Вядома, што гісторыя кожнага горада пачынаецца з яго першага згадвання ў пісьмовых крыніцах. Так, да прыкладу, "афіцыйная" гісторыя горада Полацка пачынаецца з 862 года, Турава - з 980 года, Мінска - з 1067 года, Навагрудка - з 1044 года, Гродна - з 1128 года.
Але, як правіла, на самой справе практычна ўсе гарады намнога "старэйшыя".
Гэта пацвярджаецца археалагічнымі даследаваннямі. Па іх выніках, гісторыя многіх беларускіх гарадоў вядзе свой адлік яшчэ са старажытных часоў.
У 2014 годзе наш раённы цэнтр святкаваў сваё 570-годзе. Практычна адразу пасля правядзення свята, у газеце "СБ. Беларусь сегодня", з'явіўся артыкул журналіста Віктара Корбута, у якім беларускі гісторык Алег Ліцкевіч зазначаў, што гісторыя некаторых населеных пунктаў Гродзеншчыны, у тым ліку і Іўя, можа быць больш старажытнай. Такую выснову даследчык зрабіў на аснове вывучэння розных пісьмовых крыніц, адной з якіх з'яўляецца "Der Littauischen Wegeberichte".
Так званае "DerLittauischen-Wegeberichte" ("Апісанне літоўскіх дарог") уяўляе сабою дарожны даведнік, які вёўся ў канцылярыі вялікага магістра Тэўтонскага ордэна ў канцы XIV - пачатку XV ст. у ваенных мэтах. Апісанні шляхоў, якія заносіліся ў даведнік, ахопліваюць перыяд з 1384 па 1402 г. і грунтуюцца на звестках, атрыманых ад праваднікоў, гандляроў, палонных, а таксама рыцараў, якія ўдзельнічалі ў паходах на землі Вялікага Княства Літоўскага. Некаторыя шляхі, верагодна, дакладна адпавядаюць маршрутам паходаў войскаў Тэўтонскага ордэна. Сам рукапіс знаходзіцца цяпер у Берліне, а ў 1863 годзе яго тэкст быў надрукаваны нямецкім гісторыкам Тэадорам Гіршам у кнізе "Scriptoresrerum Prus-sicarum".
Найбольшую цікавасць уяўляе шлях 91 з Гародні (сучасны горад Гродна) на Крэва (Гродзенская вобласць, Смаргонскі раён) і назад. У яго апі-санні ўзгадваюцца населеныя пункты Іўеўскага раёна: Ліпнішкі, Трабы і Іўе.
Прапаную ўвазе чытачоў апісанне дадзенага шляху (са скарачэннямі). Пераклад на беларускую мову і каментарыі зроблены Алегам Ліцкевічам, поўная версія матэрыялу змешчана ў часопісе "ARCHE" (№ 11, 2014 год).
Шлях 91. З Гародні на Крэва і назад. Гэтым шляхам намерваўся правесці Ёрген з комтурства Балгі.
Ад Гародні 3 мілі (1 пруская міля - 7,5 км) да ракі Пыранкі (Peyra), дзе трэба пабудаваць мост даўжынёй паўтары руты (1 пруская рута - 3,76 м). Адтуль 3,5 мілі дарогі да вялікакняжацкага двара Астрына (Ostrynne), на шляху мноства невялікіх рэчак, якія, аднак, не ўяўляюць сабой сур'ёзнай перашкоды. Адтуль да Васілішак 3 мілі праз дрымучы лес, небяспечных рэк на шляху няма.
Ад Васілішак да ракі Дзітва 3 мілі. Перад ракой забалочаная мясцовасць, і калі рака ўзімку не замерзне, то трэба будаваць мост даўжынёй 5 шнураў (1 шнур (10 рут) - 37,6 м.).
Ад згаданай ракі да Ліды 2 мілі, на шляху няма небяспечных лясоў альбо рэк. Ад Ліды 3 мілі да ракі Жыжма, дзе трэба будаваць мост даўжынёй 2 руты.
