І зноў ваенкамат стаў месцам сустрэчы абсалютна незнаёмых людзей. Не трэба нават пытацца ў іх, што здарылася і каго яны так рана тут чакаюць. Усё ж і так ясна - сваіх сыноў. Дарослых, самастойных, сур'ёзных юнакоў, якія стаяць на парозе новых выпрабаванняў. Хвалююцца? Несумненна, але не прыстала сваіх пачуццяў паказваць без пяці хвілін салдату, таму і ўсміхаюцца матулі ды бацькі, каб трохі іх супакоіць. Але мацярынскае сэрца стаіць на сваім: то дае волю слязам, то трывогу выпускае наверх. І зразумела, бо не кожны дзень выпраўляеш свайго любімага хлопчыка ў армію.
Акрамя родных праводзіць прызыўнікоў і сказаць добрыя на дарогу словы прыйшлі старшыня РА ГА "Беларускі саюз афіцэраў" М. Параскевіч і старшыня РА ГА "Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане" С. Станілка. У свой адрас ад іх юнакі прынялі шчырыя пажаданні на годную службу.
Пяць хвілін на развітанне - і ў калону па два. Кожны, хто садзіўся ў аўтобус, разумеў, што з гэтага моманту наступае новы этап у жыцці. Там за акном застаецца ціхамірная юнацтва, якое з кожнай мамінай слязінкі сыходзіць незваротна, а наперадзе чакаюць новыя выпрабаванні, якія трэба прайсці з годнасцю.
А. ШЫМКО.
Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.