Вершы з новага зборніка "Безбярэжжа"
"Люблю!.."
На кожным кроку чую.
Прыемна, нават акрыляе.
Але… Адным-адзін варкую.
Каб сэрцу ўспалымнець,
Іскрынка - ўсё не тая…
Ў душы жыве цудоўны, рамантычны вечар -
Далёкі майскі: зарападу блікі,
Вяночкам рук абхопленыя плечы…
І не гучыць "люблю" -
Ні шэптам і ні з рокатам,
Ды трапятліваю істотай адчуваю:
Мне - як шаўкапраду тутаваму
Ў кокане - лагодна, ўтульна, я ў душы спяваю…
Абое мы - нібыта тонкая былінка,
І на дваіх нас - Усясвет наўкола…
Вось тая, дарагая мне хвілінка
Ў ва мне не гасне. Аніколі…
Шчэ верас не адцвіў...
Змрачнае неба…
Сонцу - не прабіцца…
Шчэ верас не адцвіў, а восені - вянец?
Мароз. Сцяжынкі усхадзіліся кружыцца,
Сцяжынка да цябе - бялець…
Маркотна абсалютна…
Дзівосная плюхота
Агортвае зялёны ў бель прасцяг.
Паманіш да сябе - на снезе першым,
Што ў восені ў гасцях,
Мой след адзначыцца магутна…
Светла, мёдна…
Вось і май бушуе ў нашых душах!
Ў думках я - дзе ты, а ты - дзе я …
Светла, мёдна… Вельмі міла слухаць
Ад любові п'янага ў садзе салаўя…
Ў нас любоў таксама казачна зардзела
Фарбамі світанку над жыцця ракой,
Падаецца: ўся Зямля запела
З гэтае падзеі - простай і святой…
З сэрца ў сэрца хай крыляюць тайны
Самыя таемныя - не даюць нам звяць!..
Дні, гады старэчыя - не пара адчайная,
Маладым душой быць - нам не прывыкаць.
Да гэтага аўтар выпусціў зборнік аповесцяў, апавяданняў і нататкаў "Пакуль сонейка заззяе…". А папярэднічаў яму зборнік вершаў "Лятуць восені, зімы, як і вёсны і леты…". Іх паэт і празаік таксама прывозіў іўяўчанам для знаёмства і ў падарунак. З усімі творамі аўтара можна пазнаёміцца ў бібліятэцы.
Антон Сямёнавіч друкаваўся ў цэлым шэрагу калектыўных зборнікаў "Галасы" (2002), "Іўеўшчына літаратурная" (2014), "У прыгаршчах Айчыны" (2015), "Пяшчота верасу" (2016), а таксама ў вялікай колькасці перыядычных выданнях, на літаратурных сайтах. На Мінскім трактарным заводзе яго рыфмоўкі гучалі ў флэшмобу "Беларусь мая".
Супрацоўнікі бібліятэкі Раіса Майсеенкава і Таццяна Козел, прадстаўляючы чытачам творчасць А. Піліпчыка, адзначалі, што яго творы напоўнены вялікай і неабдымнай любоўю да радзімы, у прыватнасці, да Іўеўшчыны, дзе ён пражыў трыццать шэсць гадоў (ураджэнец Шчучыншчыны, цяпер жыве ў г. п. Бярозаўка Лідскага раёна). Нездарма вершаваныя радкі аўтарства нашага калегі часта гучаць і на вялікіх раённых святах, і на маленькіх літаратурных імпрэзах.
"О, бацюхна-Нёман!.. З маленства чаруеш красой непаўторнай сэрца маё. То коціш ты вольна, то ў скрусе віруеш між пушчаў дрымучых, жытнёвых палёў…".
А. Піліпчык працаваў намеснікам галоўнага рэдактара, загадчыкам аддзела сельскага жыцця газеты "Іўеўскі край". Гаворыць, што ўсё жыццё - дзеля некалькіх радкоў у газеце. Затым пайшоў на заслужаны адпачынак. Аднак, мяркую, у творчых людзей адпачынку не бывае. Яны заўсёды ў пошуку, заўсёды на перадавой. "Жыву, як і раней было, калі працаваў у рэдакцыях: ні дня без радка", - гаворыць суразмоўца. Пра сваё пенсіянерства Антон Сямёнавіч піша з прысутнай толькі яму асаблівай іроніяй:
“Вольны птах я цяпер… На работу - не трэба, не густы, ды ўсё ж маю рубель…- не сяджу без вады, не без хлеба!..".
Паэтам можна стаць ці трэба нарадзіцца?
- Кожны можа быць складальнікам вершаў, - мяркуе паэт. - Аднак для гэтага павінны быць грунтоўныя веды не толькі ў літаратурнай дзейнасці, але і ўвогуле. А яшчэ - уменне бачыць незвычайнае ў звычайным, адчуваць душой і сэрцам падзеі і ўмела рэагаваць на іх.
А мне здаецца, калі першым могуць авалодаць усе, то другое - талент, якім адорваюцца адзінкі. Пра такіх кажуць: "Іх Бог пагладзіў па галаве".