Ад ракі Жыжма да Ліпнішак (Lypenisken; цяпер вёска Ліпнішкі Іўеўскага раёна) паўтары мілі, ніякіх небяспечных лясоў альбо рэк няма. Адтуль да Трабаў 3 мілі, таксама без сур'ёзных перашкод. Ад Трабаў да Крэва 3 мілі.
Зваротны шлях з Крэва да Гародні крыжакі праклалі з такім разлікам, каб не праходзіць па тых разрабаваных мясцовасцях, дзе яны ўжо былі. Ад Крэва 3 мілі да Гальшанаў, якія належылі гальшанскаму князю Андрэю Іванавічу (GoltschenAndruskenhoff). Адтуль 3 мілі да Іўя (Ywie), якое належыла князю Андрэю Іванавічу. Ад Іўя 4 мілі да вялікакняжацкага двара Дзяляцічы (Dolletitsch; цяпер вёска Дзяляцічы Навагрудскага раёна) у Новагародскай зямлі (landeczu-Nowgarthen). Адтуль 4 мілі да Новагародка (Nowgarten).
Ад Новагародка 3 мілі да Зблянаў (Selbe; цяпер вёска Збляны Лідскага раёна).
Ад Зблянаў 3 мілі да ракі Лебяды (Lebede), праз раку трэба навесці мост даўжынёй 2 руты. Адтуль 3 мілі да сяла Руцічы (Rutitsch), якое не ўдалося дакладна лакалізаваць. Ад Руцічаў 3 мілі да Пыры (Peyra; цяпер вёска Пыра Гродзенскага раёна). Нарэшце, ад Пыры 3 мілі да Гародні (Garthen).
Што датычыцца даціроўкі шляху, то на думку Алега Ліцкевіча, найбольш верагоднай датай, калі было зроблена апісанне дадзенага шляху, можна лічыць 1394 год.
У якасці пацвярджэння гэтай даты даследчык прыводзіць наступныя факты.
Шлях не мог быць запісаны раней жніўня 1392 года, паколькі ў ім некаторыя населеныя пункты (Астрына і Дзяляцічы) названы як "вялікакняжацкія двары" (koningeshoff), г.зн. што яны належылі вялікаму князю літоўскаму, пасаду якога у той час, пасля заключэння Востраўскага пагаднення ( 4 жніўня 1392 года), займаў Вітаўт.
Акрамя таго, Гальшаны, як і Іўе, названы "Andruskenhoff", што азначае іх прыналежнасць да ўладанняў князя Андрэя Іванавіча, які з'яўляўся сынам Івана Альгімонтавіча Гальшанскага. Вядома, што Іван Альгімонтавіч у 90-х гг. XIV в. атрымаў ад Вітаўта Глускую воласць, а пасля студзеня 1395 года стаў намеснікам ў Кіеве, пагэтаму гаспадаром у Гальшанах мог заставацца яго старэйшы сын Андрэй Іванавіч, якога па маладосці яшчэ называлі "Андрушкам", што і пазначана ў "Апісанні літоўскіх дарог".
Вырашальным момантам для вызначэння даты шляху з'яўляецца той факт, што пасля 1392 года зафіксаваны толькі адзін буйны паход крыжаносцаў праз Гродна на Ліду і Навагрудак. Ён адбыўся ў студзені ці лютым 1394 года, і яго апісанне прыводзіцца ў нямецкіх хроніках.
З вышэй прыведзеных фактаў можна зрабіць наступную выснову: апісанне шляху адносіцца да 1394 года, адпаведна, гэты год і можа быць датай першага ўзгадвання Іўя ў пісьмовых крыніцах.
У артыкуле выкарыстаны матэрыялы працы Алега Ліцкевіча "Гародня і Гарадзенскі рэгіён у другой палове ХІІІ-XIV ст. Сухапутныя і водныя камунікацыі, населеныя пункты, этнаканфесійны склад і міграцыі насель-ніцтва".
А. Ваўчок,
настаўнік гісторыі
Лелюкінскага дзіцячага сада-сярэдняй школы.
Аўтар выказвае падзяку Алегу Ліцкевічу за атрыманую кансультацыю пры падрыхтоўкі матэрыялу.