Іван Карэнда, паэт, празаік, грамадскі дзеяч, Ганаровы грамадзянін Іўеўскага раёна:
- 17 верасня ў беларускім календары - дзень асаблівы, знамянальны. Яму выпала стаць гістарычнай датай, датай нашага нацыянальнага гонару: менавіта 17 верасня 1939 года, дзякуючы вызваленчаму паходу Чырвонай арміі, беларусы аб'ядналіся ў адзіную народную сям'ю. Па сутнасці, тым самым завяршылася фарміраванне беларускай нацыі.
Невыпадкова на тэрыторыі Беларусі гэтая дата знайшла адлюстраванне ў больш як 160 назвах плошчаў і вуліц у населеных пунктах. Асабліва многа такіх найменняў у Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцях. Ёсць вуліца 17 верасня і ў горадзе Іўе.
Вялікае значэнне свята найперш у тым, што яно садзейнічае кансалідацыі беларускага грамадства, выхаванню ў нашых сучаснікаў, асабліва ў моладзі, павагі да айчыннай гісторыі, да здзяйсненняў нашых папярэднікаў.
Беларусь атрымала і годна скарыстала свой шанц будаваць новую дзяржаву на аснове народнага адзінства.
Асабіста для мяне 17 верасня - двойчы свята: гэта і мой дзень нараджэння. Праз 11 гадоў пасля ўз'яднання Заходняй і Усходняй Беларусі я ўбачыў свет у вёсцы Крывічы. І ўдзячны лёсу за тое, што дажыў да шчаслівага часу, калі гэты дзень стаў святам народнага адзінства для ўсіх жыхароў Беларусі.
На прыкладзе лёсу маіх аднавяскоўцаў і маіх аднакласнікаў магу з упэўненасцю сказаць: дзень 17 верасня стаў важнай вехай на іх жыццёвай дарозе, даў магчымасць бясплатна атрымаць добрую адукацыю, рэалізаваць сябе ў той сферы прафесійнай дзейнасці, якую яны выбралі.
З Днём народнага адзінства, паважаныя землякі! Поспехаў вам у мірнай, стваральнай працы на карысць любай Беларусі! Добрага здароўя, сямейнага дабрабыту і шчасця!
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews