Аднак пачыналі працаваць шпіталі і школы, адчынялі дзверы кінатэатры, прымалі студэнтаў вышэйшыя навучальныя ўстановы. І разам з гэтым у Мінск і Маскву ішла іншая інфармацыя пад грыфам “сакрэтна” – пра надзвычай складаную абстаноўку ў рэгіёне, пра шматлікія банды, пра ўзброеныя напады нават днём на прадстаўнікоў улады і актывістаў. Здараліся нават дыверсіі на чыгунцы. Збіраючы матэрыялы па гісторыі роднага краю тых часоў, я перыядычна сутыкаўся з такога кшталту дакументамі. У 1944-м, 45-м і 46-м гадах надзвычайныя здарэнні на Гродзеншчыне адбываліся фактычна кожны дзень. А ў адпаведных дакументах фіксавалася ўсё – нават дробязныя і нязначныя (на наш сённяшні погляд) выпадкі. Вось своеасаблівая хроніка таго трывожнага часу.
“Спецданясенне. 17 верасня 1944 года на захад ад вёскі Малі Астравецкага раёна быў заўважаны асобны дом. Яфрэйтару Каралю і яфрэйтару Сосіну было загадана правесці праверку збудавання. Узбіраючыся па лесвіцы на паддашак, яфпэйтар Кароль не ўтрымаўся і зваліўся. Падаючы, ён зрабіў выпадковы стрэл з аўтамата і такім чынам параніў сабе нагу”.
Сам жа дом аказаўся бязлюдным. А вось яшчэ адзін дакумент:
“Спецданясенне. Пры правядзенні аперацыі непадалёку ад мястэчка Юрацішкі 10 лютага 1945 года на ўскрайку лесу байцы 136-га стралковага палка УВ НКУС сутыкнуліся з бандгрупай колькасцю прыкладна 10-12 чалавек. Бандыты адкрылі агонь з аўтаматаў і кулямётаў. У выніку перастрэлкі загінулі чырвонаармейцы Іван Булгак і Мікалай Кандраценя”.
Дадам, што гэтыя байцы былі родам з Мінскай вобласці і абодва раней ваявалі ў партызанскім атрадзе. Гартаем паперы далей. Яшчэ адно спецданясенне:
“Вечарам 20 лістапада 1946 года стрэлам праз вакно забіты старшыня Ліпнішкаўскага сельсавета Павел Мудракоў. Прымаюцца адпаведныя меры адносна пошуку злачынцы”.
Павел Мудракоў, родам з Багушоўскага раёна Віцебскай вобласці, прайшоў амаль праз усю Вялікую Айчынную, быў зенітчыкам, ваяваў пад Сталінградам. У 1943 г. яго ўзнагародзілі медалём “За баявыя заслугі” – за тое, што наладзіў бесперабойны падвоз на баявыя пазіцыі паліва і боепрыпасаў.
А вось гэты трагічны выпадак адбыўся ў вёсцы Крывічы Іўеўскага раёна ў канцы жніўня 1945 г. Днём туды ўвайшла група байцоў унутраных войскаў НКУС на чале з лейтэнантам Жалезным. А вечарам гэты ж населены пункт наведала бандгрупа. У выніку быў забіты яфрэйтар Фёдар Быкаў. З Іўя тэрмінова выклікалі дапамогу, аднак прачосванне мясцовасці станоўчых вынікаў не прынесла.
Як ні дзіўна, вельмі частымі ў той час былі дарожныя здарэнні. Напрыклад, 6 ліпеня 1945 г. з Іўя ў Мінск была накіравана машына за прадуктамі для мясцовага гарнізона. Не паспеў грузавы ЗІС праехаць некалькі кіламетраў ад мястэчка, як адбылося лабавое сутыкненне з больш моцным “Студэбекерам”. У выніку ДТЗ загінуў вадзіцель ЗІСа чырвонаармеец Мікалай Забара (яго пахавалі ў Іўі). Пазней высветлілася, што віноўнік аварыі інжэнер-маёр Сіроткін увогуле не меў вадзіцельскага пасведчання.
Не магу не расказаць тут пра здарэнне, якое адбылося 18 кастрычніка 1945 г. У той восеньскі дзень у раёне станцыі Гаўя збег ад інструктара пошукавы сабака па мянушцы “Байкал”. Вось быццам бы і дрэсіраваны, аднак паклікала прырода – і сябар чалавека імгненна кінуўся насустрач прыгодам. Увогуле, прадстаўнікі жывёльнага свету таксама ўдзельнічалі ў тых падзеях дзе-нідзе нараўне з чалавекам. Так, летам 1945 г., у Ашмянскім раёне аўтаматная чарга з лесу забіла двух коней, а коннікі засталіся жывымі…
І ў канцы хачу дадаць, што мая аповесць “Канвой”, якая друкавалася на старонках “ІК” у 2014 г. і дзеянне ў якой адбываецца ў 1945 г. у нашых мясцінах, цалкам пабудавана на дакументальных пасведчаннях і, як мне падаецца, яскрава перадае напружаную атмасферу таго трывожнага часу.
Ю. КАМЯГІН.