Чалавеку заўсёды хочацца ведаць больш, чым ён ведае. Кожны імкнецца ўзбагаціць свой кругагляд, атрымаць уражанні, даведацца, як жывуць людзі ў іншых краінах, атрымаць веды пра жыццё святых.
Нам, парафіянам касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі, пашчасціла стаць удзельнікамі цудоўнага падарожжа па краінах Прыбалтыкі і Скандынавіі, ініцыятарам якога быў ксёндз Ян Гавецкі.
Ксёндз Ян зацікавіў нас жыццёвым шляхам святой Брыгіты Швецкай, якая была кананізавана ў 1391 годзе. У 1999 годзе Папа Іаан Павел ІІ аб'явіў святую Брыгіту Швецкую апякункай Еўропы. Святая Брыгіта была прарочыца, візіянерка, манахіня, заснавальніца ордэна, якая шмат зрабіла для свету і духоўнага асветніцтва. Такая асоба не могла не зацікавіць нас, і мы адправіліся на радзіму святой Брыгіты Швецкай і не толькі...
Першым нашым прыпынкам быў горад Рыга. Рыга ветліва сустрэла нас промнямі ранішняга сонца. Знаёмства з горадам пачалося з наведвання касцёла Святой Маці Божай Балеснай, дзе мы ўсе сталі ўдзельнікамі святой імшы. Затым цудоўная экскурсія па старой Рызе, знаёмства з архітэктурай сённяшняга дня.
З Рыгі, на круізным караблі "Рамантыка", мы адправіліся ў краіны Скандынавіі, пераплыўшы Балтыйскае мора.
Надвор'е у Нарвегіі выдалася сонечным, надзвычай цёплым. Мы змаглі ўбачыць славутасці сталіцы Нарвегіі Осла, паўдзельнічаць у святой імшы ў незвычайным для нас касцеле, пабудаваным у сучасным стылі.
Падымаючыся ў горы, мы змаглі палюбавацца прыгажосцю вясенняй прыроды, праз некаторы час мы завіталі ў госці да зімы, змаглі пагуляць у снежкі. Затым на караблі плылі па Нарвежскіх фіёрдах.
Фіёрды - гэта звілістыя марскія залівы, абступленыя велічнымі гарамі. Аб фіёрдах цяжка расказаць, іх трэба ўбачыць. Хацелася яшчэ і яшчэ любавацца гэтай незвычайнай прыгажосцю, але час ляцеў хутка, і мы, пакінуўшы Нарвегію, адправіліся ў Швецыю.
Стакгольм сустрэў нават не вясновым надвор'ем, а летнім. Наш гід Андрэй, безумоўна, чалавек шырокай эрудыцыі, пазнаёміў нас з гісторыяй, архітэктурай Стакгольма, павадзіў па вуліцах сталіцы, расказваючы цікавыя гісторыі і легенды. Мы убачылі, як жывуць шведы, пабывалі ў школе, дзіцячым садку і адчулі атмасферу іх жыцця. Прыемнай нечаканасцю было наведванне каралеўскага палаца Карла XVI Густава , дзе турыстам дазволена гуляць па яго лесвіцах і пакоях, нават пасядзець на троне караля. Сам кароль працуе ў гэтым жа палацы. Гуляючы па алеі, дзе цвіце сакура, адчувалі дакрананне пялёсткаў гэтага прыгожага, незвычайнага, адцвітаючага дрэва. У каплічцы Божай Міласэрнасці нас сустрэлі як сваіх, як родных, тут мы адчулі еднасць вернікаў усяго свету.
І зноў наш цудоўны карабель "Рамантыка" наблізіў нас да Радзімы. Вільнюс стаў завяршальным горадам у нашым падарожжы. Нам было за што дзякаваць Маці Божай Астрабрамскай, дзе пры абразе была праведзена імша.
Вось такім узбагачаючым, запамінальным, цікавым, незвычайным, духоўным і не толькі было наша падарожжа. Дзякуем арганізатару ксяндзу Яну Гавецкаму.
Удзельнікі падарожжа.