунцэвіча 26 верасня 1773 года біскупам Тамашам Зенковічам. Трэба адзначыць, што ў канцы 18 стагоддзя ў касцёле знаходзіліся каля дзвюх соцень вотаў. Ля абраза Маці Божай іх было 72. У 19 стагоддзі абраз быў аздоблены дзвюма срэбнымі каронамі.
Нараджэнне культа Маці Божай Дудскай адбылося дзякуючу служэнню бернардынаў у Іўі. Ад пачатку свайго існавання святыня ў Дудах была філіалам іўеўскай парафіі, таму гісторыя іўеўскай і дудскай парафіі звязана непарыўна. Прыйшоўшы на іўеўскую зямлю ў 1631 годзе, бернардыны таксама пачалі даяжджаць і ў Дуды.
Абраз Маці Божай Сакальскай з’яўляецца копіяй аднаіменнага абраза, напісанага таленавітым літоўскім мастаком Янам Венжыкам у 13 стагоддзі. Вядома, што мастак у выніку напружанай працы страціў зрок. Аднак змог здзейсніць падарожжа ў Чэнстахову і ля абраза Маці Божай папрасіць ласку выздараўлення. І адбыўся цуд – ён пачаў бачыць. Уражаны прыгажосцю Чорнай Мадоны, мастак вырашыў зрабіць спіс гэтага абраза. Аднак тварыць па памяці было цяжка, таму ён яшчэ двойчы наведаў Ясну Гуру. Калі вярнуўся дадому пасля другой пілігрымкі Якаў Венжык убачыў прыгожы воблік, ад якога зыходзіла святло. Ён пачуў голас, які загадаў аднесці абраз у касцёл горада Сакаль.
У 14 стагоддзі святыня была знішчана крымскімі татарамі. Аднак абраз цудам уцалеў. Яго змясцілі ў пабудаваную на тым жа месцы капліцу. У 17 стагоддзі замест яе пабудавалі манастыр і касцёл Бернардынаў. Адраз Маці Божай Сакальскай стаў чацвёртым абразом на польскай зямлі каранаваны папскімі каронамі. Тут абраз стаў славіцца сваімі цудамі.
На працягу ўсёй складанай гісторыі цудадзейнага абраза ім заўсёды апекаваліся манахі-бернардыны. Таму і не выпадкова тое, што менавіта яны і заклалі культ Маці Божай Сакальскай Дудскай тут, на івейскай зямлі.
Сёлетні фэст у Дудах працягнуў сваю традыцыю: прыйшлі пілігрымы, адбылася ўрачыстая Імша і эўхарыстычная працэсія. Мінулае і будучае гэтага фэсту залежыла і залежыць ад свецкіх вернікаў і духоўных асоб. Адныя амаль 500 год таму распачалі культ Маці Божай Дудскай, а другія падхапілі яго, плодам чаго стала марыйнае месца на іўеўскай зямлі.
Падрыхтавалі: Раман Ярмош і Марына Пазняк.
Фота: Сантоцкая Кацярына.