…У снежні Палінка роўным почыркам на акуратна разгалінаваным аркушы насісала: “Паважаны Дзядуля Мароз! Я добра сябе паводзіла ў гэтым годзе: старанна, на адны “дзявяткі” і “дзясяткі”, вучылася, слухалася бацькоў, удзельнічала ў спаборніцтвах і час ад часу нават перамагала. Не мог бы ты палажыць мне сёлета пад ёлачку…” І далей ішоў спіс жаданых падарункаў – з арцікуламі і назвай інтэрнэт-магаіна, дзе ўсё гэта можна купіць.
Усё дзяўчынка зрабіла правільна. Аднаго не ўлічыла: напярэдадні Новага года той інтэрнэт-магазін аказаўся перагружаным: мусіць, не толькі яе персанальны Дзед Мароз карыстаўся яго паслугамі. І жаданыя падарункі абяцалі прывезці толькі праз некалькі дзён пасля Новага года.
– Ну якая табе розніца – у Новы год ты атрымаеш тыя навушнікі ці пасля яго, – суцяшала засмучаную дачку маці. –Ты ж не маленькая ўжо, патрываеш…
Так, Палінка не маленькая і ўсё разумее. Але ж…
Калі маці стала збіраць рэшткі каляднага стала, каб аднесці занёмай, якая трымае свіней – не прападаць жа дабру! – дзяўчынка ўздыхнула:
– Ну вось… Нават у свіней будзе Новы год… Толькі я ў свята застануся без падарунка…
Гэтага ўжо тата – яе персанальны Дзед Мароз – вытрымаць не мог. Моўчкі ўсунуўшы ногі ў боты і ўскінуўшы на плечы куртку, ён кінуўся на вуліцу ў пошуках адчыненых магазінаў, дзе можна было б купіць хоць нешта з даччынага спіса.
І Новы год у Палінкі быў, як і ва ўсіх: з падарункамі і здзейсненымі цудамі.
А вы кажаце: не бывае…
Тамара РАБІНКІНА.