Між іншым, наш калега пачаў пісаць вершы яшчэ ў пяцігадовым узросце, калі нават і ведаць не ведаў пра тыя рыфмы і рытм. Яго першы твор быў пра камічны вясковы выпадак, які абмяркоўвала ўсё наваколле. А ў хлопчыка Антона пераказаць яго атрымалася ў рыфмаванай форме. Хутка верш-гумарэска абляцеў усю вёску. Так наш герой упершыню адчуў на сябе ўсе пабочныя эфекты славы. Калі сур'ёзна, то ўпершыню верш "Беларусі" А. Піліпчыка быў надрукаваны ў шчучынскай "раёнцы", калі ён быў васьмікласнікам. "З першым лагодным матуліным словам, з ласкай, пяшчотай мазолістых рук, з зыркім жаданым сонцам вясновым, з песняй натхнёнай, што дорыць жаўрук, з гоманам родных палёў і разлогаў, з плёскатам ціхім сінеючых рэк - ты ў маё сэрца ўвайшла назаўсёды любай і самай найлепшай навек!".
Сапраўдную і моцную любоў да роднай мовы і літаратуры, да творчасці абудзіла ў тады яшчэ юнака настаўніца Марыя Сіланцьеўна Шаўчонак (цяпер вядомы паэт). Яна адразу заўважыла ў нашым героі задаткі будучага паэта. Пагэтаму і адправіла яго верш спачатку ў насценгазету школы, а затым ў "раёнку".
Пазней Антон Сямёнавіч стаў сам пісаць вершы, артыкулы і дасылаць ў раённую газету, скончыў школу рабселькораў. Аднак гаворыць, што звязваць сваё далейшае жыццё з журналістыкай не планаваў. Таму паступаў спачатку на настаўніка фізікі і матэматыкі, а калі першая спроба не ўдалася, вырашыў яшчэ адзін год падрыхтавацца і дабіцца пастаўленай мэты. Зрэшты, яго планам збыцца не ўдалося. Аб гэтым цяпер ён, вядома, не шкадуе. Бо яго жыццём і прызваннем стала журналістыка. Галоўны рэдактар шчучынскай газеты паклікаў юнака працаваць на адказнай пасадзе карэспандэнта аддзела сельгасжыцця практычна адразу са школьнай парты і не памыліўся, бо за ўсякую даручаную справу Антон Піліпчык браўся адказна, грунтоўна, з прысутнай толькі яму манерай дзелавітасці і якаснасці, і гэта пранёс праз усё жыццё. Нам, калегам, гэта відавочна.
Затым было паступленне на журфак БДУ, потым - служба ў арміі, работа ў астравецкай "раёнцы" і затым іўеўскай. І на працягу ўсяго жыцця нашага калегу суправаджала прага да літаратурнай дзейнасці.
Зборнік аповесцяў, апавяданняў і нататкаў "Пакуль сонейка ззяе..", з якім усе жадаючыя могуць пазнаёміцца ў раённай бібліятэцы, складаецца з двух аповесцяў, дзевяці апавяданняў і аднаго нататка.
Асаблівай ўвагі, на мой погляд, заслугоўвае аповесць " У водблісках несуцішнага зарава…", дзе галоўны герой Іван Патапчык з'яўляецца прататыпам людзей ваеннага пакалення, якім удалося перажыць жах-лівае і страшнае. Дзея аповесці пачынаецца з дзён новай гісторыі нашай краіны. Просьба нечакана патэлефанаваўшага дырэктара навучальнай установы дапамагчы прыняць ад гуманітарыяў з Еўропы дабрачынную дапамогу, вярнула Івана ў віхуру калатнечы таго ваеннага часу, дзе ён расказвае пра перажытае.
Вайна не абышла і сям'ю аўтара. Ад рук фашыстаў моцна пацярпела першая жонка яго бацькі, а дзяцей уратавалі суседзі. Параненая, пакалечаная, яна трапіла ў партызанскі атрад, крыху акрыяла, але падарвалася ад узрыву гранаты.
Антон Сямёнавіч нарадзіўся ў мірны пасляваенны час. Аднак гэта былі першыя гады без вайны, якая прынесла столькі болю і горычы кожнай беларуская сям'і. Таму ў збіральным вобразе Івана Патапчыка многія бачаць сваіх продкаў, аб чым паведамляюць аўтару.
Паэт і празаік асаблівае месца ў сваёй творчасці адводзіць самаму найлепшаму і светламу пачуццю - каханню.
"То з'явішся, то знікнеш, то радасная, то ў журбе, то забалочваеш усё, то - ані пікнеш… Здагадваюся я, здаецца, патрэбна што табе… Я чулы да тваіх настрояў. Ў істоце ўсёй тваёй, як на струне, я адзвінеў, я адстарголіў, і час ужо рашучым стацца мне. Мне варта быць, мабыць, зачыніцца на затворы, і не тырчаць, чакаючы, ў вакне.. З вышынь, як і зляталі, злятаці будуць зоры, але ж - не на мажоры ні табе, ні мне…".
Антон Сямёнавіч у пастаянным творчым гарэнні. Аб гэтым сведчыць і тое, што да друку рыхтуецца новае яго тварэнне. Пакуль гэта невялікі сакрэт. Але відавочна, што з-пад алоўка аўтара выйдзе штосьці неардынарнае і цікавае. З гэтым ён абяцаў абавязкова падзяліцца з іўяўчанамі. Будзем з нецярпеннем чакаць новай сустрэчы і новай порцыі творчага зараду!
І. БУТУРЛЯ.
С. ЗЯНКЕВІЧ (фота).